Права на самавыяўленне?

0
743

У канцы лютага грамадскасць ускалыхнула навіна пра дзейнасць масавай арганізацыі пад назвай “ПВК “Рэдан”. Новая маладзёжная  плынь, якая дабралася і да беларускіх гарадоў, добрымі ўчынкамі не славіцца – толькі благімі. Прыхільнікі субкультуры не проста носяць адзенне з выявай павука і лічбай чатыры, але і парушаюць закон: ладзяць пабоішчы ў грамадскіх месцах.

Права на самавыяўленне?

Так, у адным з гандлёвых цэнтраў Гомеля намаганнямі праваахоўнікаў было недапушчана масавае пабоішча. Прычым, з 200 чалавек, што былі затрыманы ў ГЦ “Сакрэт”, 183 – непаўналетнія. Расчаравалі сваімі паводзінамі дарослыя, што абураліся ў інтэрнэце, палічыўшы несправядлівым затрыманне. Хаця, я ўпэўнена, яны ж першымі накінуліся б на праваахоўнікаў, калі б справа дайшла да масавай бойкі і, не дай бог, калецтва іх дзяцей.

Яшчэ адзін бок сітуацыі, які не варта ніякім чынам ігнараваць –небяспечная тэндэнцыя паспяховага кіравання натоўпам. Сеткавая рассылка, масавы прызыў – і вось ён заражаны на пэўную справу натоўп. Падлеткі гіперактыўныя, ім неабходны рух, асабліва калі гэта нешта новае і масавае. Але калі ў рабят станоўчых актыўнасцяў няма, а вольнага часу занадта – яны лёгка становяцца ідэальнымі мішэнямі для тых, хто пад безназоўнымі нікамі ў інтэрнэце кліча іх па меншай меры на “адміністратыўку”.

МУС прымае папераджальныя меры для недапушчэння падобных грубых парушэнняў грамадскага парадку. Аператыўна былі ўстаноўлены адміністратары і актыўныя ўдзельнікі так званай ПВК “Рэдан”. Шэраг асоб ужо затрыманы. Праваахоўнікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з бацькамі і педагогамі па тлумачэнні дзецям адказнасці за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, звязаных з парушэннямі грамадскага парадку. Па кожным затрыманні непаўналетняга было праведзена дбайнае разбіральніцтва – вінаватыя прыцягнуты да адказнасці і пастаўлены на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.


Каментарый у тэму:

Аркадзій МАСІЙЧУК, начальнік РАУС:

– Паважаныя бацькі, не дайце сваім дзецям стаць ахвярамі або ўдзельнікамі злачынстваў. Не дазваляйце, каб імі маніпуліравалі ў невядомых інтарэсах. Цікаўцеся, дзе, як і з кім ваша дзіця праводзіць вольны час. Звяртайце ўвагу на яго захапленні, кола зносін, у тым ліку віртуальных.

І яшчэ, за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў праду-гледжаны штраф да 200 базавых велічыняў, ці грамадскія працы, ці адміністрацыйны арышт. А за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Калі ўзрост прыцягнення да адказнасці не наступіў, то плаціць штраф давядзецца бацькам.

Наталля ХОДЗЬКА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама:

– Так, дзякуючы зладжанай і аператыўнай рабоце МУС устаноўлены адміністратары і актыўныя ўдзельнікі гэтага “згуртавання” ў Беларусі. Але расслабляцца яшчэ рана.

Як бы мы ні ставіліся да інтэрнэту, як да сховішча самай разнастайнай займальнай і карыснай інфармацыі, але менавіта праз інтэрнэт падлеткаў лёгка ўцягнуць у здзяйсненне правапарушэнняў. І ў большасці выпадкаў непаўналетнія аказваюцца саўдзельнікамі цяжкіх злачынстваў, за якія надыходзіць вельмі сур’ёзная крымінальная адказнасць.

Каб пазбегнуць падобнага, дарослым, бацькам у першую чаргу, неабходна заўсёды ўважліва сачыць за тым, чым захопленыя іх дзеці, што іх цікавіць у інтэрнэце.

Нагадаю, што згодна з заканадаўствам, асобы да 16 гадоў, якія мелі намер удзельнічаць у дэструктыўных дзеяннях, могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, пасля чаго будуць пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Васіліна МАСЛАВА, першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”:

– Мяне, безумоўна, усхваляваў канфлікт, які ўзнік паміж субкультурамі. Разумею наша маладое пакаленне ў тым, што ім хочацца самавыяўляцца. Але адна справа, калі падлетак фарміруе пэўную выяву, прапагандзіруючы свае інтарэсы, захапленні ў пазітыўным ключы, а іншае – навязаныя каштоўнасці, пераплеценыя з асновамі агрэсіі і жорсткасці. Відавочна, што гэта псеўдасубкультура ідзе са знакам мінус і нічога добрага не нясе нашай моладзі.

Хачу ў чарговы раз заклікаць моладзь да пільнасці, не адыходзіць ад норм маралі, а таксама праяўляць сацыяльную адказнасць.

А нам, дарослым, важна быць упэўненымі ў тым, што на глебе якіх-небудзь захапленняў яны не патрапяць пад негатыўны ўплыў.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о