
Напярэдадні галоўнага свята хлебаробаў Петрыкаўшчыны, мы сустрэліся з чалавекам, які неаднаразова станавіўся героем рэпартажаў раённага выдання: Сяргей Мацэгуда, вадзіцель на адвозцы зерневых і зернебабовых культур БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.
Кожны, хто працуе на жніве, ведае: надвор’е не паправіш, з дажджом ці засухай не паспрачаешся, але ўсё, што залежыць ад чалавека, зрабіць можаш і павінен. Менавіта па такім прынцыпе працуе Сяргей Уладзіміравіч. Для аграрыя сёлетні сезон уборачнай – чарговы экзамен на прафесіяналізм, які ён здаў бліскуча. Сярод цэлай плеяды герояў жніва раёна яго імя гучала першым.
Па выніках уборачнай кампаніі яму прысвоена ганаровае званне “Першы тысячнік” сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа. Лічба ўражвае: на сваёй магутнай машыне ён перавёз 4 192 тоны збожжа! Зрэшты, для вопытнага аграрыя гэты рубеж не новы. За 12 гадоў працы ў полі ён неаднаразова атрымліваў заслужаныя ўзнагароды, і гэты год толькі пацвердзіў: яго працавітасць і адданасць сельскай гаспадарцы не ведаюць межаў.
– Прафесія вадзіцеля ў сельгаспрадпрыемствах – адна з адказных і запатрабаваных. Працуючы ў цесным узаемадзеянні з механізатарамі, мы становімся важным звяном у дакладнай рабоце любой сельскагаспадарчай кампаніі. Вядома, працаваць летам у полі нялёгка. У час уборачнай кампаніі за дзень атрымлівалася зрабіць 8-9 рэйсаў. Але з цягам часу праца становіцца звыклай, прыносіць задавальненне, – дзеліцца аграрый.
Да сваіх поспехаў Сяргей Уладзіміравіч ставіцца спакойна. Ён сціплы чалавек, які жыве па прынцыпе “больш справы, менш слоў”. Працаўнік імкнецца прыносіць карысць сваёй гаспадарцы, працаваць з самааддачай.
– Сакрэтаў поспеху ў мяне няма. Проста трэба якасна выконваць свае абавязкі. Ад гэтага залежыць харчовая бяспека раёна. Пакуль мы адказна працуем, хлеб заўсёды будзе на стале беларусаў.
За кожным рэйсам, за кожнай тонай перавезенага збожжа стаіць вялікая адказнасць. Але ёсць у Сяргея Уладзіміравіча і надзейны тыл. Дома яго заўсёды чакаюць любімая жонка і дзеці. Менавіта іх падтрымка, цёплыя словы і ўсмешкі даюць сілы вяртацца ў поле зноў і зноў, каб з першымі промнямі сонца сесці за руль МАЗа і працягваць сваю адказную місію.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий