У адзіным рытме з хлебаробамі

0
169

У адзіным рытме з хлебаробамі

Калі залацістае збожжа пакідае палі, а ў паветры разліваецца прыемны пах свежага зерня, мы ўшаноўваем не толькі прафесійных хлебаробаў. У напружаны час жніва на дапамогу аграрыям прыходзілі людзі самых розных прафесій, якіх аб’ядноўвала адна мэта – сабраць і захаваць ураджай. Адзін з такіх – лесавод Камаровіцкага лясніцтва Андрэй Дамасевіч.

Для Андрэя Аляксандравіча ўдзел ва ўборачнай кампаніі даўно стаў добрай традыцыяй. Вось ужо восьмы гад ён, пакінуўшы на час сваю асноўную працу ў лесе, выходзіць у поле, каб падставіць плячо землякам, работнікам ААТ “Навасёлкі”.

– Мы, вясковыя людзі, як ніхто іншы разумеем важнасць якаснай і аператыўнай уборкі ўраджаю, – пачынае размову мужчына. – Гэта наш агульны хлеб, наша агульная справа. Таму, калі прыходзіць час жніва, я заўсёды гатовы дапамагчы. Прыемна, што кіраўніцтва Петрыкаўскага лясгаса падтрымлівае такія ініцыятывы і з разуменнем ставіцца да жадання папрацаваць на ніве.

У гэтым сезоне Андрэй Аляксандравіч паспрабаваў сябе ў розных ролях: пачаў у якасці памочніка камбайнера, а ў жніўні атрымаў новае, адказнае назначэнне – стаў памочнікам аператара зернесушыльнага комплексу. Са слоў героя, пераход на комплекс – гэта новы ўзровень адказнасці. Тут, у шумным сэрцы гаспадаркі, дзе збожжа праходзіць шлях ад вільготнага ўраджаю да якаснага насення, патрэбны не толькі моцныя рукі, а вострае вока, вытрымка і  разуменне тэхналогій.
Нягледзячы на тое, што праца як на камбайне, так і зернетаку патрабавала фізічнай вынослівасці і ўвагі, зямляк прызнаецца: ад выкананага атрымліваў сапраўднае задавальненне.

– Працаваць на малой радзіме заўсёды лягчэй і прыемней, – упэўнены суразмоўца. – Тут ведаеш кожнага чалавека, кожны палетак, кожную сцяжынку. Адчуваеш падтрымку калег і адказнасць перад аднавяскоўцамі.

Аднак галоўная гордасць Андрэя Дамасевіча – яго сям’я. Ён шчаслівы бацька пецярых сыноў. У яго доме заўсёды весела і шумна, але галоўнае – тут выхоўваецца сапраўдная мужчынская змена.

Сваім штодзённым прыкладам бацька паказвае дзецям, што такое сапраўдная адказнасць. Гэта не гучныя словы, а канкрэтныя справы: сумленная праца ў лесе, полі, клопат пра сям’ю, разуменне важнасці агульнай справы. Гледзячы на бацьку, які не баіцца цяжкасцей і заўсёды імкнецца да выніку, сыны вучацца быць надзейнымі, працавітымі і адказнымі людзьмі.

Такія людзі, як наш герой вартыя ўвагі. 14 верасня будзе трыццаць гадоў, як мужчына працуе ў лясной галіне. Яго актыўная жыццёвая пазіцыя, імкненне асвойваць новыя навыкі і ўменне спалучаць працу з выхаваннем вялікай сям’і выклікаюць шчырую павагу.

Мы дзякуем работніку лясгаса за яго самаадданасць, за хлеб, які, дзякуючы ў тым ліку і яго намаганням, трапляе на нашы сталы. Жадаем яму і яго вялікай сям’і здароўя, дабрабыту і новых працоўных поспехаў!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о