
Напярэдадні раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2026” мы працягваем знаёміць чытачоў з тымі, чыімі рукамі здабываецца галоўнае багацце краіны – хлеб. Сённяшні наш герой – Ігар Чычыкайла, механізатар з 30-гадовым стажам ААТ “Навасёлкі”, чалавек глыбокай жыццёвай мудрасці і шчырай адданасці роднай зямлі.
Ад казахстанскіх стэпаў да фаставіцкіх палеткаў
Лёс часам робіць крутыя віражы. Ігар Адамавіч нарадзіўся далёка адсюль – у Казахстане, куды яго сям’я ў свой час накіравалася ў пошуках лепшай долі і заробкаў. Аднак, як кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Калі хлопчыку было чатыры гады, бацькі прынялі цвёрдае рашэнне вярнуцца на малую радзіму – у вёску Фаставічы. Менавіта тут прайшло яго маленства, тут ён скончыў школу, атрымаў прафесію і зразумеў, што яго прызванне – быць гаспадаром на зямлі.
Вось ужо тры дзесяцігоддзі Ігар Чычыкайла нязменна працуе механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Лічба 30 гадоў працы на адным месцы гаворыць сама за сябе – гэта ўзор вернасці абранаму шляху, які выклікае глыбокую павагу.
Надзейны тыл і сямейнае шчасце
Сваю каханую жонку, якая стала для яго сапраўднай падтрымкай, Ігар Адамавіч сустрэў у суседніх Камаровічах. Выбар аказаўся адзін і на ўсё жыццё. Сёлета іх сямейнаму саюзу спаўняецца 21 год. Гэты час яны пражылі ў ла-дзе і згодзе: разам будавалі дом, шчыравалі на ўласным падворку, гадавалі дзяцей. Жонка нашага героя – чалавек у вёсцы паважаны і чулы, яна заўсёды забяспечвае мужу надзейны, цёплы тыл. У шчаслівым шлюбе нарадзіліся двое сыноў – сапраўдны гонар бацькі. Малодшы пакуль заканчвае вучобу, а вось старэйшы ўжо цвёрда стаіць на нагах. Ён пайшоў па слядах бацькі, звязаўшы жыццё з сельскай гаспадаркай: працуе ў ААТ “Навасёлкі” загадчыкам мехмайстэрняў.
“Сею, жну і прыбіраю…”
Праца механізатара – круглагадовая і напружаная. Для Ігара Адамавіча гэта не проста рабочае месца, а справа, у якую ён укладвае ўсю сваю душу. Зараз, калі жніво завершана, мужчына ўжо заняты на сяўбе азімых.
– Я чалавек шчаслівы, бо пражыў добрае і правільнае жыццё, – разважае Ігар Адамавіч. – Сыны – мой гонар, жонка – надзейная падтрымка. А работа… Яна ж любімая! Вось так і атрымліваецца: сам сею, сам жну і прыбіраю. Справа гэтая вельмі адказная і патрэбная людзям. Таму заўсёды сачу за маладымі парасткамі, еду міма поля – абавязкова зазірну, пагляджу, як яны там узыходзяць, як набіраюцца сілы.
Такое замілаванне сваёй працай заўсёды прыносіць плён. Калі надыходзіць час жніва, вопытны хлебароб ужо ведае, што колас будзе наліты і поўны, а намалоты – годныя. Вось і сёлета Ігар Чычыкайла разам са старэйшым сынам (а яны ўжо пяты сезон упэўнена працуюць у адным экіпажы) пераадолеў запаветны рубеж і намалаціў сваю тысячу тон збожжа! Гэтым дасягненнем хлебароб у чарговы раз упісаў сваё імя ў лік перадавікоў раёна.
Чалавек, на якога можна разлічваць
Кіраўніцтва ААТ “Навасёлкі” адзначae, што Ігар Чычыкайла – гэта той працаўнік, на якога заўсёды можна разлічваць у любой сітуацыі. Яго вопыт, адказнасць і бязмежная адданасць зямлі – прыклад для маладых калег.
Раённыя “Дажынкі-2026” ужо на парозе, і наш герой сустракае іх з гонарам за выкананы абавязак. Хлеб у закрамах, а наперадзе – новыя зялёныя ўсходы і новыя жніўныя дарогі.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.







Оставить комментарий