Алімпіяду Фёдараўну Навацкую ў Муляраўскім сельскім Савеце ведаюць усе. Жыхары шануюць гераізм і стойкасць землякоў, якім давялося выпрабаваць на сабе цяжар ваеннага ліхалецця. Наша гераіня – былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. На святы да яе з кветкамі і падарункамі прыходзяць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый. Частыя госці і дзеці. Нягледзячы на сталы ўзрост і слабае здароўе, яна згаджаецца на іх просьбы і расказвае пра ваеннае дзяцінства, пра самы цяжкі і балючы перыяд свайго жыцця.

«Вайна ўраз парушыла шчаслівае жыццё»

Сёння – дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народаКалі пачалася вайна, Алімпіядзе Фёдараўне было тры гады. Іх сям’я жыла ў вёсцы Коржаўка. Бацька працаваў на чыгуначнай станцыі, маці гадавала яе з сястрой.
– Вайна ўраз парушыла шчаслівае жыццё. Тата пайшоў на фронт, а нас, у адзін з тых чорных дзён, разам з другімі аднавяскоўцамі, немцы павыцягвалі з хат, загналі на станцыю, пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі ў Германію, – успамінае вязень.

Гераіня памятае, што ехалі днямі і начамі, і ўвесь час дзеці былі на руках у маці ці засыналі на халоднай падлозе. Па прыездзе да месца назначэння, людзей пасялілі ў баракі, у якіх былі нечалавечыя ўмовы для жыцця.
– Вельмі хацелася есці. Гэта вельмі страшна, калі ты ўвесь час галодны. Давалі кавалачкі бульбы ў нейкай вадкасці, але гэта не змяншала голаду, – адзначыла суразмоўца.

«Маці прыходзіла стомленая і знясіленая»

Дарослых адразу пачалі забіраць на працу. Дзяцей зачынялі на замок. Аднойчы мая гераіня паспрабавала выйсці з барака, але яе немец ударыў нагою і загнаў назад у памяшканне. Маці прыходзіла стомленая і знясіленая. Маёй суразмоўцы запомніліся яе пасляваенныя цяжкасці. У адну восень у Германіі быў небывалы ўраджай яблык, і калі палонных жанчын вялі на працу, тыя хацелі падняць паданку, каб з’есці, або занесці дзецям, але ім не дазвалялі, білі.

– Усе мы былі асуджаныя на смерць. Хто ад непасільнай працы, хто ад голаду, хто ад здачы крыві для немцаў. Мы жылі надзеяй, трымаліся з усіх сіл. І дачакаліся – Савецкая армія вызваліла нас з палону, – канстатавала Алімпіяда Фёдараўна.
Той, хто ўцалеў, дадому вяртаўся пешшу: людзям далі конікаў з павозкамі, на якіх размясціліся хворыя і дзеці. Ішлі да родных мясцін з вясны да восені. Дзяўчынцы было ўжо шэсць гадоў.

– Мне вельмі запомніўся горад Кёнігсберг, сённяшні Калінінград, у якім мы, стомленыя, галодныя і халодныя, зрабілі прыпынак для адпачынку на набярэжнай, – успа-мінае жанчына. – І вы ўяўляеце: праз шмат гадоў, ужо ў мірны час, я прыехала ў гэты горад да сына, які, будучы салдатам, праходзіў там вайсковую службу. Знайшла тое месца каля мора, дзе я дзіцям дабіралася ў Беларусь. Заплакала, закрыла вочы і, здаецца, адчула пах той вайны.

Нялёгка давялося гераіні і ў мірны час, хоць з фронту прыйшоў бацька і сям’я сабралася дома. Праўда, на папялішчы. Пачалі абжывацца па-новаму, дзяўчынкі пайшлі ў школу, а маці, нягледзячы на падарванае ў Германіі здароўе, змагла нарадзіць яшчэ дваіх дзяцей. Аднак зноў прыйшла бяда – памерла маці.

Суразмоўца ўспамінае, што зусім яшчэ малыя брат і сястра засталіся на руках старэйшых дзяцей, і пра атрыманне адукацыі пасля заканчэння Смятаніцкай школы – размова не ішла. Жанчына дазволіла брату і сёстрам паехаць вучыцца ў гарады, каб атрымаць прафесіі, узяўшы на сябе клопат пра іх і работу па гаспадарцы. З пятнаццаці гадоў пайшла працаваць. Большую частку жыцця аддала мясцоваму калгасу. Разам з мужам нарадзілі і далі пуцёўку ў жыццё траім дзецям. Сёння яе радуюць восем унукаў, шэсць праўнукаў і жанчына моліцца, каб яны не зведалі ніколі вайны.

– Я любуюся нашай краінай і радуюся – якое шчаслівае дзяцінства ў дзяцей зараз, – гаворыць былы вязень. – Беражыце гэта ўсё – яно здабыта дарагою цаною.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о