Школа жыцця, мужнасці, загартоўкі

0
196

Пачаўся чарговы прызыў на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Днямі мы сустрэліся з ваенным камісарам раёна Аляксандрам АДАМОЎСКІМ, каб пагаварыць пра прызыў, прызыўнікоў і прэстыж ваеннай службы.

Школа жыцця, мужнасці, загартоўкі– Якая арганізацыйная работа праводзіцца раённым камісарыятам напярэдадні прызыву?
– Па-першае, мы накіроўваем адпаведныя запыты ў дзяржаўныя органы і арганізацыі. Так, у цэнтральную раённую бальніцу – па спісах грамадзян, якія падлягаюць чарговаму прызыву, якія стаяць на ўліку ва ўстановах аховы здароўя. З аддзела ўнутраных спраў, напрыклад, запытваюцца спісы тых, хто мае або меў судзімасць, у дачыненні да каго ажыццяўляецца крымінальны пераслед, хто стаіць на ўліку і ў дачыненні да каго судом прыменены прымусовыя меры медыцынскага характару.
Усе гэтыя дадзеныя неабходны для паглыбленага вывучэння прызыўнікоў і прыняцця рашэння аб іх катэгорыі прыдатнасці да ваеннай службы.

– Зыходзячы з праведзенага комплексу падрыхтоўчых мерапрыемстваў, што можаце сказаць пра мінулагодні восеньскі прызыў, якія войскі папоўнілі нашыя хлопцы? Ці падтрымліваеце сувязь з воінскімі часцямі, куды былі накіраваны для праходжання службы землякі?
– У ходзе прызыву ў жніўні-лістападзе мінулага года ў Беларусі сталі ў строй Узброеных Сіл каля 10 тысяч маладых людзей. З Петрыкаўскага раёна былі накіраваны ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні больш за 60 чалавек. Няхай гэта і не так многа на фоне ўсёй рэспублікі, але трэба адзначыць, што кожны з іх ішоў у войска свядома і з жаданнем.
Традыцыйна наш ваенны камісарыят камплектуе воінскія часці сіл спецыяльных аперацый, ВПС і войскаў СПА, механізаваных брыгад, аб’яднанага навучальнага цэнтра, а таксама Унутраных войскаў МУС і часці органаў пагранічнай службы. Па водгуках камандавання вайсковых часцей, нашы хлопцы служаць добра, прывыклі да новай для сябе абстаноўкі і распарадку дня.

– Па вашым меркаванні, наколькі ў сучаснай моладзі сфарміравана пачуццё прэстыжу воінскай службы?
– Дзяржава заўсёды клапацілася пра прэстыж вайсковай службы. Натуральна, сваю нішу ў павышэнні прэстыжу ратнай службы павінна заняць само войска. Школа жыцця, школа мужнасці і загартоўкі – такой заўсёды была і застаецца ваенная служба ў нашым уяўленні.

Аптымізацыя структур злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў, удасканаленне сістэмы іх камплектавання стварылі такія ўмовы, калі наяўнасць прызыўных рэсурсаў дае магчымасць ажыццяўляць паглыблены адбор юнакоў на ваенную службу, службу ў рэзерве па стану здароўя і маральна-дзелавых якасцях. А канкурэнцыя, як вядома, заўсёды нараджае попыт.

Аснова ж працы ваеннага камісарыята і раённай прызыўной камісіі – бесстароннасць. Напрыклад, ніякія знаёмствы не дапамогуць маладому чалавеку служыць у мабільных частках, калі ён мае абмежаванне па здароўі. Мы абавязаны адбіраць для службы толькі найлепшых, самых здаровых.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны хочацца даслаць словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ўсім тым, хто лічыць сябе абаронцам Айчыны! Традыцыйна 23 лютага мы шануем памяць франтавікоў, якія загінулі, адстойваючы свабоду і незалежнасць Радзімы. Ганарымся ваеннаслужачымі, якія абараняюць межы роднай зямлі, і тымі, хто надзейна ахоўвае свой дом, мір і сваю будучыню.

Паважаныя ветэраны, цяперашнія і будучыя абаронцы Айчыны! Сёння ад вашай прынцыповай грамадзянскай пазіцыі, гатоўнасці стаяць на варце суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны залежыць мір і спакой у роднай краіне. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, светлых надзей на будучыню, міру, бадзёрасці духу і невычэрпнай энергіі.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о