Са шматдзетнай маці Людмілай Целяпун для сустрэчы было дзве падставы. Першая – не так даўно з рук старшыні райвыканкама жанчына атрымала Ордэн Маці, другая – хацелася пагутарыць напярэдадні жаночага свята з жанчынай, якая спаўна адчула шчасце мацярынства.

“Простае шчасце людское…”
Размова з Людмілай завязалася лёгка, і адразу пра прыемную падзею ў жыцці сям’і – атрыманне дзяржаўнай узнагароды.
– Бясспрэчна, лепшая ўзнагарода для кожнай маці – шчасце, здароўе, поспехі яе нашчадкаў. Дзяцей мы нарадзілі і выхоўваем з мужам для сябе, а не для ўзнагарод, – дзеліцца думкамі гераіня. – Для мяне мацярынства – гэта не нейкі подзвіг, а звычайнае жыццё і праца. Складаная праца, пра якую ведаюць толькі тыя, хто прайшоў праз недаспаныя ночы, трывогі, хваляванні і радасці. Калі мне патэлефанавалі, што будуць уручаць ордэн, стала прыемна, што мацярынскую працу адзначаюць на такім высокім узроўні. Вядома ж хвалявалася, а дома за мяне перажывалі любімы муж і шасцёра дзетак.
Людміла сама з Петрыкаўшчыны, з вёскі Смятанічы. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіла ў Пінскі аграрна-тэхнічны тэхнікум. Пасля заканчэння вучобы, са спецыяльнасцю ў дыпломе “Меліярацыя і водная гаспадарка” прыехала на адпрацоўку на Петрыкаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Тады, на першым рабочым месцы, і сустрэла свайго будучага мужа і главу сямейства, з якім поруч крочаць па жыцці.
– Мы адразу спадабаліся адзін аднаму. Сустракаліся дзесьці каля года, а пасля згулялі вяселле, – расказвае жанчына. – Праз два гады на свет нарадзілася першая дачушка. Ці планавалі вялікую сям’ю? Скажу толькі адно, мы зразумелі ўжо тады, што дзеці – гэта наша шчасце. Вядома, са з’яўленнем дзяцей хапала цяжкасцей, але з усім паступова спраўляліся. Галоўнае, што мы ёсць адзін у аднаго.
Пра сваіх дзяцей, здавалася, жанчына можа гаварыць бясконца. Гонар і радасць за сваіх “крывінак” перапаўнялі маці. Адразу бачна – у дзяцей гераіня ўкладвае нямала мацярынскіх сіл і любові, каб кожнае знайшло ў далейшым сябе ў жыцці.
Старэйшая дачка Валерыя – студэнтка сталічнага ўніверсітэта, вывучае замежныя мовы. Гаспадыня падводзіць мяне да рамкі на сцяне, у якой “красуецца” ўдзячнасць ад дэканата і Савета факультэта, дзе напісана “Вы можаце па праву ганарыцца сваімі поспехамі ў выхаванні дачкі”. Далей Людміла запрашае ў пакой сыноў Ягора і Расціслава, вучняў 5 і 6 класаў гарадской гімназіі. На сцяне аформлены вугалок “Мае дасягненні” ў выглядзе алімпійскіх кольцаў, на якія прымацаваны ленты з медалямі.
– Сыны – актыўныя хлопчыкі, не любяць сядзець у кватэры, – тлумачыць маці. – Спорт – іх стыхія. Любімыя накірункі – футбол і лёгкая атлетыка. Удзельнічаюць у спаборніцтвах як раённага маштабу, так і рэгіянальнага. Дзмітрый і Марыя, вучні пачатковых класаў гарадской гімназіі, яшчэ шукаюць сябе ў выбары захапленняў. Але ўжо заўважна цяга самага меншага сына да спорту (можа таму, што старэйшыя бяруць яго пастаянна ў спартыўную залу), а дачкі-першакласніцы – да малявання. Ну, і самая малодшая Дар’я, якая яшчэ толькі пачынае разумець свет.
– Шматдзетнай матуляй быць складана, але ў той жа час і вельмі радасна, – дадае суразмоўца. – Калі бачу, як растуць, развіваюцца дзеці, то мяне перапаўняе бясконцае шчасце. Іх усмешкі, “жывыя” вочы, шчырыя словы – што можа быць даражэй?
Гераіні аповеду хапае часу на ўсё: у кватэры ідэальная чысціня, на стале – хатняя выпечка. Дзеці дагледжаныя, а сама Людміла прыклад жаноцкасці. Што прыемна ўразіла – бацькі выкарыстоўваюць усе прадастаўленыя дзяржавай магчымасці, думаюць ужо зараз пра будучыню дзяцей. Сям’я пражывае ў трохпакаёвай кватэры, якую атрымалі пры падтрымцы дзяржавы. У дадатак муж з жонкай скарысталіся часткай сродкаў сямейнага капіталу і пабудавалі для дзяцей двухпакаёвую кватэру ў адной з новабудоўлей горада.
Яшчэ пры сустрэчы было відавочным, што ўсе члены сям’і адзін аднаго разумеюць, паважаюць, слухаюць. Другімі словамі, у сям’і Целяпун пануе простае людское шчасце. І няхай так будзе заўжды.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о