У чацвер канцэртная зала Дзіцячай школы мастацтваў поўнілася работнікамі культуры, што завіталі на адзіны дзень інфармавання. Галоўная тэма мерапрыемства: Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту.

На сустрэчу з калектывам прыбыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны – начальнік аддзела па арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марыя Нецвятаева. Жанчына пачала сваю прамову з падзякі спецыялістам культурнай галіны за адданасць прафесіі, што патрабуе не мала сіл. Апрача іншага, Марыя Валянцінаўна падзялілася меркаваннем, як людзі культуры павінны, праз свет свайго прызвання, разумець зварот Прэзідэнта і задачы, якія стаяць перад нашым грамадствам.

– Ведаеце, Вольга Усціновіч-Насека, сустракаючы на вакзале, вымушана была “лавіць” мяне ўжо каля рынку. Я фатаграфавала стужкі, што прадаваліся разам з штучнымі кветкамі, якія людзі набываюць на Радаўніцу для шанавання памяці продкаў. Для вас гэта з’ява звыклая, але, насамрэч, традыцыя павязваць стужкі на могілках захавалася далёка не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Такая, здавалася б, дробязь ужо з’яўляецца рысай вашай мясцовасці. Таму веданне і захаванне сваёй культуры крыецца не толькі ў інфармацыйным узбагачэнні, але і ў беражлівасці да праяў нашай самабытнасці на побытавым узроўні. Нам трэба не страчваць адметнасць там, дзе мы жывём і ў тым, чым мы жывём, – адзначыла Марыя Нецвятаева.

Спікер падзялілася назіраннямі: некаторыя краіны, што ставіліся да Беларусі заўсёды станоўча, нават дзяржавы з постсавецкай прасторы, зараз паказваюць сваю стрыманасць у адносінах да нашай дзяржавы. “Мы страцілі пэўныя рысы нацыянальнай ідэнтычнасці ў мінулыя часы, зараз, здаецца, гэта зрабіць яшчэ прасцей – натуральна быць такім, як усе. Але толькі зберагаючы свае карані, сваю культуру мы застанемся беларусамі і не знікнем, мы здолеем захаваць сваю краіну”. Захаванне сябе, па словах Марыі Нецвятаевай, гэта павага да традыцый сваёй сям’і, вызначэнне пэўных рэчаў: фотакартак, дакументаў, традыцыйных заняткаў нашых дзядуль і бабуль, у якасці сямейных рэліквій.

– Многія зараз, пэўна, падумалі, маўляў, ну куды я буду гэтую даўніну збіраць?.. Дзеці вывучацца, застануцца жыць у вялікім горадзе, хіба ім гэта патрэбна?.. Але адкуль нашым нашчадкам пабачыць прыклад паводзін, узор стаўлення да нашых нематэрыяльных, але дарагіх сэрцу каштоўнасцяў, як не ад сваіх бацькоў! – патлумачыла сваю прамову рытарычным пытаннем Марыя Валянцінаўна.

У другой частцы мерапрыемства да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, якая пра-інфармавала ўдзельнікаў дня інфармавання па шэрагу надзённых пытанняў, што тычыліся высокай грамадскай актыўнасці насельніцтва раёна, паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання і перспектыў развіцця Петрыкаўшчыны.
Так, у леташнім рэферэндуме, што тычыўся змен у Канстытуцыю Беларусі, паўдзельнічала 85% жыхароў раёна, з якіх 72% выказаліся за прапануемыя змены.

Улічваючы тое, што на Петрыкаўшчыне знаходзіцца мноства невялічкіх вёсачак, большая частка насельніцтва якіх – людзі паважанага ўзросту, у раёне летась запрацаваў перасоўны медыцынскі комплекс Петрыкаўскай ЦРБ. У амбулаторыі на калёсах ёсць усё, для ажыццяўлення медыцынскіх, планавых аглядаў – можна зрабіць электракардыяграму, правесці забор крыві на аналізы, даведацца пра ўзровень цукру ў крыві, памераць ціск, зрабіць неабходную прышчэпку. Дарэчы, толькі ў двух раёнах вобласці – Петрыкаўскім і Рэчыцкім, працуюць такія комплексы.

– Варта разумець важную акалічнасць: 33% насельніцтва раёна – людзі пенсійнага ўзросту і іх патрэбы не абмяжоўваюцца якаснымі медыцынскімі паслугамі. Таму наша мэта: агульнымі намаганнямі паказаць, што яны, асабліва ў вёсках, не забытыя. Мы павінны ўсімі сіламі прапанаваць і забяспечыць нашым дзядулям і бабулям паўнавартаснае жыццё, – акрэсліла Святлана Уладзіміраўна.
На сустрэчы разглядалася яшчэ адно злабадзённае пытанне ўхілення падрастаючага пакалення ад негатыўнага ўплыву курэння, ужывання алкаголю і наркатычных рэчываў. Зараз у грамадстве назіраецца дзве трывожныя тэндэнцыі: дзеці пачынаюць цікавіцца энергетычнымі напоямі, а ўсё больш прыцягнутых да адказнасці па наркатычных артыкулах асоб – падлеткі з добранадзейных сем’яў.
Стымулюе такую нездаровую цікавасць прапанова лёгкага заробку з боку наркадылераў.

Парады па прадухіленні бяды, насамрэч, простыя: варта больш цікавіцца асабістым жыццём свайго дзіцяці, зрабіць усё, каб паміж вамі панавала добразычлівая атмасфера ўзаемаразумення. Ведаць сяброў свайго сына ці дачкі, па-свойску гутарыць з імі і цікавіцца справамі – нармальна і карысна. Разам з тым абавязкова трэба цікавіцца і віртуальным жыццём свайго дзіцяці: праглядаць яго пасты ў сацыяльных сетках, ведаць музыку, якую ён слухае, гартаць стужкі паблікаў, груп і каналаў, на якія дзіця падпісанае. Зусім нялішнім будзе і далікатны кантроль стану падлетка, у якім ён прыходзіць дадому з прагулак.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о