Памятаць… і ніколі не забываць

0
202

Памятаць… і ніколі не забывацьНа базе Петрыкаўскай цэнтральнай бібліятэкі прайшла гадзіна памяці “Памятаць… і ніколі не забываць”.

Памятная дата – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў – устаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе.

Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам узнялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў. Гэты дзень стаў сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку, сімвалам стойкасці і мужнасці людзей, якія воляй лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці.

“Бухенвальд, Асвенцым, Майданек, Трэблінка, Аўшвіц і шмат іншых месцаў на карце Еўропы былі пераўтвораны ў гады Другой сусветнай вайны ў фабрыкі смерці, прылады масавага фізічнага знішчэння людзей, лабараторыі для правядзення медыцынскіх і іншых эксперыментаў, – пачала аповед загадчыца аддзела абслугоўвання інфармацыі Петрыкаўскай раённай бібліятэкі Алена Сцяфняк. – Не меншай жорсткасцю адрозніваліся канцлагеры і месцы масавага знішчэння насельніцтва, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Беларусі, якіх налічвалася звыш 260-ці. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў Мінску – у раёне Нямігі і ў Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску.

Верхам цынізму і жорсткасці сталі дзіцячыя канцлагеры, сярод якіх – донарскі зборны лагер у беларускай вёсцы Чырвоны Бераг на Гомельшчыне. Масавае знішчэнне людзей было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі: прымяняліся расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры і спальванне, голад і распаўсюджванне эпідэмій”.

Памятаць… і ніколі не забывацьАлена Сцяфняк расказала, што на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ў перыяд акупацыі таксама былі арганізаваны зборна-перасыльныя пункты і лагеры ў Петрыкаве, Капцэвічах, Макарычах, Рубчы, Слабадзе, Навасёлках, Аголіцкай Рудні, Лучыцах.
За час вайны на тэрыторыі нашага раёна быў расстраляны 1851 чалавек (з іх 954 жанчыны і 200 дзяцей), спалена 719 чалавек (з іх 366 жанчын і 93 дзіцяці), сагнаны ў рабства – 1900 (з іх 858 мужчын і 1042 жанчыны).

“Каб захаваць памяць аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі вайны і пасляваенны перыяд, 5 студзеня 2022 года ў Беларусі прыняты Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”.

Раней, у красавіку 2021 года, Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана і цяпер расследуецца крымінальная справа па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

Крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны распачала маштабную даследчую работу”, – агучыла Алена Міхайлаўна.

Памочнік пракурора Петрыкаўскага раёна Алена Панасейка расказала, якія работы праводзіліся на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ў рамках крымінальнай справы аб генацы-дзе і якія факты былі выяўлены.

“Работнікамі пракуратуры былі апытаныя відавочныя сведкі злачынстваў, якія адбываліся на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна. У вёсцы Навасёлкі фашысты пабудавалі канцлагер, у якім знішчалі яўрэяў, партызан і ўсіх, хто быў злоўлены ў лесе. Лагер праіснаваў год. Людзей катавалі, білі, жывымі закопвалі ў зямлю. На 2025 год пракуратурай Петрыкаўскага раёна запланавана правядзенне раскопак у вёсцы Навасёлкі з мэтай пацверджання гэтай інфармацыі”, – распавяла Алена Андрэеўна.

Удакладнім, што ў кастрычніку 2022 года, падчас расследаванняў крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, праведзены раскопкі па завулку Першамайскаму райцэнтра.

Пры аналізе сабраных фактаў устаноўлена раней невядомае месца пахавання мірных грамадзян.
Паводле паказанняў сведак непаўналетняга вязня канцлагера, жыхара горада Петрыкава ў лясным масіве на ўскрайку горада, на тэрыторыю жывёлабойні звозілі жыхароў горада, у тым ліку грамадзян яўрэйскага паходжання, партызан і падпольшчыкаў. Фашысты ставілі людзей на край катлавана, куды злівалася кроў забітых жывёл, і расстрэльвалі. Там жа яны і пахаваны.

Следчая група правяла агляд месца здарэння – па яго выніках выяўлены і канфіскаваны касцяныя рэшткі, якія належаць, як мяркуецца, 9 ахвярам, а таксама 3 кулі і гільза.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о