
Галоўным трыумфатарам сёлетняга жніва стаў механізатар СУП “Палессе-Аграінвест” Аляксей Клімчык, які на сваім верным камбайне КЗС-1218 намалаціў больш за 2000 тон збожжа – і гэта лепшы паказчык у раёне, які выклікае шчыры гонар і павагу.
Любоў да роднай зямлі і працы на ёй у Аляксея Іванавіча ў крыві, бо паходзіць ён з сапраўднай дынастыі аграрыяў. Нарадзіўся і вырас будучы перадавік у вёсцы Брынёў. Там жа скончыў мясцовую школу і на вытворчым камбінаце атрымаў правы кіроўцы. З таго самага часу і не разлучаецца з рулём сельгасмашын.
Сельскагаспадарчую працу ён ведае з маленства і не па чутках. Маці нашага героя ўсё жыццё адпрацавала даяркай, а бацька быў незаменным чалавекам у гаспадарцы – працаваў зваршчыкам і кавалём. Родныя браты мужчыны працуюць у Ляскавічах: адзін вадзіцелем, другі – механізатарам.
Свой уласны працоўны шлях Аляксей Клімчык пачынаў на ляскавіцкіх палетках. Пазней, змяніўшы месца жыхарства, перайшоў у СУП “Палессе-Аграінвест”. Дзе б ні працаваў гэты моцны, надзейны, ад зямлі чалавек, ён штогод становіцца лідарам жніва. Хлебаробская справа для яго, як адзначае сам герой, – не проста праца, а сэнс усяго жыцця.
Мы сустрэлі Аляксея Іванавіча прама ў полі, дзе горача нават пасля завяршэння асноўнай уборачнай. Земляробчы каляндар не ведае паўз: ледзь паспела аціхнуць збожжавая ніва, як перадавік перасеў на нарыхтоўку кармоў – цяпер ён рупліва працуе на ўборцы кукурузы на сілас.
На пытанне пра сакрэты поспеху, са стомленай, але шчаслівай усмешкай заўважае:
– Сакрэт поспеху просты: любіць сваю зямлю, уставаць да сонца і не падводзіць калег. На сваім КЗС-1218 я працую ўжо пяты сезон. Тэхніка выдатная, надзейная – ні разу не падвяла. Калі да яе з душой, своечасова дагледзець, падкруціць, змазаць – яна абавязкова адплаціць працоўнымі поспехамі.
Сёлетняя спёка і капрызы надвор’я патрабавалі ад аграрыяў максімальнай канцэнтрацыі. Працавітасць і выключны прафесіяналізм механізатара далі бліскучы вынік: лічба на лічыльніку намалоту пераадолела запаветную адзнаку ў 2000 тон.
Дома за тату хвалююцца і шчыра ганарацца яго поспехамі двое сыноў. Старэйшы выбраў мужны шлях і зараз вучыцца ў ваенным вучылішчы, а малодшы яшчэ школьнік, але ўжо добра ведае, якой цаной здабываецца хлеб на стале. Для хлопцаў бацька – найлепшы прыклад сапраўднага чалавека, які трывала стаіць на роднай зямлі і сваёй працай мацуе дабрабыт сям’і і краіны.
Для роднага прадпрыемства і раёна яго паказчык – важкі ўклад у агульны каравай. Кіраўніцтва і калегі ў адзін голас зазначаюць: Аляксей Іванавіч – чалавек слова і справы, на якога заўсёды можна разлічваць. Таму цалкам заканамерна, што менавіта ён прызнаны лепшым раёна па выніках уборачнай кампаніі.
Ужо ў гэтую пятніцу на святочнай сцэне раённых “Дажынак” Аляксей Клімчык будзе ўшанаваны пад бурныя апладысменты землякоў. Заслужаныя ўзнагароды, дыпломы і каштоўныя падарункі – гэта наш агульны нізкі паклон за яго мазолістыя рукі, бяссонныя ночы і за тое, што кожная беларуская сям’я будзе з духмяным караваем.
Петрыкаўшчына ганарыцца сваімі механізатарамі, і прыклад Аляксея Іванавіча Клімчыка даказвае: пакуль на нашай зямлі працуюць такія адданыя і моцныя людзі, харчовая бяспека краіны – у надзейных руках!
Галіна КАЗАК, фота аўтара.







Оставить комментарий