Пажары: ведаць, каб прадухіліць

0
266

За бягучы год на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна адбылося 32 пажары, на якіх загінуў 1 чалавек і 5 траўміраваны. Прычыны пажараў банальныя: няспраўнае пячное ацяпленне, электрапрыборы, электраправодка і неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Нельга паліць у ложку ці се-дзячы ў крэсле, асабліва, калі вы выпілі спіртное – у такім становішчы вельмі лёгка заснуць. Не выкідвайце недакуркі ў скрыні з паперамі і іншымі гаручымі адходамі, а таксама з вокнаў або балконаў. Не варта ў якасці попельніцы выкарыстоўваць папяровыя скруткі, скрынкі ад запалак ці цыгарэт, не пакідайце падпаленую цыгарэту ў попельніцы, а попельніцу заўсёды стаўце на роўную паверхню.

Не менш “актуальная” прычына пажараў – печ
Каб пазбегнуць узнікнення пажару трэба ведаць і выконваць вельмі простыя правілы. Печ і дымавыя трубы на гарышчы неабходна старанна праверыць, адрамантаваць і пабяліць. Коміны варта чысціць перад ацяпляльным сезонам, а далей – не радзей за адзін раз у два месяцы. Перад дзверцамі печы на падлозе неабходна прыбіць металічны ліст або перад пачаткам будаўніцтва і рамонту прадугледзець цагляны мур. Нельга тапіць печ з адчыненымі дзверцамі, а таксама выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі. Рэкамендуецца тапіць печ 2-3 разы на дзень. Забараняецца таксама сушыць і складзіраваць каля яе любыя гаручыя матэрыялы.

Увага электраправодцы
Нярэдка пажары здараюцца з-за дрэннага стану электраправодкі. Дастаткова мінімальнай перагрузкі, і старыя правады пачынаюць награвацца, загараюцца шпалеры, а потым і размешчаная побач мэбля. Нельга ўжываць электраабсталяванне не завадской вытворчасці. Таксама забараняецца пакідаць яго ўключаным у электрасетку без нагляду і выкарыстоўваць не па прызначэнні, а таксама з пашкоджаным кабелем (провадам), выключальнікам, разеткамі і іншым электраабсталяваннем.

Мабільныя прылады
Большасць з вас ведае пра правілы карыстання гаджэтам. Калі ваш смартфон ужо зараджаны – адключыце зарадную прыладу. Гэта дазволіць пазбегнуць перагрэву пластыка, скоку напружання і кароткага замыкання. Батарэя смартфона – важная дэталь і ёй варта надаваць увагу: яна павінна быць арыгінальнай і не павінна перагравацца. Пакідаць тэлефон побач з сабой падчас сну – небяспечна!

Паклапаціцеся пра бяспеку дзяцей
У рэспубліцы сёлета 7 дзяцей сталі ахвярамі агню. Страшная трагедыя адбылася ў лістападзе ў Ляхавіцкім раёне, дзе гарэў жылы дом. Пра тое, што здарылася, выратавальнікам паведамілі суседзі. Супрацоўнікі МНС, якія аператыўна прыбылі да месца выкліку, высветлілі, што жылы драўляны дом быў цалкам ахоплены агнём. Пры правядзенні разведкі выратавальнікі знайшлі на пажары загінуўшых хлопчыка і дзяўчынку.

– Паважаныя бацькі, выратавальнікі заклікаюць вас надаваць пільную ўвагу забеспячэнню бяспекі дзяцей. З ранняга ўзросту прывівайце ім правілы бяспечных паводзінаў, навучыце дзеянням пры пажары і вывучыце з імі тэлефонныя нумары службы выратавання: “101” і “112”. І самае галоўнае: ні пры якіх абставінах не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду! – прызывае старшы інспектар РАНС Алена Герасіменка.

Пажарны апавяшчальнік выратаваў сям’ю з дзецьмі
У лістападзе бягучага года адбыўся пажар жылога дома ў Добрушскім раёне. Як высветлілася, у момант узнікнення пажару шматдзетная сям’я знаходзілася ў доме. Жыхары прачнуліся ад гуку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, які спрацаваў, разбудзілі траіх дзяцей і разам з імі пакінулі домаўладанне.
– Ужо не першы раз пажарны апавяшчальнік пацвярджае сваю неабходнасць, – гаворыць Алена Герасіменка. – Звяртаючыся да бацькоў, хочацца нагадаць, што менавіта на іх ляжыць адказнасць за бяспеку дзяцей.

Святлана СОБАЛЕВА,
па інфармацыі РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о