У канцы мінулага тыдня на базе Капаткевіцкага сельскага Савета прайшло пасяджэнне раённай камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам.

Тэма злоўжывання спіртнымі напоямі востра стаіць у сучасным грамадстве. Дадзеная залежнасць знаходзіцца на трэцім месцы сярод прычын смяротнасці насельніцтва, а 40% усіх злачынстваў здзяйсняецца асобамі ў нецвярозым стане. Для больш прадуктыўнай работы, вывучэння праблемы на месцах і магчымасці аказаць садзеянне ў вырашэнні праблемных сітуацый, камісія ўзяла за практыку праводзіць пасяджэнні ў населеных пунктах раёна.
У актавай зале Капаткевіцкага сельвыканкама сабраліся прадстаўнікі структур прафілактыкі, устаноў аховы здароўя, адукацыі, упраўлення па працы. Іх задача – дапамагчы скласці алгарытм дзеяння для паляпшэння жыццёвай сітуацыі землякоў. На камісію прыйшлі сем жыхароў пасёлка. У кожнага за плячыма свая гісторыя, якая прывяла іх да ўвагі з боку праваахоўных органаў. Праца прайшла на даверлівым узроўні: не было папрокаў, апраўданняў ці ўгавораў. Работа будавалася па прынцыпе: чалавек – праблема – прафілактыка – шляхі вырашэння.
Жанчына пасля лячэння ад залежнасці год не ўжывала спіртныя напоі. На працы – без нараканняў і прагулаў. “Сарвалася” разам з мужам адзін раз. Прыйшла да нарколага за дапамогай – баіцца, што спакуса будзе мець працяг. Малады чалавек спіртным не злоўжывае, але нідзе не працуе, будучы абавязаным па выплаце элементаў на дзіця. Начальнік упраўлення па працы асабіста ўзяў сітуацыю на кантроль. З грамадзянінам, які не раз быў заўважаны ўчастковым інспектарам у нецвярозым стане, у час гутаркі высветлілася, што ён прэтэндуе на групу па стане здароўя. Патлумачыць сітуацыю ўзялася намеснік галоўнага ўрача райбальніцы.
Канечне, былі і такія наведвальнікі, якія згаджаліся з усім, каб толькі хутчэй выйсці за дзверы. Але тое, што яны папрасілі нумары тэлефонаў спецыялістаў, дае надзею на лепшае. Увогуле па наведвальніках адчувалася, што яны жадаюць справіцца з праблемай. Ды і згадзіцеся, калі дае параду ці прапануе  дапамогу асабіста намеснік старшыні райвыканкама ці начальнік міліцыі – не прыняць яе сорамна.
Дарэчы, як адзначыла нарколаг Алена Сапоненка, па выніках працы камісіі за бягучы год зменшылася колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на адпаведным уліку. За бягучы год пралечана 185 чалавек амбулаторна, 198 – стацыянарна. В ЛПП накіравана 23 жыхары раёна, дыспансернае назіранне ў сувязі з рэмісіяй спынена ў адносінах да 28-мі. Адзначаецца зніжэнне смяротнасці ад выпадковых атручванняў алкаголем з 5 да 3 у параўнанні з мінулым годам. Спецыяліст адзначыла, што гэтаму паспрыялі ў тым ліку і арганізаваныя выезды ўрачоў псіхіятраў-нарколагаў ва ўсе сельскія Саветы раёна. Пасля такіх сустрэч толькі за апошнія два месяцы звярнуліся за дапамогай у раённую бальніцу 6 чалавек.
– Да канца бягучага года  ва ўсіх сельвыканкамах павінны быць абноўлены спісы жыхароў, якім патрэбна дапамога па дадзенай праблеме. Не пакінуць чалавека адзін на адзін з залежнасцю, праводзіць якасную прафілактыку, аказаць спецыялізаваную дапамогу, – дала даручэнне старшыня камісіі Святлана Сянько.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о