Старт марафону чысціні і парадку

0
559

Старт марафону чысціні і парадку

Прадстаўнікі ўлады, працоўныя калектывы, члены грамадскіх арганізацый, жыхары прыватных дома-ўладанняў у мінулую суботу выйшлі на вуліцы для навядзення парадку на зямлі.

Першы ў гэтым годзе суботнік па добраўпарадкаванні малой радзімы прайшоў на Петрыкаўшчыне. Не стала перашкодай для запланаваных спраў нават пераменлівае з воблачнага на дробны дождж надвор’е. Плённа і з настроем папрацавалі гараджане. Высечка хмызняку, ачыстка праезнай часткі ўздоўж тратуараў ад пяску і травы, уборка смецця, апалай лістоты ў зялёных зонах – праца, якая вялася ў межах усяго райцэнтра. Праязджаючы па горадзе, можна было ўбачыць і больш маштабныя віды работ: навядзенне парадку на схілах гарадскога парку, замена і афарбоўка агароджы, абрэзка і выкарчоўванне дрэў – усё гэта патрабавала папярэдняй падрыхтоўкі і спецтэхнікі.

Не адставаў ад горада і пасёлак Капаткевічы. Жыхары з асаблівым настроем выйшлі працаваць на замацаваныя ўчасткі. Пасялкоўцы ў прыемным чаканні вялікіх змен: сёлета населены пункт падпадае пад праграму абласнога добраўпарадкавання. Правесці ў час падрыхтоўчыя работы – справа гонару. Акрамя ўборкі смецця, пасялкоўцы надавалі ўвагу рамонту агароджы, навядзенню парадка ў паркавай зоне, ачыстцы электраліній ад галля.

Як і ў любой справе, праявілі актыўнасць і згуртаванасць у правядзенні працоўнай акцыі жыхары сельскай мясцовасці. Работу па навядзенні парадку спланавалі і арганізавалі ўсе шаснаццаць сельскіх Саветаў раёна. Заўзята сяльчане працавалі на добраўпарадкаванні памятных месцаў, грамадскіх могілках, рамонце вулічнай агароджы, пасадцы лесу.
Дарэчы, на азеляненне зрабілі акцэнт члены Маладзёжнага савета, які арганізаваны і працуе пры раённым Савеце дэпутатаў. Моладзь на тэрыторыі Петрыкаўскага лясгаса дала жыццё саджанцам хвоі. Работнікі мясцовага камунгаса, высадзіўшы 70 саджанцаў у межах горада.

Суботнік даў старт вясноваму марафону чысціні і парадку. Землякі праявілі старанне і працавітасць, натхняючыся тым, што заробленыя грашовыя сродкі будуць накіраваны на добраўпарадкаванне Петрыкаўшчыны. Безумоўна, усім нам патрэбна яшчэ нямала зрабіць для прыгажосці і годнага выгляду роднага краю. Добрую традыцыю працоўных акцый жыхары раёна працягнуць ужо 30 сакавіка на абласным суботніку, сродкі з якога пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Чырвоны Бераг”. Згадзіцеся, годная справа! Можна з упэўненасцю сказаць, што разам нам усё па плячы. Да пытанняў добраўпарадкавання жыхары Петрыкаўшчыны падыходзяць па прынцыпе: любіць месца, у якім жывеш – значыць намагацца зрабіць яго лепшым.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о