Прыехаць на інтэрв’ю маёй гераіне, напэўна, было цяжка.  Агучыць  на вялікую публіку, што аступілася, і ў нейкі перыяд алкаголь стаў сэнсам жыцця, зможа не кожны. Згадзілася на сустрэчу, як сама кажа, каб засцерагчы тых маці, якім здаецца, што ўжываць спіртное можна кінуць  у любы момант, і падтрымаць прыкладам тых, хто ўжо не бачыць сваіх дзяцей з-за згубнай  звычкі і хоча знайсці ў сабе сілы змяніць лад жыцця. 

Кропка (не) вяртанняПасля заканчэння Капцэвіцкай сярэдняй школы Марыя Шаруба вырашыла пачаць самастойнае жыццё: працаўладкавалася, а ў хуткім часе сустрэла  мужчыну, як ёй здавалася, на ўсё жыццё.

– Пачынаўся мой шлях у прорву, здавалася б, з бяскрыўднага  келіха віна ці піва, а закончыўся тым, што клопат пра адзіную дачку ўзяла на сябе дзяржава, – пачала свой сумны аповед жанчына. – Выпіваць пачала з сужыцелем.  Неяк незаўважна спіртное стала  абавязковым атрыбутам не толькі на святы, але і ў будні. Напоі вы-біраліся мацнейшыя, доза большала. Не спыніла мяне ад злоўжывання і нараджэнне дачушкі  Дар’і.

Пра той перыяд жыцця Марыя  ўспамінае з горыччу. З бацькам свайго дзіцяці разышлася і сустрэла свайго будучага мужа. Абое працавалі, былі поўныя сіл і энергіі, мелі  задумкі на перспектыву, але не знікла з жыцця спіртное.
–  Муж маю Дашу прыняў як родную дачку. Усё ў нас было – жыллё, праца, маладосць, ды толькі забірала гарэлка сумленне, пачуццё адказнасці за дзіця. Захопленыя гэтай страшнай згубай, падманным задавальненнем, мы не заўважалі, што адчувае наша Даша. П’янкі, сваркі, гулянкі – здавалася, гэта тое, што трэба. У гэтым жаху жыла мая дачушка, – працягвае суразмоўца. – У доме, калі піла, магла не прыбірацца, дзіця было прадстаўлена само сабе. Пасля наведвання структур прафілактыкі наша сям’я была прызнана сацыяльна небяспечнай. І не дзіўна. Слухаць я тады нікога не хацела: ні камісію па справах непаўналетніх, ні школу, ні свой розум.

У 2017 годзе дачку Марыі прызналі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забралі ў райцэнтр у прыёмную сям’ю. Больш за паўгода з падуліковай сям’ёй працавалі зацікаўленыя службы. Штомесяц наведвалі, аказвалі дапамогу і ўсяляк спрабавалі накіраваць на правільны шлях. Але дарослыя па-ранейшаму выпівалі. Па словах гераіні, піла, каб “заглушыць” боль ад таго,  што не бачыць дзіця, і ад згрызот сумлення, што дала жыццё дзіцяці, але зрабіла яго няшчасным.

–  У 2020 годзе сказала сабе: хопіць, што я раблю, няўжо “зялёны змей” настолькі  скалечыў маю душу, парабаціў цела, што я не змагу стаць паўнавартасным чалавекам? Надумалася сама: што б там не стала –  вярну дачку і будзе ў мяне шчаслівая сям’я, – успамінае землячка. – Звярнулася за дапамогай да Наталлі Ходзька, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх, да Алены Гапонавай, спецыяліста аддзела адукацыі, якія расказалі мне, што паэтапна трэба рабіць, каб вярнуць Дашу. У мяне з’явілася надзея і яшчэ большае жаданне перамагчы сітуацыю. Паехала да нарколага нашай раённай бальніцы Алены Сапоненка, якая закадзіравала мяне на год ад ужывання спіртнога. На працы, у Ляскавіцкім лесанарыхтоўчым прадпрыемстве, прасіла дадатковыя змены, каб зрабіць рамонт у хаце і стаць на ногі. А галоўнае – пачала наладжваць дыялог з дачушкай.


Наталля ХОДЗЬКА, старшыня камісі па справах непаўналетніх Петкакаўскага райвыканкама:
– У межах сваёй кампетэнцыі камісія па справах непаўналетніх ажыццяўляе мерапрыемствы па прафілактыцы безнагляднасці, абароне правоў дзяцей і іх законных прадстаўнікоў. Дарослым, якія згубілі правільныя жыццёвыя арыетыры страцілі кантроль над сваімі ўчынкамі, спецыялісты розных структур прафілактыкі прапануюць сваю дапамогу для выхаду з сітуацыі. Мы гатовы дапамагчы бацькам, якія імкнуцца зрабіць усё магчымае для вырашэння сваіх праблем і пытанняў, звязаных з магчымасцю дзіцяці жыць і выхоўвацца ў біялагічнай сям’і. Калі ваша сям’я папала ў бяду і вам патрэбна дапамога, вы можаце патэлефанаваць па нумары тэлефона 2-70-25, ці звярнуцца за кансультацыяй па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гагарына, 17, кабінет 105.
Жадаю ўсім шчаслівых сямейных адносін.


Вядома, як дачка, так і яе прыёмныя бацькі, да візітаў біялагічнай маці адносіліся насцярожана. Але год упартай працы і доказу таго, што яна стала другім чалавекам, далі свой плён: дзяўчынка чакала сустрэч з маці, у жыллі зроблены рамонт, прыся-дзібны ўчастак поўны гародніны, на рабоце добрыя рэкамендацыі, ды і муж падтрымаў жонку – таксама перастаў ужываць алкаголь. Былі пададзены дакументы для аднаўлення ў бацькоўскіх правах. У 2021 годзе прайшлі тры слуханні па справе, па выніках якіх суд адхіліў яе хадайніцтва. Прычына – “недастаткова нала-джаныя адносіны з непаўналетняй”, а можа прадстаўнікі закону хацелі ўпэўніцца ў цвёрдасці рашэння  Марыі. Па словах жанчыны, калі пачула рашэнне – зямля паплыла з-пад ног ад неапраўданых надзей.
Я спытала, ці не ўзнікала калі-небудзь спакусы “заглушыць” стрэс чаркай. Жанчына адказала, што не: “сяброўства” са спіртным у яе ў мінулым. Марыя не апусціла рукі, яшчэ год давялося абмяжоўвацца сустрэчамі з дачкой у прыёмнай сям’і і чакаць неабходнага тэрміну, каб паўторна падаць хадайніцтва на аднаўленне ў правах.
На сустрэчу ў гарадскі парк Марыя прыйшла разам з дачкой. Не так даўно суд прыняў бок маці і даў магчымасць сям’і пачаць усё спачатку.
– У кожнага ёсць шанц выбрацца на выратавальны бераг. Мне дапамагалі неабыякавыя людзі, але галоўнае – самой не аддаць сябе ў дурманлівы алкагольны палон. Аступіцца – лёгка, а каб вярнуць былое шчасце – патрабуюцца гады, за якія ты не маеш права на памылку, – кажа на развітанне Марыя і дабаўляе: – а вы ведаеце, што сказала Даша, калі вярнулася назад: “Як добра, што мы разам!”.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о