Год гістарычнай памяці праходзіць на Петрыкаўшчыне, як, дарэчы, і па ўсёй краіне, пад знакам захавання праўды пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ва ўсе перыяды жыцця беларусаў.

Успаміны непаўналетняга вязняНаша чарговая сустрэча з пракурорам раёна Сяргеем Таболічам – гэта размова пра ход расследавання фактаў генацыду на тэрыторыі Петрыкаўшчыны.
– Асобнай старонкай нашых аналітычна-пошукавых мерапрыемстваў можна лічыць устанаўленне і апытанне жывых сведак і відавочцаў фактаў злачынстваў супраць беларусаў збоку нацысцкіх агрэсараў, – пазначыў у час сустрэчы Сяргей Уладзіміравіч. – Думаю, жыхарам раёна карысна будзе пазнаёміцца з успамінамі непаўналетняга вязня Веры Мікалаеўны Казловіч:
– Нарадзілася я ў вёсцы Капцэвічы. У сям’і было пяцёра дзяцей. Калі прыйшлі немцы ў вёску, мне было 10 гадоў. Памятаю, што ў той дзень мы хаваліся з маці ў склепе, бо ляталі самалёты і моцна бамбілі. Праз некаторы час усе жыхары вёскі, у тым ліку і наша сям’я, пайшлі жыць у лес. Спалі пад адкрытым небам, толькі бацька сядзеў, агонь распальваў. Была ўжо восень, бо нас снегам прысыпала, а мы спалі, захінуўшыся саматканай прасцінаю. А пасля бацька зрабіў курэнь. Такія курані рабілі ўсе, хто жыў у лесе. А людзей там было шмат. Жылі мы ў лесе больш за год. Бацька і маці хадзілі ноччу ў вёску, прыносілі ежу, каб карміць нас. У вёсцы ў нас былі закопаны проса, жыта, пшаніца, бо мы сеялі агарод. Пасля паліцаі прывялі немцаў. У адной жанчыны забралі хустку, у яе на руках было дзіцятка. Так яна адбірала тую хустку, а яны яе забілі, а дзіця выкінулі. Яно доўга крычала, а пасля памерла.
Калі нас прывялі ў вёску, немцы ланцужком у агародзе стаялі і сачылі, каб мы назад не паўцякалі. Старэйшая сястра сядзела на возе і яе самую першую немец сцягнуў за рукі з воза, а маці крычала: гэта мой “кіндэр”. Маці паспрабавала забраць яе, але не змагла, бо ў яе на руках было дзіця, мой малодшы брат. Немец сцягнуў і маці, але яна не пераставала цягнуць да сябе дачку. А немец сястру не адпускаў. Немец быў мацнейшым і “рвануў” да сябе сястру, а маці прыкладам па спіне “агрэў”. Яна з дзіцям упала каля воза. А мы сядзелі на возе, плакалі і нічога не маглі зрабіць. Сястру пасадзілі ў машыну і павезлі ў Германію.
Усім загадалі ісці ў свае хаты. Пасля немцы хадзілі па хатах і шукалі сям’ю старшыні і брыга-дзіра. Знайшлі іх і павялі, а мы ў акно глядзелі. Сярод вяскоўцаў была дачка старшыні Анюта разам са сваім маленькім дзіцям. Немец ішоў ззаду, а яна спераду і несла дзіця, а потым немец яе ў плечы “пхнуў”, і дзіця ўпала. Захопнік узяў малое пад паху і панёс. Дзіцятка было маленькае, як наш брацік. Усю сям’ю павялі да сушні, дзе лён сушылі. Гэты лён яны абклалі вакол сушні. Пад’ехала павозка і прывезла яшчэ салому. Сям’ю старшыні і сям’ю брыгадзіра “піхнулі” туды, і гэтую жанчыну з дзіцям. Дзіця сам немец кінуў у сушню, а жанчыну прыкладам “піхнуў”, і яна пайшла туды. І адразу ж салому падпалілі. У палаючай сушні былі старшыня, яго жонка, сын Адам, а таксама сям’я брыгадзіра. Тады дзве сям’і спалілі. Я бачыла, як гарэла сушня, як гарэлі гэтыя людзі. Пасля на другі дзень немцы пайшлі, а мы і родныя хадзілі і выцягвалі тыя трупы. Былі адныя “галавешкі” чорныя. Іх расклалі на калгасным двары на зямлю і спрабавалі пазнаць дзе хто. І мы хадзілі і глядзелі. Дзіцятка маленькае таксама згарэла, трупік таксама яго быў. Яго ўвогуле немагчыма было апазнаць.
