Звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай – крок сур’ёзны. Асабліва, калі для гэтага трэба памяняць гарадскую мітусню на павольнае баўленне часу. Валянціна Прохарава ў пэўны момант адчула непераадольнае жаданне змяніць “каменныя джунглі” абласнога цэнтра на вясковую цішыню. Свежае паветра, ёсць чым заняцца. Пры жаданні можна абзавесціся ўласнай гаспадаркай, працаваць на зямлі. Валянціна Іванаўна – ураджэнка Смятаніч. Нягледзячы, што ў свой час выбрала гарадское жыццё, сувязь з малой радзімай не страчвала. Ды і на Петрыкаўшчыне ў аграгарадку Бабунічы засталася дачка, якая працавала ў мясцовай гаспадарцы. Зямлячка даведалася, што ў КСУП “Запаветы Ільіча” на малочнатаварны комплекс патрэбна цялятніца і вырашыла пераехаць да родных.

– Калектыў прыняў мяне добра. Ні хвіліны не шкадую, што прыйшла працаваць на ферму. Як гаворыцца – дзе патрэбна, там і працую, – расказала жанчына. – У маім падпарадкаванні 77 цялят. Пра ўсіх клапачуся, як пра дзецей. Калі жывёлы зусім маленькія, яны яшчэ слабыя, толькі пачынаюць набіраць моц, могуць хварэць. Цялятніца павінна правільна даглядаць падапечных, пільна сачыць за сваімі гадаванцамі, пры неабходнасці своечасова звярнуцца за дапамогай да ветэрынарнага ўрача.

Па словах гераіні, каб атрымаць прывагі, кожнаму цяляці неабходна максімум увагі, усё выконваць правільна і ў тэрміны: ад раздачы кармасумесяў, да падсцілу саломай. Усё гэта фізічная праца, да якой гераіня ставіцца з вялікай адказнасцю.

– Каб жывёла расла здаровай, радавала вагою, яна павінна быць не толькі напоена і накормлена, але і адчуваць людскі клопат і пяшчоту. Аднаго трэба пагладзіць, з іншым пагутарыць, – упэўнена сяльгасніца. – Не буду хаваць – працы шмат, але я яе не баюся. Увесь наш калектыў імкнецца годна выконваць свае абавязкі, каб прыйсці да агульнага выніку.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о