Ужо не ў першы раз я вымушаны кранацца надзвычай непрыемнай тэмы: беларускія СМІ пачалі пісаць пра факты жорсткага абыходжання з жывёламі. І калі раней пад катаванне з боку людзей падпадалі кошкі і сабакі, то не так даўно сумным героям матэрыялаў стаў вожык.

Дзяўчына кідала калючы камяк у сцену, намагаючыся прыкласці да штуршка максімальную моц. Каментарый непаўналетняй быў яшчэ больш жудасны: “Ад яго нешта адпала!”. Здаецца, сярод усіх, хто азнаёміцца з гэтым матэрыялам, не застанецца абыякавых. Але ўражвае не столькі страшны выпадак, сколькі яго прычыны. Я не псіхолаг, не маю дачыненняў да такой навукі, як сацыялогія, але маю намер пазнаёміць чытачоў з уласнымі назіраннямі і прыватным пунктам гледжання сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі.

Хто вінаваты: злаўмыснікі, іх бацькі ці асяроддзе?
Па маім сціплым меркаванні, вінаватыя ўсе. Зразумела, інтуіцыя нам падказвае, што адказ на адзначанае пытанне ўжо ёсць: вінаваты той, хто гэта зрабіў. Нехта таксама заўважыць, што жорсткае абыходжанне з жывёламі – следства хібаў у бацькоўскім выхаванні. Іншыя адзначаць, што жудасныя выпадкі сталі магчымымі пры абыякавасці навакольных людзей, маўляў, такое сталася, бо прахожыя не зрабілі заўвагі. Трэція будуць абвінавачваць у бядзе юнацкі максімалізм і пачуццё безадказнасці. Давайце разбяромся.
У маі бягучага года крымінальная справа была ўзбуджана ў дачыненні да сталай грамадзянкі, якая стварыла нібыта лагер для ўтрымання сабак. Рэчаіснасць была горкай – акрамя кратаў, за якімі знаходзіліся жывёлы, аніякага догляду за братамі меншымі забяспечана не было. У лютым грамадству стаў вядомы не суцяшальны выпадак: прафесійная “гадавальніца” элітных парод сабак трапіла пад увагу следчых органаў па той жа прычыне неналежнага ўтрымання дамашняй жывёлы. Харчаванне і, нават, пітво сабак было мінімальным, літаральна для падтрымання жыцця. Атрымліваецца, што сярод садыстаў над жывёламі заўважаны не толькі непаўналетнія.

Няўжо ў дзяцей трэба пытаць пра адносіны да жывёл?
Гэтага недастаткова. Кожны з нас быў сведкам сітуацыі, калі бацькі гавораць сваім маленькім дзеткам: “Не падыходзь да сабакі, укусіць!”, ці “Навошта табе патрэбнае гэтае бруднае, блыхастае кацяня?”. Разумею рэагаванне большасці, маўляў, а што не так? Мы гаворым гэта з меркаванняў натуральнай дзіцячай бяспекі. Але разам з канстатаваннем факту, мы забываемся адзначыць прычыну. А чаму жывёла не мае гаспадара? Хутчэй за ўсё з-за таго, што ў свой час яго страціла… Нават шчанюкі і кацяняты, што нарадзіліся ўжо на вуліцы, маюць сваіх маці, якія, наўпрост, засталіся занядбалымі.
Мы прапануем трымацца ў баку ад жывёлін і ні слова не кажам пра клопат. Мы пужаем дзяцей, выхоўваючы ў іх засцярогу, часам памежную з жахам, які звычайна мае магчымасць ператварыцца ў бязлітасныя адносіны.

Абыякавасць нараджае бяду
Давайце шчыра, мы, так ці інакш, праходзім поруч з магчымай бядою. Сталае пакаленне часцяком наракае на моладзь, маўляў, яна не тая. Але які ўклад мы зрабілі для выхавання падрастаючага пакалення? Чаму сярод дзяцей мы так рэдка назіраем жадаючых пакарміць бядзяжную жывёлу? Магчыма таму, што і дарослыя гэтага, у большасці сваёй, не робяць? Адкуль ім бачыць самы звычайны клопат? Пэўна, такая ж логіка тычыцца і пра заўвагі да пакалення нашай будучыні.
Не магу не падзяліцца яшчэ адным назіраннем: ці не ведаеце вы выпадкаў, калі гаспадар (ваш знаёмы, ці сусед) адпраўляў сваю жывёліну на нібыта выгул, які працягваўся дзень ці нават тыдзень. Я патлумачу: нават не зважаючы на пытанні хвароб і гігіены, гэтыя людзі самі пакідаюць жывёлу ў небяспецы.
Высновы не вельмі суцяшальныя: мы шчыра не заўважаем праблемы, якая павінна, на мой погляд, быць сфармулявана быльш шырока. Замест пытання: “Чаму некаторыя жорстка адносяцца да братоў нашых меншых?”, – трэба пытацца: “Чаму ў грамадстве ўвогуле існуе праблема культуры адносін да жывёл?”. Не пытайцеся: “Чаму чалавек зрабіў так?”, – лепей спытайце: “Што зрабіў я, каб прадухіліць такія выпадкі?”.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о