Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў “Белтэлекам”, каб даведацца, як праходзяць працоўныя будні спецыялістаў сувязі і што яны прапануюць насельніцтву.

Мяне з усмешкамі вітаюць дзве мілавідныя жанчыны: спецыялісты па продажы Петрыкаўскага ўчастку электрасувязі Наталля Кебец і Алена Лазарчук. Ветлівасць – візітоўка арганізацыі, а свет сучасных тэхналогій патрабуе пільнасці да патрэб кожнага кліента.

Жанчыны бадзёра пачынаюць расказваць пра сваю работу: “Акрамя заключэння дамоў на аказанне паслуг, у нас значна пашырыўся асартымент тавараў. Зараз мы прадаём мабільныя тэлефоны, тэлевізары, ноўтбукі, кандыцыянеры і нават кавамашыны. Попыт сярод насельніцтва ёсць, бо мы прапануем набыццё электронікі і бытавой тэхнікі ў растэрміноўку, рознымі долямі без першапачатковага ўзносу.

У нас з’явілася новая паслуга: відэакантроль, што ўжо набірае папулярнасць сярод жыхароў, якія назіраць за дзецьмі на гульнявых пляцоўках ці за месцам паркоўкі свайго аўто. Кошт, між іншым, даволі танны. Нашай кампаніяй распрацаваны новы тарыфны план для пенсіянераў з тэлебачаннем ZALA на 180 каналаў і бясплатнымі званкамі па стацыянарным тэлефоне па Беларусі. Кошт тарыфнага плана прыемна здзівіць нават самых эканомных грамадзян паважанага ўзросту”, – распавядаюць спецыялісткі.

Вядома, акрамя навінак, застаюцца сярод прапаноў і зарэкамендаваўшыя сябе паслугі. У дні работы з насельніцтвам выпадае абслугоўваць каля двух-трох дзясяткаў чалавек. Не прыпыняецца і мадэрнізацыя. Так, жанчыны, апрача іншых абавязкаў, займаюцца празвонам карыстальнікаў сеткі інтэрнэт паўднёва-заходняй часткі горада: на змену старым камунікацыям сюды прыходзіць оптавалакно. На раёне камунікацыі мяняюцца зараз у аграгарадку Колкі.

Галоўнае, па перакананні Наталлі Іванаўны і Алены Паўлаўны, галоўным у іх рабоце з’яўляецца ўвага да кліентаў: “Разумееце, часам да нас звяртаюцца людзі, якім трэба ўсё ў дэталях патлумачыць. Іншы раз тэлефануюць з заяўкамі грамадзяне з іншых гарадоў, каб іх бацькам правялі, напрыклад, інтэрнэт. Па прыездзе нашых спецыялістаў высвятляецца, што дзядулі і бабулі нават не ведаюць, што іх дзеці нам тэлефанавалі. Але ж мы намагаемся да кожнага знайсці свой падыход, прапанаваць патрэбную паслугу.

Вядома, у рамках артыкула, мы не маем магчымасці распавесці пра ўсе выгоды і прапановы “Белтэлекама”, таму спецыялісты па продажы Петрыкаўскага ўчастку электрасувязі запрашаюць кожнага зацікаўленага за даведкамі і набыткамі.
“Хацелася б пажадаць усім мірнага неба над галавою, здароўя і дабрабыту. Калегам мы шчыра зычым далейшых працоўных поспехаў на карысць землякоў, і, канешне, развіцця кампаніі”, – адзначылі напрыканцы гутаркі Наталля Кебец і Алена Лазарчук.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о