Літаральна ўчора надвор’е сыпала снегам, а, між іншым, ужо больш за два тыдні, як абвешчаны пажаранебяспечны сезон. Яшчэ не сышлі ручаі ад талага снегу, а агняборцы лесаахоўнай службы пільна сочаць за абстаноўкай. Звонку людзям можа здацца, што такія меры надзвычай засцярожваючыя: ну які пажар можа адбыцца, калі навокал такая вільгаць? Але давайце разбірацца па парадку…

У рэжыме пільнасці: як працуе лясная ахова

Начальнік пажарна-хімічнай станцыі 2-га тыпу Петрыкаўскага лясгасу Віктар Дамасевіч тлумачыць: “Многія мяркуюць, што пажаранебяспечны сезон абвяшчаецца тады, калі надыходзіць сухое надвор’е і наступае высокая тэмпература, але варта разумець, што зараз сітуацыя ўскладняецца дзейнасцю гаспадароў прыватных домаўладанняў, якія, з надыходам цяпла, пачынаюць прыбіраць падворкі, паліць смецце і абразаць галлё.

Нярэдка людзі пераацэньваюць свае сілы і не паспяваюць за агнём, які шпарка разносіць вясновы вецер. Дадайце сюды неабачлівыя і супраць-праўныя паводзіны па падпальванні сухой расліннасці, што, на вялікі жаль, яшчэ маюць месца сярод нашых грамадзян – на сённяшні дзень у вобласці зарэгістравана 4 выпадкі палаў сухой расліннасці. Вось і атрымліваецца, што надвор’е нібы не спрыяе пажарам, але чалавечы фактар прымушае праяўляць пільнасць. Таму сёлета пажаранебяспечны сезон быў аб’яўлены з 1 сакавіка”, – адзначыў Віктар Валер’евіч.

Так, у кожным з 14-ці лясніцтваў Петрыкаўскага лясгасу створаны пункты супрацьпажарнага інвентару. У Капаткевіцкім і Навасёлкаўскім працуюць пажарна-хімічныя станцыі першага тыпу, а ў Петрыкаўскім – тэрытарыяльная база пажарна-хімічнай станцыі 2-га тыпу. Спецыялістаў на такія станцыі набіраюць з надыходам пажаранебяспечнага сезона. Вядома, усе супрацоўнікі перад тым, як прыступіць да выканання абавязкаў, праходзяць неабходную падрыхтоўку ў “Гомельскім філіяле ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС”.

У лютым, згодна з графікам агляду, усе пункты інвентару і пажарна-хімічныя станцыі былі правераныя адпаведнай камісіяй, што звяртала ўвагу не толькі на ўкамплектаванасць, але і на працаздольнасць усіх прылад і механізмаў: кожная адзінка транспарту, кожны генератар і помпа запускаліся. Таму зараз можна з упэўненасцю казаць: рыштунак і тэхніка не падвядзе.

У распараджэнні лясной аховы 8 пажарных аўтамабіляў, якія знаходзяцца ў некаторых лясніцтвах і на пажарна-хімічных станцыях. Так, у Петрыкаве напагатове маюцца тры адзінкі такой тэхнікі: ЗІЛ-131 і два новыя МАЗы-5434. Пры кожнай машыне замацаваны вадзіцель і лесавод. Маніторынг ляснога фонду ажыццяўляюць пажарныя вартаўнікі, якія адказваюць на тэлефонныя званкі па нумары 3-00-69. Так, грамадзяне могуць даведацца пра тып пажаранебяспечнай абстаноўкі і паведаміць пра заўважаныя ўзгаранні.

“Акрамя гэтага, задача нашых спецыялістаў – агляд лесу праз сістэму “Лясны вартавы”, што ўяўляе сабой агульную сетку інтэлектуальнага відэаназірання. На тэрыторыі раёна маецца 6 такіх камер, што размешчаны нібы кальцом. Акрамя гэтага, мы маем магчымасць назіраць за лясным фондам і праз камеры з суседніх раёнаў. Кожны пункт відэаназірання выбіраўся так, каб мець максімальны агляд і быць не вельмі далёка ад самых пажаранебяспечных месцаў. Сістэма сама заўважае слуп дыму над мясцовасцю і пазначае яго на маніторы чырвонай рамкай. Вядома, яна рэагуе і на дым з труб прамысловых аб’ектаў, і на пыл, што падымаецца над раллёю, калі сухую хлебу ўзворвае трактар. У апошніх выпадках мы дэталёва разглядаем выявы з усіх камер, якія назіраюць за адзначанай мясцовасцю і, пры неабходнасці, тэлефануем на прадпрыемствы, адказныя за землекарыстанне на пэўным участку, каб удакладніць – ці праводзяцца на вызначанай тэрыторыі гаспадарчыя работы? Разумееце, нават калі спецыяліст на 90% упэўнены, што за ўскрайкам лесу пыліць трактар – усё роўна выяўлены факт трэба праверыць”, – адзначыў Віктар Дамасевіч.

Напрыканцы гутаркі Віктар Валерь’евіч скарыстаўся магчымасцю і звярнуўся да чытачоў: “У хуткім часе распачнецца сапраўдная вясна, а потым і спёка. Настойліва раю ўсім аматарам адпачынку ў лесе, ягаднікам і грыбнікам, аматарам дароў прыроды ўдакладняць клас пажарнай небяспекі і бездакорна выконваць адпаведныя патрабаванні: з надыходам 3-га класу наведванне ляснога фонду дазволена толькі ў пешым парадку, а калі клас небяспекі павышаецца да 4-га – наведванне лясоў забаронена”.

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о