Праз некалькі дзён усіх выгналі з хат і загадалі сабрацца на калгасным двары. Маці прысела і стала карміць грудзьмі дзіця, а сярэдняга сына накрыла сваёй спадніцай, каб яго не ўбачылі немцы і не забралі. Мяне і сястру пасадзілі ў машыну і павезлі ў Навасёлкі. Там нас павялі ў клуб. Калі мы да яго падыходзілі, на нас павесілі нейкія шыльдачкі з нумарамі, а на лоб паставілі чорную пляму. Пасля дзялілі: старэйшых у адзін бок, меншых – у другі. Малодшых змяшчалі ў клубе. Туды трапіла малодшая сястра, а я – да старэйшых. Калі я пабачыла, што сястра трапіла туды, то я як стаяла, так і пабегла. А там на дзвярах немец з жанчынай стаялі і не пускалі. Аднак я здолела праскочыць. Дзеці накрылі мяне саломаю, каб не заўважылі, і самі селі на мяне. Было шмат блох, яны кусаліся, немагчыма было ляжаць, але я трывала, каб застацца з сястрою. Калі нас адсарціравалі каго куды, на таварным цягніку даставілі ў лагер у вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Гэта было ў 1943 годзе. Гэта быў лагер, дзе адбіралі кроў у дзяцей для параненых немцаў. Там нас расфар-міравалі: хлопчыкаў асобна, дзяўчынак асобна – і размясцілі па кватэрах. Дзяцей было многа, спалі нават на падлозе, уся вопратка была парваная, а ніякай іншай нам не давалі.
У лагеры мы збіралі шчаўе, варылі яго і нас жа ім кармілі. Таксама бульбу чысцілі на кухні, адзін дзень адна група чысціць, на наступны дзень – другая. Перад вызваленнем збіралі вялікія камяні і кідалі іх у калодзежы. Гэта рабілася для таго, каб рускім не было вады. Быў адзін выпадак, калі сястра не магла падняць той камень, так як меншая была, дык я хацела ёй дапамагчы, а немец мне так даў, што я ўпала на той камень і ў мяне кроў пацякла. Я спужалася і сястра спужалася. У мяне была чырвоная хусцінка на галаве, дык я яе так трымала, каб не бачылі, што ў мяне кроў цячэ. Я баялася, што пабачаць кроў і зусім заб’юць мяне. Ніякай медыцынскай дапамогі нам не аказвалі.
Шмат дзяцей у лагеры памірала. Кроў забіралі амаль усю. Дзіця станавілася белае, як папера. Пасля таго, як возьмуць кроў, іх ставілі на вуліцы пад сонцам. А немцы стаяць і паглядаюць. Калі дзіця выстаіць, яго адпраўляюць назад, на кватэру. Аднак калі сонца прыпякала і дзіця валілася да сценкі, немец падыходзіць да яго, схопіць за руку ці кашулю і цягне. За бальніцай была выкапана вялікая канава, дык дзіця жывое ў тую канаву і кідалі. Яе амаль усю і запоўнілі. Дзяцей кідалі жывых яшчэ, калі бачылі, што тыя ўжо паміраюць.
Кроў спачатку возьмуць, а потым не бяруць і не бяруць, а пасля прызначалі дзень, падкормяць трохі і зноў пачынаюць браць.
З мяне бралі тры разы кроў. А чацвёрты раз сказалі, што будуць браць у пятніцу, а ў чацвер “наляцелі” рускія самалёты. Нам сказалі, што трэба куды-небудзь уцякаць, так як будуць бамбіць вёску. І першая бомба ўпала на гэтую бальніцу. Яна загарэлася, а мы пабеглі ўцякаць па балоце. Страху нацярпеліся: самалёты лятаюць, снарады падаюць… Па балоце мы бегалі ўсю ноч, а раніцай нехта сказаў, што ўжо можна вяртацца ў Скобраўку, бо яе вызвалілі. І мы пайшлі “гуськом” усе: і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Прыйшлі, аж і праўда – у вёсцы былі ўжо рускія. Пазвалі нас, распытвалі, як трапілі сюды, далі нам кашу ў кансервавых банках і яшчэ нешта. Мы паелі, сабраліся і пайшлі. Доўга ішлі пешшу, дзяцей было шмат. Так пешшу разам са сваёй малодшай сястрой мы дайшлі да сваёй вёскі Капцэвічы. У лагеры мы знаходзіліся каля года.
Калі прыйшлі, маці жывая была ў нашым доме. Яна ляжала, у яе быў тыф. А маленькі брацік бегаў каля яе ложка. Ён быў жывы. Старэйшая сястра вярнулася ў вёску пазней за нас. Я хадзіла ў Муляраўку, сустракала яе з Германіі. Яна там таксама знаходзілася ў канцлагеры. Расказвала, што вельмі цяжка ёй было ў лагеры, здзекаваліся моцна. Бацька быў у палоне, але з вайны таксама вярнуўся.

Галіна КАЗАК,
па матэрыялах пракуратуры.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о