Паэтка з вёскі Муляраўка стала лаўрэатам прэстыжнага абласнога конкурсу

Пра тое, што паэтка з вёскі Муляраўка Антаніна Рыбалка стала лаўрэатам прэстыжнага абласнога конкурсу, мы даведаліся не так даўно. Больш таго, па запрашэнню арганізатараў, Антаніна Адамаўна наведала цырымонію ўзнагароджання, якая прахо-дзіла ў абласной універсальнай бібліятэцы імя Уладзіміра Леніна ў верасні, дзе парадавала ўдзельнікаў сваёй творчасцю.

На базе аддзела абслугоўвання і інфармацыі Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі працуе клуб прыхільнікаў роднага краю, беларускай культуры і літаратуры “Спадчына”. Наведваюць аб’яднанне дваццаць шэсць творчых і таленавітых землякоў. Хтосьці захапляецца рукадзеллем, нехта малюе або спявае, а Антаніна Рыбалка – піша вершы. Кіруе гэтай творчай суполкай загадчыца аддзялення Алена Сцяфняк. Менавіта ёй прыйшла ідэя заявіць Антаніну Адамаўну на абласны літаратурна-краязнаўчы конкурс “Вітражы памяці”. Паэтка згадзілася, яе прывабіла намінацыя “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў інтэр’еры маёй кватэры”. Успомніла пра мацярынскую дзяружку, якая ляжыць дома і сагравае ў халодныя вечары, нагадвае пра роднага чалавека, памяць пра якога вылілася ў верш “Матуліна дзяружка”. У Алены Міхайлаўны і Антаніны Адамаўны пачалася падрыхтоўка да ўдзелу ў мерапрыемстве: каб матэрыял адпавядаў умовам конкурсу праца чакала складаная. Падтрымала актывістак намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Святлана Яжкова, якая прапанавала дапамогу з відэа ролікам. У выніку, з больш як трыццаці заявак, было абрана пятнаццаць лепшых, у лік якіх увайшла і работа з Петрыкаўшчыны. Журы конкурсу прыняло рашэнне не прысуджаць месцы, паколькі кожная работа па-свойму ўнікальная. У выбранай намінацыі, паэтка з Муляраўкі стала лепшай.

– Цырымонія ўзнагароджання атрымалася вельмі душэўнай, сяброўскай. Выступленне кожнага лаўрэата было прасякнута шчырым патрыятычным пачуццём да малой радзімы, да Беларусі, – успамінае паэтка. – Гучалі вершы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступалі мастацтвазнаўцы.

Па словах творцы, гэта была вечарына зносін людзей, неабыякавых да духоўнай спадчыны продкаў, з трапяткімі пачуццямі да нацыянальнай культуры. Віншуем  лаўрэатку абласнога краязнаўчага конкурсу і тых адданых прафесіі людзей, хто ёй дапамагаў дайсці да вяршыні. Заставайцеся заўсёды вернымі высакароднай справе па захаванні духоўнай спадчыны, традыцый нацыянальнай культуры!

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о