Суботнім ранкам другі Першамайскі завулак адрозніваўся ад іншых вуліц горада святочнай атмасферай – калектыў Петрыкаўскага ПМС рыхтаваўся да прафесійнага свята – Дня меліяратараў. Каля ўваходу ў адміністрацыйны будынак была агранізавана імправізаваная глядацкая зала, а ганак памяшкання стаў сапраўднай сцэнай для будучых віншаванняў і творчых падарункаў.
Неўзабаве сюды пачалі прыбываць меліяратары з горада і раёна. Такія розныя: маладыя і ўжо ў гадах мужчыны і жанчыны былі аб’яднаныя адной нагодай – павіншаваць і падзякаваць адзін аднаму за нялёгкую, але такую неабходную ў нашай краіне працу.

Свята па адрасе меліяратараў!
Прыемны момант урачыстасці

Урачыстасць распачаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пінчук: “Мы адкрываем напярэдадні нашага свята Дошку Гонару, а таксама зацвердзілі матэрыяльнае заахвочванне лепшых супрацоўнікаў, каб усе ўсведамлялі стымул да самаадданай працы. За бягучы год мы спрацавалі на 115 % да паказчыкаў леташняга ўзроўню. Толькі за два мінулыя месяцы прадпрыемства зарабіла звыш 400 тысяч рублёў, што дазваляе нам упэўнена глядзець у будучыню, весці работу па набыцці тэхнікі і будаваць планы на павелічэнне нашага заробку”, – звярнуўся да прысутных Аляксандр Іосіфавіч, распачаўшы цэрымонію ўзнагароджання. Да цёплых слоў і адзнакі лепшых меліяратараў далучылася і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько: “Няхай у вашых дамах пануе здароўе, дабрабыт і шчасце, а ў працоўным жыцці вас побач будуць такія ж адданыя калегі, разам з якімі вы будзеце дасягаць новых поспехаў і скараць чарговыя працоўныя вяршыні!”, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
На працягу ўрачыстасці было адзначана нямала працаўнікоў. А мне, як журналісту, было прыемна, што незабытымі ў той дзень былі і працаўнікі, якіх іншыя арганізацыі часцяком абыходзяць увагай. І няхай работа, напрыклад, вартаўніка не патрабуе спецыяльнай адукацыі, але, як зазначыў Аляксандр Пінчук, калектыў не павінен забываць унёсак кожнага, бо дасягнутыя паказчыкі – вынік агульнай, каманднай работы.
Асаблівая ўвага на ўрачыстасці была нададзена ветэранам меліярацыйнай галіны. Многія прысутныя не ведалі сваіх папярэднікаў, але паглядалі на іх з павагай і ўдзячнасцю. З адказным словам перад меліяратарамі выступіў былы начальнік участка Уладзімір Шылец: “У далёкім ужо 1988 го-дзе менавіта Петрыкаўскае МУААС перамагло ва Усесаюзным галіновым сацыялістычным спаборніцтве. Мы, прадстаўнікі сталага пакалення, жадаем вам працаваць з такім жа плёнам!”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о