Што турбуе жыхароў прыватнага сектара

0
221

Навагоднія святы для кожнага жыхара доўгачаканыя і жаданыя. Звон бакалаў, радасныя сустрэчы, пажаданні і падарункі – час, напоўнены пазітыўнымі эмоцыямі. Вельмі важна, каб былі ўсе складнікі для святочнага настрою, добрага баўлення часу.
Канец мінулага года для многіх жыхароў прыватнага сектара райцэнтра быў адзначаны непрыемным сюрпрызам. Размова ідзе пра паслугу адпампоўкі вады з каналізацыйных люкаў, ці дакладней – у адсутнасці магчымасці скарыстацца ёю. Не буду казаць за землякоў – хоць ведаю не па чутках пра дыскамфорт, які адчувае насельніцтва ад сітуацыі – падзялюся сваёй гісторыяй.
Для афармлення заяўкі па адпампоўцы вады я адправілася ў кантору КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” у сярэдзіне снежня мінулага года. Работнік камунальнай службы паведаміла, што на дадзенны момант магчымасці ў аказанні такой паслугі няма. На маю просьбу ўнесці грошы за паслугу і аформіць заяўку для адпампоўкі ў далейшым, атрымала адказ: яшчэ папярэднія заяўкі не выкананы. Падумала: усялякае бывае на прадпрыемстве. Увайшла ў становішча і да мінімуму скараціла выкарыстанне вады.

За тры дні да Новага года паўторна наведала пункт заказаў. Пачула знаёмае: нічым не можам дапамагчы. Калі я пачала задаваць нязручныя пытанні, мне прапанавалі “пазначыць адрас пражывання для ўнясення ў спіс на чаргу” але “нічога ў хуткім часе не абяцаем”. Я спытала ў работніка: сцірка бялізны, мыццё посуду, карыстанне душам – мне таксама ўзяць на спіс? Адказу я не атрымала.

Як так атрымліваецца: у наяўнасці жыллёва-камунальнай службы раёна спецыяльная тэхніка для адпампоўвання вады ёсць, грошы за яе паслугі мы аплачваем са свайго кашалька, а новы год сустракаем “з зачыненым кранам”?
Хочацца атрымаць адказ ад кіраўніцтва Петрыкаўскага камунгаса па рашэнні дадзенага пытання, бо прыйшоў студзень – а праблема нікуды не дзелася.

Святлана СОБАЛЕВА

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о