Шлях у 110 гадоў. Петрыкаўская ЦРБ вядзе сваю гісторыю з 1913 года

0
786

На тэму здароўя, яго каштоўнасці і бясцэннасці, сказана і напісана шмат. Напярэдадні прафесійнага свята медработнікаў мы сустрэліся з кіраўніком сістэмы аховы здароўя Петрыкаўшчыны Вольгай Семікопенка, каб згадаць старонкі гісторыі, пагаварыць пра сённяшні стан медыцынскага абслугоўвання ў раёне, акрэсліць перспектывы.

З гісторыі развіцця сістэмы аховы здароўя на Петрыкаўшчыне
– Першая згадка пра лячэбныя ўстановы на тэрыторыі Петрыкаўшчыны датавана 1913 годам, – пачала экскурс у гісторыю Вольга Леанідаўна. – Ужо ў 1919 годзе ў мястэчку існавала Савецкая бальніца, якая размяшчалася ў будынку былога ваеннага склада і мела 3 карпусы: заразны барак, вартоўню, каменны будынак, прыстасаваны пад стацыянар. Бальніца была разлічана на 30 ложкаў, аднак на лячэнні знаходзілася пастаянна 60 чалавек. У структуры пралечаных хворых 15% складалі туб-хворыя. У бальніцы працавалі 3 урачы, 2 фельчары, 22 чалавекі тэхнічнага персаналу. У 1922 го-дзе ў бальніцы акрамя “заразнага” барака адкрыта спецыяльнае хірургічнае, радзільнае аддзяленне на 5 ложкаў, амбулаторыя.

У час гутаркі даведваемся наколькі імкліва развівалася медыцына на Петрыкаўшчыне: так, у 1923 годзе адкрыты аптэкі ў Петрыкаве і Капаткевічах, а ў 1924 годзе пры амбулаторыі ў Петрыкаве пачаў працаваць зубалячэбны кабінет.

Шлях у 110 гадоў. Петрыкаўская ЦРБ вядзе сваю гісторыю з 1913 годаУ 30-40-я гады, згодна архіўных дакументах, у Петрыкаўскім раёне функцыянавалі: бальніца на 50 ложкаў, у тым ліку радзільнае аддзяленне на 10 ложкаў, амбулаторыя з зубнымі кабінетамі, кансультацыя, урачэбны пункт пры станцыі Капцэвічы, фельчарскія пункты ў Бабунічах, Ляскавічах, Грабаве, Снядзіне, Камаровічах. Арганізаваны прышчэпачны пункт, дзе праводзіліся прышчэпкі супраць шаленства, былі адкрыты тэрапеўтычнае, дзіцячае і інфекцыйнае аддзяленні, тубкабінет.

– 50-я гады. З 1944 года пачынае функцыянаваць паліклініка, дзіцячае аддзяленне, санэпідэмічная станцыя, малярыйны пункт, дзіцяча-жаночая кансультацыя, хуткая дапамога. У 1946 годзе сетка лячэбна-прафілактычных устаноў раёна пашыраецца і налічвае ўжо 4 урачэбныя ўчасткі і 7 ФАПаў. У 1948 годзе ў ЦРБ адкрыты рэнтген кабінет, лабараторыя. У раёне на той час рэгістравалася высокая колькасць інфекцыйных захворванняў: лютавала дыфтэрыя, адзёр з цяжкімі ўскладненнямі, брушны і сыпны тыф. Дзіцячая смяротнасць складала 50-60%. Лячэбныя ўстановы не былі забяспечаны цвёрдым і мяккім інвентаром, інструментарыем у дастатковай колькасці. Толькі ў 1951 годзе для патрэб бальніцы была набыта адна машына хуткай дапамогі і адна грузавая машына, – пазнаёміла нас з чарговым фактам гісторыі ЦРБ Вольга Семікопенка.

Да 60-х гадоў сетка лячэбна-прафілактычных устаноў пашырылася, у яе структуру ўвайшлі: ЦРБ на 125 ложкаў, 3 сельскія ўчастковыя бальніцы, 5 урачэбных амбулаторый, 14 ФАПаў. У раёне працавалі 16 урачоў, 82 сярэднія медработнікі. Па-ранейшаму рэгіструюцца роды дома. Ахоп стацыянарнай родадапамогай – 70%, астатнія нараджалі дома. Дзіцячая смяротнасць складала 45%.

Асноўным напрамкам у развіцці аховы здароўя раёна ў 70-80-я гады, як пазначыла наша суразмоўца, было імкненне да цэнтралізацыі, засяроджвання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў ЦРБ, развіццё спецыялізаваных відаў медыцынскай дапамогі. У 1971годзе ўведзены ў строй бальнічны комплекс ЦРБ. Праведзены капітальны рамонт будынкаў старой бальніцы з падключэннем да агульнагарадской каналізацыі, вадаправода, цэнтральнага ацяплення. У гэты ж час усе бальніцы і амбулаторыі папоўнены абсталяваннем, інструментарыем, цвёрдым і мяккім інвентаром. Палепшылася ўкамплектаванне ўрачамі лячэбных устаноў раёна: працавала 56 урачоў, 10 зубных урачоў, 341 сярэдні медработнік. Адкрыта першае ў вобласці аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, – не без гонару згадала гістарычны факт галоўны ўрач.

