Партыі настроены на стваральны шлях

0
486

25 лютага ў нашай краіне ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання. У гэты дзень мы будзем выбіраць дэпутатаў розных узроўняў: ад пасялковых саветаў да Палаты прадстаўнікоў. Маштабная электаральная кампанія ўжо ўвайшла ў актыўную фазу. У другой палове снежня ўсе палітычныя партыі Беларусі правялі з’езды, на якіх вылучылі кандыдатаў на выбары дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Саветаў усіх узроўняў.
Дзейнасць партый ахоплівае ўсю краіну. На Петрыкаўшчыне зарэгістраваны раённыя структуры Беларускай партыі “Белая Русь”, Камуністычнай партыі Беларусі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Днямі мы сустрэліся з кіраўнікамі раённых структур, каб абмеркаваць планы і задачы, якія стаяць перад партыйцамі раёна.

Партыі настроены  на стваральны шляхСвятлана СЯНЬКО, старшыня Петрыкаўскага раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”:
– Нягледзячы на свой малады ўзрост, наша партыя ўжо паспела стаць вядомай у грамадстве і прыме самы актыўны ўдзел у сёлетняй электаральнай кампаніі. За час існавання “Белай Русі”, а гэта крыху больш за паўгода, партыйцы змаглі зрабіць даволі многа. Так, ішла актыўная праца па фармаванні партыі, развіцці яе структуры і напаўненні яе дзейнасці ідэйным зместам. У шэрагах партыі – людзі, якія ўсімі сваімі сіламі, сваёй прафесійнай і грамадскай дзейнасцю абараняюць інтарэсы народа і краіны.
23 снежня адбыўся з’езд партыі, які сабраў сотні аднадумцаў і паказаў нашу гатоўнасць прыняць самы актыўны ўдзел у выбарах. Дарэчы, на выбары кандыдаты ад “Белай Русі” пойдуць з адзінай праграмай. Яе таксама зацвердзілі на з’ездзе. У Cавет дэпутатаў свае кандыдатуры на Петрыкаўшчыне вылучылі і члены “Белай Русі”. Гэта людзі з высокім узроўнем адказнасці і палітычнай самасвядомасці, якія валодаюць багатым жыццёвым і прафесійным вопытам. А гэта гарантыя таго, што, атрымаўшы мандат народнага абранніка, яны змогуць у поўнай меры выканаць наказы сваіх выбаршчыкаў, прымаючы правільныя і дальнабачныя рашэнні. Толькі ў гэтым выпадку людзі будуць верыць, давяраць і рухацца з намі ўперад.
Дзяржава стварыла ўсе ўмовы, каб партыі ўдзельнічалі ў электаральнай кампаніі. Мы павінны скарыстацца гэтым правам, бо ад таго, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў Парламенце, мясцовых Саветах дэпутатаў, залежыць будучыня краіны.
Электаральная кампанія для нас – гэта іспыт на сталасць. Таму мы пастараемся прайсці яе годна.
Партыі настроены  на стваральны шляхГаліна СУХОЦКАЯ, першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:
– 17 снежня ў Мінску прайшоў пазачарговы з’езд Камуністычнай партыі Беларусі. На ім былі разгледжаны задачы кампартыі ў электаральнай кампаніі 2024 года, прынята перадвыбарная платформа і вылучаны кандыдаты ў дэпутаты.
Камуністычная партыя – адна з найстарэйшых у Беларусі, яна мае больш чым векавую гісторыю і заўсёды выказвала інтарэсы працоўнага народа. На сучасным этапе галоўнымі мэтамі камуністаў застаюцца народаўладдзе, сацыяльныя роўнасць і справядлівасць. Пазіцыя нашых партыйцаў, і я з ёй поўнасцю салідарная, у тым, што выбары дэпутатаў у Саветы ўсіх узроўняў павінны кансалідаваць не толькі выбаршчыкаў, але і ўсё грамадства вакол палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Абстаноўка, якая складваецца ў свеце, патрабуе ад усяго народа адзінства ў абароне свайго права жыць у мірнай і незалежнай краіне.
У цэнтры ўвагі перадвыбарнай платформы кампартыі – інтарэсы і патрэбнасці кожнага беларуса. Члены КПБ будуць удзельнічаць у выбарах. Іх мэты, калі стануць народнымі выбраннікамі, – засяродзіць намаганні на стварэнні новых працоўных месцаў, абароне працоўных і сацыяльных інтарэсаў жанчын, дапамогі шматдзетным сем‘ям, інвалідам, састарэлым – усім, хто ў ёй мае патрэбу. Што да аднапартыйцаў, то з усёй адказнасцю магу адзначыць, што нашых кандыдатаў адрозніваюць высокія чалавечыя якасці, любоў да сваёй Радзімы, жаданне працаваць для яе дабра.
Давер нашых грамадзян да КПБ умацоўваецца добрымі справамі партыйцаў. У прыватнасці на Петрыкаўшчыне камуністы прымаюць удзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах патрыятычнага характару. Мы ўносім уклад у захаванне гістарычнай памяці і праўды, не застаемся ў баку ад дабрачынных акцый.
Заклікаем кожнага грамадзяніна прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах – выканаць свой грамадзянскі абавязак. Бо мы і толькі мы павінны вызначаць лёс нашай краіны.
Партыі настроены  на стваральны шляхМарына ЖУКАВЕЦ, лідар раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці:
– Наша партыя ў сваёй працы кіруецца Статутам і дзейнічае згодна з палітычнай праграмай, мэты якой – адстойванне інтарэсаў працоўных усіх галін народнай гаспадаркі, інвалідаў, пенсіянераў, студэнтаў і іншых сацыяльных груп насельніцтва. Партыйцы імкнуцца ўмацоўваць узаемадзеянне з дзяржавай, павышаць устойлівасць, сацыяльную мабільнасць, маштабаваць праграмы для павышэння кваліфікацыі, падтрымліваць арганізацыі і галіны, выступаць за ўзмацненне гарантый для асоб, якія шукаюць працу, падтрымку выпускнікоў, бяспека працы і рост даходаў для нізкааплатных работнікаў.
Сярод членаў РППС Петрыкаўшчыны як звычайныя работнікі розных арганізацый, так і прадстаўнікі інтэлігенцыі, сярэдняга і кіруючага складу з багатым вопытам работы, якія маюць цвёрдую жыццёвую пазіцыю.
Я згодна з меркаваннем, што партыі, і наша ў тым ліку – гэта эфектыўны пасярэднік паміж уладай і выбаршчыкамі. Палітычным партыям адведзена роля прасоўвання ідэй грамадзян і агучвання іх перад кіраўніцтвам краіны. Дзеля гэтага неабходна ўдзельнічаць і перамагаць на выбарах, прасоўваць палітычныя ініцыятывы.
Партыя будзе вылучаць сваіх прадстаўнікоў і ў выбарчыя камісіі, і ў якасці назіральнікаў за выбарамі, а таксама працаваць з запрошанымі назіральнікамі.
Члены РППС пойдуць на выбары ў поўным складзе і з поўнай адказнасцю выканаюць свой грамадзянскі абавязак.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара і Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о