Набліжаюцца раённыя Дажынкі – свята працаўнікоў вёскі, час падзякі за шчодры ўраджай, за залатое збожжа, што ўвасобілася ў багаты каравай нашай роднай зямлі. Але за кожным зернем стаіць не толькі праца хлебаробаў, але і нябачная, але такая важная праца тых, хто забяспечвае іх сіламі і энергіяй. Мы гаворым пра тых, хто з любоўю і клопатам гатуе смачныя і сытныя абеды, што даюць сілы для далейшых здзяйсненняў нашых кухараў.
Мы наведалі сталовую сельгаспрадпрыемства БК-АГРА ААТ «Чалюшчавічы», дзе нас са шчырай усмешкай сустрэла повар Надзея Верталь. Наша гераіня родам з вёскі Новыя Галоўчыцы. Пасля заканчэння школы, Надзея Аркадзьеўна паступіла ў Мазырскі тэхнікум на спецыяльнасць «повар». Атрымаўшы дыплом, гераіня разам са сваім мужам Сяргеем Іванавічам, пераехалі ў Чалюшчавічы, каб працаваць у сельскай гаспадарцы. Маладая сям’я атрымала арэнднае жыллё, муж уладкаваўся вадзіцелем, а Надзея – поварам у сталовай.
За шаснаццаць гадоў працы яна не толькі стала майстрам сваёй справы, але і стварыла сапраўдныя фірменныя стравы, якія любяць і чакаюць усе наведвальнікі. Духмяныя булачкі, і пышныя пірагі з розным начыннем, і, вядома ж, велічныя караваі, якія сімвалізуюць багацце ўраджаю. А яшчэ – белы і чорны хлеб, які заўсёды свежы і смачны, першыя і другія стравы на любы смак.
– Выпечка цалкам натуральная, ніякіх дабавак не змяшчае. Мука, цукар, дрожджы – вось, практычна, і ўсе інгрэдыенты. А смак такі, таму што ў правільных прапорцыях замешваецца цеста, выконваецца ўся тэхналогія выпечкі. Але самае галоўнае – укладзеная часцінка ўласнай душы. На працягу ўсяго працэсу думаю аб тым, каб смачна было нашым хлопцам, якія шмат і цяжка працуюць. Працуюць для таго, каб кожны з нас мог з’есці такую вось смачную булачку. – дзеліцца повар, – Канечне, многія могуць прыгатаваць страву дома, але не кожны асіліць аналагічную працу там, дзе вялікая колькасць людзей. Адна справа – бульбяная запяканка або расольнік на сям’ю з трох чалавек. Іншае – на калектыў сельскай гаспадаркі. – Да такога рытму працы прывыкла. Галоўнае – да гэтага часу атрымліваю задавальненне ад таго, што гатую для нашых хлебаробаў. “Дзякуй” ад механізатараў – самая прыемная ўзнагарода, а калі чарговы раз пачую “Аркадзьеўна, а дабаўкі можна?” – шчырая ўсмешка і добры настрой на цэлы дзень забяспечаны, – распавядае суразмоўца.
Дарэчы, менавіта здобу Надзея Аркадзьеўна лічыць сваёй кароннай стравай. Повар дзеліцца сваім вопытам, напрацоўкамі, рэцэптамі і сакрэтамі смачных страў з маладым пакаленнем работнікаў сталовай. А ўсім захопленым кулінарыяй яна дае параду, як зрабіць так, каб звыклая на першы погляд страва зайграла сваімі фарбамі: – Галоўныя інгрэдыенты, пра якія нельга забываць: клопат і каханне.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий