Маёмасныя пытанні, па інфармацыі натарыусаў, заўсёды былі ў катэгорыі запатрабаваных, спрэчных і маючых багата наступстваў. Каб не здаралася нічога непрадбачанага, лепшае рашэнне – кансультацыя спецыяліста.
“У 2002 годзе мы з былым мужам купілі дом, а чатыры гады таму развяліся, і ён увесь гэты час жыве асобна з новай сям’ёй. Муж хоча перапісаць дом на мяне. Як гэта можна зрабіць? Ці можна абысціся без суда?”, – з такім пытаннем у натарыяльную кантору райцэнтра звярнулася заяўніца.

Сітуацыю тлумачыць натарыус Ганна Уладзіміраўна ЖУКАВЕЦ:
– Па агульным правіле маёмасць, нажытая ў перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з сужэнцаў яна набыта альбо на каго ці кім з сужэнцаў унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы валодання, карыстання і распара-джэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Муж і жонка карыстаюцца роўнымі правамі на сумесна нажытую маёмасць і ў тым выпадку, калі адзін з іх у перыяд шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі, доглядам дзяцей або па іншых уважлівых прычынах не меў самастойнага заробку (даходу), калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Адпаведна, у выпадку падзелу маёмасці, якая з’яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, іх долі прызнаюцца роўнымі, калі іншае не прадугледжана Шлюбнай дамовай. Такім чынам, былы муж не можа проста ўзяць і “перапісаць” дом, бо ў ім ёсць ваша доля, якую спачатку неабходна вылучыць. Калі паміж вамі і былым мужам дасягнута добраахвотная дамоўленасць аб падзеле сумесна нажытай маёмасці, прасцей за ўсё звярнуцца да натарыуса, дзе, з улікам усіх абставін, вам падкажуць варыянты вырашэння пытання. У любым выпадку, калі паміж вамі няма спрэчак і рознагалоссяў, то рэкамендую вырашаць такія пытанні праз натарыуса, абыходзячы суд, бо гэта больш выгадна як у матэрыяльным плане, так і з улікам мінімальных часавых затрат.
З мэтай кансультавання насельніцтва па месцы жыхарства, натарыус Тамара Мікалаеўна Голік 28 красавіка правядзе выязны прыём у гарадскім пасёлку Капаткевічы і аграгарадку Чалюшчавічы. Кантактны тэлефон для запісу на прыём 8-02350-5-56-83.
Натарыус Ганна Уладзіміраўна Жукавец 14 красавіка выядзе ў аграгарадок Бабунічы, 20 красавіка – у аграгарадок Камаровічы, а 29 красавіка – у аграгарадок Навасёлкі. Кантактны тэлефон для запісу на прыём 8-02350-2-10-38.
Папярэдні запіс на прыём да натарыуса абавязковы. Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб натырыус вядзе ў памяшканні сельскага выканаўчага камітэта.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о