Шчаслівая сям’я ў прыярытэце

0
434

На базе Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла дыялогавая пляцоўка “Захаванне сямейных каштоўнасцей”.

Пытанні выхавання дзяцей аб’ядналі спецыялістаў, прадстаўнікоў структур прафілактыкі, бацькоў. На пачатку мерапрыемства загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Алена Кохан запрасіла ўдзельнікаў да канструктыўнага дыялогу, адзначыўшы, што стварэнне шчаслівай сям’і патрабуе ад дарослых вялікай працы, праяўлення адказнасці. Алена Дзмітрыеўна адзначыла, што падтрымка бацькоўства, захаванне сямейных каштоўнасцей – нацыянальныя прыярытэты грамадства. Загадчыца аддзялення першаснага прыёму, інфармавання, прагназавання і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Святлана Алёкса працягнула думку і на прыкладах існуючых дзяржаўных праграм, рэалізацыі комплекса мер, якія прадугледжваюць усебаковую дапамогу бацькам, наглядна прадэманстравала ўдзел дзяржавы ў выхаванні дзяцей. Выплаты пры нараджэнні дзіцяці, прадастаўленне сямейнага капіталу шматдзетным сем’ям, падтрымка пры будаўніцтве жылля, гарантыі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага заканадаўства робяць мацярынства ў краіне надзейным.

Шчаслівая сям’я ў прыярытэце
Мацярынства высока адзначаецца на дзяржаўным узроўні. На Петрыкаўшчыне 72 матулі ўзнагароджаны Ордэнам Маці

Безумоўна, дзяржава робіць усё магчымае для падтрымкі, годнага існавання сем’яў, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія. Але ў першую чаргу бацькі павінны зрабіць жыццё свайго чада годым і бяспечным. Алена Петушкова, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, агучыла прыклады, калі па віне дарослых гінуць малыя: пакінутыя без нагляду дзеці, у доступе запальваючыя прылады, не правільная зарадка мабільных прылад. Дарэчы, апошняе, за параўнальна кароткі тэрмін стала прычынай смерці і траўміравання дзяцей. Сітуацыі аднолькавыя: маці пакідала дзіця з планшэтам, калі той знаходзіўся на зарадцы. А сама ненадоўга выходзіла па сваіх справах. Мабільная прылада ўзрывалася, пачынаўся пажар. Прычына бяды – парушэнне правілаў эксплуатацыі прылады. Па словах спецыяліста: спраўныя пажарныя апавяшчальнікі, электрапрылады, печы – пытанні абавязковыя для выканання. Большая колькасць абарваных дзіцячых жыццяў адбываецца па прычыне злоўжывання бацькамі спіртных напояў. Тэму нядобранадзейнасці працягнула намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жанна Адаменка. Спецыяліст пад-крэсліла: тое, што бачаць дзеці ў сям’і – закладваецца ў іх саміх. Пры наведванні сем’яў, можна заўважыць, што моладзь глядзіць фільмы з элементам забойства, гвалту, у хаце можна пачуць непрыстойныя словы – усе гэтыя моманты робяць адбітак на станаўленні характару непаўналетніх. Прыклад маці і бацькі ў справах, адносінах, жыццёвых каштоўнасцях павінен мець правільны накірунак. Канечне, бывае, што дарослыя ступаюць на “крывы” шлях, дазваляюць сабе факты амаральнасці, сям’я набывае статус нядобранадзейнай. Работнікі служб прафілактыкі робяць усё магчымае, каб вярнуць радасць і спакой у сям’ю. І гэта магчыма, калі бацькі прызнаюць праблему і прымаюць дапамогу.

Хвалявала законных прадстаўнікоў і пытанне ўзаемаадносін з дзецьмі-падлеткамі. Псіхолаг ЦРБ Людміла Валынец раіла звяртаць увагу на псіхалагічнае здароўе дачкі або сына. Была закранута тэма рызыкі здзяйснення суіцыдаў. Па словах псіхолага, страта інтарэсу да звычнай дзейнасці, хранічная стомленасць, ухіленне ад зносін, парушэнне сну, апетыту, драпіны, парэзы на целе – усё гэта павінна насцярожыць законных прадстаўнікоў. Спецыяліст заклікае бацькоў пры першых падазрэннях звяртацца за кампетэнтнай дапамогай. Не трэба ўтойваць праблему. Галоўнае – вярнуць дзіця да нармальнага жыццёвага рытму.

Не пакінула абыякавым выступленне начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Сяргея Шылянкова. Некаторыя прысутныя выказвалі думку, што цяжка асэнсаваць пачутае: сямейны гвалт, правапарушэнні супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх – дзеянні, якія дапушчаюць дарослыя. Была закранута тэма распаўсюджвання непаўналетнімі наркатычных рэчываў і ўдзелу ў незаконных маладзёжных арганізацыях. Прадстаўнік сілавой структуры ўпэўнены: каб не дапусціць непапраўнага, павінен быць пастаянны кантораль з боку законных прадстаўнікоў, установы адукацыі, структур прафілактыкі. Цесныя і даверлівыя адносіны з бацькамі, цікавая пазаўрочная занятасць, годны прыклад для пераймання – дазволяць зменшыць рызыку супраць-праўных дзеянняў з боку падлеткаў. Некаторыя бацькі ў час адкрытага дыялогу скардзіліся на негатыўны ўплыў інтэрнэт-прасторы на станаўленне асобы дзяцей. Сяргей Аляксандравіч адказаў, што сучасныя дзеці – прадстаўнікі свайго часу. Інтэрнэт нікуды не знікне, трэба вучыць дзяцей выкарыстоўваць яго з карысцю.

Спецыялістамі былі раздадзены бацькам буклеты з патрэбнай інфармацыяй, нумарамі тэлефонаў, куды можна звярнуцца, каб атрымаць параду, дапамогу.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о