Урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да пачатку вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стартавалі ў Беларусі 23 верасня. Так, восемдзесят гадоў таму гарадскі пасёлак Камарын Брагінскага раёна Гомельскай вобласці стаў першым беларускім населеным пунктам, які пазбавіўся акупацыйнага рэжыму. Удзел у памятных мерапрыемствах у Камарыне прыняла дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.

Прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў і моладзь да месца правядзення ўрачыстасці прайшлі 764 крокі, якія сімвалізуюць 764 няпростыя дні да пераможнага вызвалення першага беларускага населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

23 верасня 1943 года назаўжды застанецца ў народнай памяці як дзень бяспрыкладнай мужнасці і нязломнай волі да свабоды нашых дзядоў. Аднак да поўнага выгнання акупантаў з беларускай зямлі заставалася яшчэ амаль дзесяць месяцаў. На гэтым зрабіла акцэнт старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, адкрываючы мітынг-рэквіем у гонар 80-годдзя вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў першага населенага пункта краіны.

“Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наш абавязак – захоўваць праўду пра тых, хто знішчыў нацызм, і абараняць тое, за што ваявалі нашы дзяды”, – сказала прадстаўнік улады і прапанавала ўшанаваць памяць герояў-вызваліцеляў хвілінай маўчання.
Нікому і ніколі не перапыніць гістарычную і генетычную памяць беларускага народа пра Вялікую Айчынную вайну. На гэтым зрабіў акцэнт намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі на адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства ў Камарыне.

“Гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца. Не будзе перабольшаннем сказаць, што, як і восем дзясяткаў гадоў таму, сёння мы сутыкнуліся з вельмі падобнымі знешнімі выклікамі. Але мы добра вучым урокі гісторыі і нам хопіць сіл выстаяць”, – пазначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Луцкі падкрэсліў, што сёння дадзены пачатак агульна-рэспубліканскаму цыклу акцый, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Сцяг, які пранеслі на чале калоны, перадалі населенаму пункту, які быў вызвалены наступным, – Ветцы.

У рамках форуму патрыятычнай моладзі ў Камарынскай сярэдняй школе прайшла дыялогавая пляцоўка. Удзельнікі дыялогу былі салідарныя ў меркаванні, што мір, адзінства, гістарычная памяць – каштоўнасці, на якіх будуецца моцная і квітнеючая дзяржава. Гэта падмурак, які фарміруе ў кожнага чалавека пачуццё адданасці краіне.
У парку Перамогі гарпасёлка для ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў працавалі лакацыі “80 гадоў міру і стварэння”.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о