Апошні дзень красавіка, што прыпадаў на суботу, быў у кожнага свой. Што да мяне, то раніцай я дакладна не ведаў, чаго чакаць ад будучага падарожжа… Але зараз з упэўненасцю магу прызнацца: па-першае, вандроўка запомнілася выдатнымі ўражаннямі, па-другое, варта больш пільна сачыць за запрашэннямі на мерапрыемствы.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Тураў сустракаў мностам буслянак ва ўсіх кутках горада

Па сутнасці, нічога звышнатуральнага не адбылося. Проста ўжо другі год хацеў наведаць фестываль, прымеркаваны да Дня птушак, што ўжо колькі год праходзіць у суседнім Тураве.

Год назад не здолеў трапіць сюды з-за работы, на гэты раз таксама справы заміналі, але з-за не самага лепшага надвор’я мерапрыемства перанеслі з 2 на 30 красавіка.

Тураў сустракаў кірмашом і мноствам буслянак ва ўсіх кутках горада. На беразе Прыпяці, бліз плошчы, для дзяцей разгарнуліся гульні: педагогі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі шчыра запрашалі прайсці “птушыныя заданні”: апрануць маску і зачапіць дзюбаю чарвячка з тэкстылю; перанесці птушанят, начапіўшы кіпцюры, з месца пажару ў бяспечнае месца і шмат чаго іншага. Поруч, за сталамі дзяўчынкі расфарбоўвалі невялічкіх, але такіх мілых савянят, рабілі падзелкі птушак з падручных матэрыялаў. Хлопчыкі, пад наглядам супрацоўніка Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, майстравалі шпакоўні, якія потым забіралі, каб усталяваць бліз свайго дому.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
“Птушыныя заданні”: апрануць маску і зачапіць дзюбаю чарвячка з тэкстылю…

Птушкі не з віртуальнай стужкі

… ці перанесці птушанят, начапіўшы кіпцюры, з месца пажару ў бяспечнае месца.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Поруч, за сталамі дзяўчынкі расфарбоўвалі невялічкіх, але такіх мілых савянят
Птушкі не з віртуальнай стужкі
Хлопчыкі майстравалі шпакоўні

Для аматараў сувеніраў разгарнулі свой гандаль рамеснікі, а поруч на ўсе пытанні адказвалі спецыялісты Нацпарку. Забаўляў прысутных самадзейны ансамбль “Прыпяцкага”.

Птушкі не з віртуальнай стужкі

Зірнуў налева – смачным пахам вабіць шашлык з разнастайнымі кулінарнымі вырабамі, паглядзеў направа – і табе прапануюць паназіраць за птушкамі ў бінокль. Але мы чакалі аўтобуса, які гасцінна адвозіў нас спачатку ў Музей прыроды, экспазіцыя якога знаходзілася ў гасцініцы “Тураў +”, а пасля экскурсіі – на станцыю кальцавання птушак. Цікава было на абодвух прыпынках маршрута. Але калі ў музеях я бываю нярэдка, то вось паназіраць за кальцаваннем выпала ўпершыню.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Нас чакаў арнітолаг, сапраўдны знаўца сваёй справы Павел Пінчук

На крыху зарослым бераде Прыпяці нас чакаў арнітолаг, сапраўдны знаўца сваёй справы Павел Пінчук. Поруч стаяў тэлескоп, дзе на ўласныя вочы можна было паназіраць за куліком, які сядзеў на гняздзе.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Поруч стаяў тэлескоп, дзе на ўласныя вочы можна было паназіраць за куліком, які сядзеў на гняздзе

Недалёка паміж дрэваў была расцягнута сетка, а з партатыўнага дынаміка ліліся гучныя птушыная спевы, што вабілі крылатых братоў нашых меншых да “пасткі”, вось толькі мэта была гуманная – кальцаванне для далейшага вывучэння.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Недалёка паміж дрэваў была расцягнута сетка

Нашая група назірала за кальцаваннем гарыхвосткі, якую да таго ўзважвалі, вымяралі і старанна апісвалі. Некалькі хвілін і птушку адпусцілі ў неба.

Птушкі не з віртуальнай стужкі
Птушку ўзважвалі, вымяралі і старанна апісвалі, а праз некалькі хвілін адпусцілі ў неба

Складана перадаць усе ўражанні, але адно магу сказаць дакладна: дзеці, што трапляюць на падобныя мерапрыемствы, не толькі атрымліваюць карысныя веды, але, што здаецца самым галоўным, бачаць адваротны бок чалавечай дзейнасці – стваральнай і экалагічнай. Выхаваныя такімі прыкладамі, звяртаючыся да прыроды і адчуваючы асалоду ад агульнакарыснага суіснавання, маленькія грамадзяне наўрад ці будуць кідаць камяні ў птушак і жывёл, здзяйсняюць палы ці спустошваць дзеля забавы гнёзды. А калі так, то гэты незаўважаны для многіх фестываль быў зладжаны не дарма.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о