Цікава было згадаць, што ў 90-я сетка медустаноў раёна выглядала наступным чынам: ЦРБ – магутнасцю 365 ложкаў, Капаткевіцкая гарбальніца – 75 ложкаў, Ляскавіцкая УБ – 25 ложкаў, Навасёлкаўская УБ – 60 ложкаў, 8 урачэбных амбулаторый, 37 ФАПаў, 15 аптэк, 1 СЭС, 2 фельчарскія здраўпункты. Радзільны дом на 30 ложкаў быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1993 годзе, а ў 1996 – новы будынак харчаблоку ЦРБ на 600 хворых.
2000-я: у верасні 2006 года завершаны капітальны рамонт інфекцыйнага аддзялення, рэканструкцыя аперацыйнага блока. З 2008 года функцыянуе зала праграмнага гемадыялізу (штучная нырка). У 2008-2009 гадах завершаны капітальны рамонт хірургічнага аддзялення, аперацыйнага блока і рэанімацыі, што дало магчымасць істотна палепшыць умовы для знаходжання хворых, а аснашчэнне гэтых аддзяленняў сучасным абсталяваннем дало магчымасць павысіць якасць аказання медыцынскай дапамогі.

Штодзень на варце здароўя
– Сёння ў раённай паліклініцы вядуць прыём урачы па 16 спецыяльнасцях. Функцыянуюць кабінеты УГД, рэнтген кабінет, кабінет ЗЛЖ, вядзе амбулаторны прыём псіхолаг. Праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўмацаванні здароўя насельніцтва раёна, павышэнні якасці і паляпшэнні даступнасці медыцынскай дапамогі.
Стацыянарнае лячэнне арганізавана ў 10 аддзяленнях: 1-м і 2-м тэрапеўтычных, педыятрычным, прыёмным, хірургічным, фізіятэрапеўтычным, гінекалагічным, інфекцыйным, рэанімацыйным і міжраённым аддзяленні праграмнага гемадыялізу, працоўныя калектывы якіх кампетэнтныя, адданыя сваёй справе людзі. Штогод праходзяць стацыянарнае лячэнне больш за 8000 чалавек.

Калі падвесці вынікі прафесійнага года, то яны ўнушальныя: адкрыты акушэрска-генікалагічны корпус, набыты перасоўны пункт для абслугоўвання вясковага насельніцтва і машына хуткай медыцынскай дапамогі, набытыя тэнтальны апарат і лазер. Акрамя таго створаны і працуюць два кругласутачныя здраўпункты на Петрыкаўскім рудаўпраўленні ААТ “Беларуськалій”.
Самай чаканай падзеяй для калектыву і насельніцтва раёна з’яўляецца адкрыццё кабінета камп’ютарнай тамаграфіі. Спа-дзяюся, што ў бліжэйшы час наша агульная мара ажыццявіцца. На сённяшні дзень пры спонсарскай падтрымцы Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” завяршаецца рамонт кабінета. Гатовыя і кадры для работы на КТ: тры спецыялісты прайшлі перападрыхтоўку.

У планах, па меры нашых сіл і сродкаў, займацца бягучымі рамонтамі аддзяленняў і ФАПаў. Сярод станоўчых момантаў апошняга часу можна агучыць вырашэнне кадравага пытання. Актыўна выдаём мэтавыя накіраванні на вучобу, каб мець гарантыю, што маладыя спецыялісты вернуцца да нас. Тым, хто мае патрэбу, прапануем арэнднае жыллё, яго нам прадастаўляе Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій”. Калі трэба – накіроўваем на перакваліфікацыю. Сёлета заключана 30 мэтавых дагавораў: 25 у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, 5 – у вышэйшыя. У жніўні па размеркаванні да нас прыедзе 21 малады спецыяліст, пяцёра з іх – выпускнікі школ Петрыкаўшчыны. Вельмі разлічваем на тое, што яны едуць да нас працаваць, а не адпрацоўваць вызначаны тэрмін, – пазначыла ў час размовы галоўны ўрач Вольга Семікопенка.

У завяршэнні размовы калегам і ветэранам галіны напярэдадні прафесійнага свята Вольга Леанідаўна пажадала здароўя, якое трэба берагчы нават медыкам, павагі пацыентаў, якая заўсёды натхняе і стымулюе, дабрабыту, добрага “надвор’я” ў сем’ях, душэўнай гармоніі, дабрыні, якая з’яўляецца  незамянімым дадаткам да прафесіяналізму, і толькі светлых і радасных дзён у жыцці.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о