На бацькавых плячах  трымаецца дзіцячы свет

З 14 па 21 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню праходзіў тыдзень бацькоўскай любові. Пачаўся ён у Дзень маці і завяршыўся 21 кастрычніка, у дзень, калі ў краіне прайшлі ўрачыстасці з нагоды новага свята – Дня бацькі.
Бацькамі, як і маці, вядома, не нараджаюцца. Мужчыны ператвараюцца ў бацькоў і бацькоўства з’яўляецца важным этапам у іх жыцці. Любоў і клопат бацькі выключныя, яны не падобныя на пачуцці маці. Яго пачуцці больш стрыманыя, ціхія, але іх немагчыма нічым замяніць. У іх мала слоў, аднак ты адчуваеш пяшчоту і ўвагу, агульную цеплыню і надзейнае бацькоўскае плячо – і яны неацэнныя. Яго схаваная моц, уменне прымаць удары лёсу вучаць вытрымцы і дапамагаюць выстаяць у складаныя моманты.
Асабліва ў гэты святочны дзень хочацца адзначыць мужчын, якія паспяхова сумяшчаюць ролю двух бацькоў – таты і маці. На Петрыкаўшчыне 26 мужчын у адзіночку выхоўваюць дзяцей – і кожны з іх узор мужнасці і бязмежнай самаадданай любові для сваіх дзяцей, грамадства, для кожнага з нас.
Напярэдадні Дня бацькі прадстаўнікі раённай аргані-зацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” наведалі Сяргея Іванавіча Кандрашонка і яго дачушак-школьніц, якія жывуць у вёсцы Слабада, каб павіншаваць тату і ўручыць сям’і падарункі.
Старшыня раённай арганізацыі Святлана Сянько, віншуючы мужчыну са святам, адзначыла: “Асабісты прыклад, клопат і падтрымка бацькі – вельмі важныя ў жыцці кожнага дзіцяці. Шчыра жадаем, каб вашыя дзеці выраслі добрымі, спагадлівымі, уважлівымі і надалей радавалі вас сваімі поспехамі і жыццёвымі дасягненнямі. Згоды і цеплыні вашай сям’і”.
Герою нашага артыкула прыйшлося няпроста: з прычыны жыццёвых акалічнасцяў, для сваіх трох дзяцей Сяргей Іванавіч стаў і татам, і мамай. Прыгатаваць ежу, памыць посуд, забегчы ў краму, заплесці косы, праверыць урокі… – першыя бацькоўскія абавязкі, якія прыходзяць у галаву. Зразумела, іх нашмат больш і Сяргея Іванавіча яны ніколькі не пужаюць. Наш герой працуе механізатарам у сельгаспрадпрыемстве, пры гэтым паспявае трымаць у парадку і дом, і прысядзібны ўчастак. Мужчына прызнаецца, што Дзень бацькі, які сёлета адзначаецца ўпершыню, безумоўна, вельмі важнае свята і для яго асабіста. У першую чаргу таму, што ёсць нагода ганарыцца дзецьмі, а яшчэ важна разумець, што трэба ісці далей, бо дзеці чакаюць, што тата будзе моцным. Дзень бацькі абавязкова стане адным з самых знакавых свят у сям’і нашага героя.
Са святам, паважаныя землякі-мужчыны, з Днем бацькі!

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о