Спіс злачынстваў працягвае расці

0
558

У Год гістарычнай памяці пра генацыд беларускага народа мы расказваем не толькі праз успаміны відавочцаў тых страшных падзей – праліць святло на факты злачынстваў дапамагаюць таксама і архіўныя дакументы. Працягваем серыю публікацый сумеснага з пракуратурай раёна праекта “Генацыд: без тэрміну даўніны” і прапануем вашай увазе чарговы архіўны матэрыял, у якім расказваецца пра бесчалавечнасць акупантаў і іх пасобнікаў, зафіксаваную ў актах расследавання злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі супраць савецкіх грамадзян на тэрыторыі Капцэвіцкага сельскага Савета. Дакументы публікуюцца ўпершыню. Як адзначыў у час сустрэчы пракурор раёна Сяргей Таболіч, акты створаны на падставе паказанняў сведак, якія перажылі жахі вайны. Далей – сухой мовай дакумента.

3-га жніўня 1941 года нямецкія захопнікі люта пакаралі пасля доўгага катавання дзвюх жанчын, жыхарак пасёлка Капцэвічы, за нібыта падпал фанернага завода.
З першых дзён жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі пачынаюць чыніць свае зверствы, здзекі, катаванне, гвалт і рабаў-ніцтва ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва Капцэвіцкага сельскага Савета. Відавочца гэтых здзекаў Яўгенія Філіпаўна Друсь расказвае: “Пачалі немцы з перапісу ўсяго яўрэйскага насель-ніцтва. Штораніцу кожны член яўрэйскай сям’і павінен быў прыйсці пад роспіс на рэгістрацыю, пасля чаго іх прымушалі рабіць самыя цяжкія і гразныя работы: цягаць падводы з вадою, цэглу, каменне, розны лом, смецце з аднаго месца на другое – адным словам, займацца марнай, непатрэбнай работай, а самі пры гэтым усяляк насміхаліся і зневажалі яўрэяў.
Гітлераўскія палачы ад яўрэяў, як знак адрознення, патрабавалі нашэння спецыяльных нашывак. Яўрэям не дазвалялі хадзіць па тратуарах, размаўляць з аднавяскоўцамі, а ўся іх маёмасць была разрабавана фашыстамі яшчэ ў першыя дні акупацыі.
У апошнія дні верасня 1941 года каты, сабраўшы 25 чалавек яўрэйскага насельніцтва – дзяцей, жанчын, старых, пад выглядам вывазу ў Петрыкаў на допыт, пагрузілі ў аўтамашыны і завезлі ва ўрочышча “Жалязніцы”, дзе ўсіх расстралялі.
Пад выглядам вывазу на допыт немцы дзясяткамі і паадзіночку ў 2-4 гадзіны ночы вывозілі дзяцей, жанчын, старых, якіх жывымі закапвалі ў ямы. Усяго немцы расстралялі, закатавалі і пакаралі 96 яўрэяў”.
У студзені 1942 года гітлераў-ская жандармерыя арыштавала сем сем’яў па прычыне нібыта сувязі з партызанамі. Гітлераўцы, збіўшы іх да паўсмерці, кінулі ў халодны барак, а кожныя 2-3 гадзіны напаўголых, босых ганялі па снезе на допыт. Так працягвалася некалькі дзён. Выматаўшы людзей да паўсмерці, немцы 5 лютага адвялі іх ва ўрочышча “Маяк” і расстралялі.
У адзін з дзён лістапада 1942 года разыгралася жудасная крывавая карціна ў вёсцы Беразнякі: нямецкія войскі акружылі вёску і пад выглядам эвакуацыі загадалі насельніцтву, усім без выключэння, сабраць усе рэчы, вынесці іх на вуліцу, вывесці скаціну – падрыхтавацца да эвакуацыі.
Калі насельніцтва сабралася на вуліцы, фашысты пачалі расстрэльваць усіх без разбору. Частку загналі ў хлеў і падпалілі, дзяцей на штыках кідалі ў калодзежы. Тых, хто паспеў уцячы і схаваўся ў хатах, падпальвалі з кулямётаў і аўтаматаў праз вокны. Хто спрабаваў ратавацца ўцёкамі – расстрэльвалі. Усяго было расстраляна, закатавана, спалена нявінных савецкіх грамадзян 370 чалавек.
Спіс злачынстваў можна працягваць доўга… Адно зразумела: работа з архіўнымі дакументамі – унікальны шанц абудзіць грамадскую свядомасць і прымусіць кожнага быць у адказе за наш мірны сённяшні і заўтрашні дзень.
– Супрацоўнікі пракуратуры працягваюць работу па ўстанаўленні гістарычнай праўды і ўшанаванні герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. З кожным вывучаным дакументам спіс злачынстваў фашысцкіх акупантаў супраць мірнага насельніцтва расце. З новымі акалічнасцямі справы генацыду беларускага народа мы і надалей будзем знаёміць чытачоў раённай газеты, – адзначыў у час размовы пракурор раёна Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о