Круглая дата – выдатная нагода выказаць словы шчырай па-дзякі за працу, адзначыць лепшых работнікаў і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Хоць афіцыйна 100-годдзе “Беларусбанк” адзначыць толькі ў канцы снежня, на суботняй урачыстасці юбіляры прымалі мноства святочных віншаванняў.

Урачыстае мерапрыемства з нагоды 100-годдзя ААТ “ААБ Беларусбанк” адбылося ў раённым Доме культуры
Сярод ганаровых гасцей – намеснік старшыні Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Янчанкава, былы дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 320 Наталля Вішнявецкая, ветэраны арганіцацыі, ганаровыя кліенты “Беларусбанка”.
З прывітальным словам да калег звярнулася дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 320 ААТ “ААБ Беларусбанк” Галіна Астаповіч.

– Наш сёлетні юбілей – не проста гістарычная дата, гэта цудоўная магчымасць падзякаваць нашым паважаным кліентам, дарагім ветэранам, а таксама тым, хто сёння працягвае сваёй працай ствараць банку рэпутацыю надзейнага фінансавага партнёра.Самы галоўны наш капітал – гэта людзі, якія добрасумленна працуюць у банкаўскай сістэме на карысць раёна і сваёй краіны, – адзначыла Галіна Іванаўна.
Прывітальны адрас ад старшыні Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Кохана з нагоды стогадовага юбілею і пажаданні працвітання і дабрабыту на адрас усіх прысутных зачытала Аляксандра Янчанкава. Ад сябе асабіста Аляксандра Міхайлаўна таксама павіншавала калектыў банкаўскіх работні-каў з круглай датай і ўручыла лепшым работнікам заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта адзначаны Галіна Астаповіч, Таццяна Радзько, Алена Насека.

Прайшоўшы шлях ад ашчадных кас да найбуйнейшага крэдытна-фінансавага інстытута, ААТ “ААБ Беларусбанк” заслужыў рэпутацыю надзейнага, вядомага камерцыйнага брэнда агульнанацыянальнага і міжнароднага маштабу, стаў прызнаным лідарам банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь, сімвалам на-дзейнасці і стабільнасці. Без перабольшвання, сто гадоў – шлях, правераны часам, напоўнены працай, дасягненнямі і перамогамі. На сённяшні момант у структурных падраздзяленнях банка абслугоўваецца больш за 60% насельніцтва краіны. “Беларусбанк” фінансуе больш за 90% жылля, якое будуецца, яму давяраюць больш за 90 тысяч суб’ектаў гаспадарання.
Юбілейным нагрудным знакам “Беларусбанк – 100 гадоў” былі ўзнагароджаны супрацоўнікі банка, якія адпрацавалі ва ўстанове больш за 25 гадоў, – гэта Наталля Сінчанка, Марына Кірылава, Алена Кіпарына, Тамара Батан, Майя Кавалёва, Алена Кратэнка, Алена Насека і Наталля Вішнявецкая.

Падзякай начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, прафесіяналізм, працоўную і выканальніцкую дысцыпліну і ў сувязі са 100-годдзем ААТ “ААБ Беларусбанк” адзначана Марына Кірылава, падзяка цэнтра банкаўскіх паслуг № 320 уручана Алене Кратэнка.

Заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны і многім іншым работнікам за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм.

З музычнымі віншаваннямі з нагоды стогадовага юбілею перад прысутнымі на ўрачыстасці выступілі таленавітыя артысты раённага Дома культуры, падарыўшы свае лепшыя канцэртныя нумары.

Найбуйнейшы банк нашай краіны пачне адлік новага стагоддзя сваёй гісторыі, у якім, мы ўпэўнены, будзе не менш яркіх дасягненняў і грандыёзных праектаў.

Галіна КАЗАК. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о