Прыкладаў пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём мноства. Нягледзячы на заклікі спецыялістаў пажарнай службы аб выкананні правілаў бяспекі, многія грамадзяне вучацца не на чужых, а на ўласных памылках. 26 лютага на цэнтр аператыўнага ўпраўлення Петрыкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра ўзгаранне жылога дома ў аграгарадку Чалюшчавічы. У выніку пажару пашкоджана перакрыцце і маёмасць у доме. У жылым пакоі знойдзена загінулая жыхарка населенага пункта. Статыстыка сведчыць, што 90% усіх пажараў узнікае па віне людзей, якія не ведаюць або безадказна ставяцца да захавання неабходных правілаў бяспекі. Сёння мы ў чарговы раз нагадваем моманты, на якія павінен звяртаць увагу кожны, каб не прыйшла бяда.

Газавая пліта.
3 студзеня паступіла паведамленне, што ва ўстанову аховы здароўя дастаўлены грама-дзянін вёскі Залессе з апёкамі. Малады чалавек пры гатаванні ежы засяродзіў увагу на тэлефонную размову і прыціснуўся да газавай пліты, з прычыны чаго адбылося ўзгаранне адзення. Працэс прыгатавання ежы павінен адбывацца толькі пад наглядам. Ні ў якім разе не пераключайцеся на іншую справу, не сыходзьце ў іншы пакой і не кладзі-цеся спаць, у той час пакуль вы гатуеце.

Свечкі.
Пры адключэнні электрычнага асвятлення грамадзяне часта выкарыстоўваюць крыніцы адкрытага полымя. Усталёўваць свечкі на падстаўкі побач з гаручымі матэрыяламі і рэчывамі нельга. Таксама неабходна іх надзейна замацоўваць, каб прадухіліць іх выпадзенне і далейшае ўзгаранне.

Чаму яшчэ адбываюцца ўзгаранні?
Не рэдкія пажары з-за невыканання правілаў бяспекі пры развядзенні агню на зямельным участку паблізу дома, выпальванні травы або спаленні смецця. Выпальваць траву катэгарычна забаронена. Можна спальваць смецце, але пры выкананні правіл бяспекі. Абярыце дзень, калі надвор’е зацішнае, забяспечце месца першаснымі сродкамі пажаратушэння і абкапайце яго. Па заканчэнні – заліце вадою.

Гаручыя рэчывы, адкрыты агонь у доме.
Нядбайны гаспадар можа пасушыць рэчы на печы, поруч каміна і нават пры дапамозе фена, што можа лёгка стаць прычынай узгарання. Няправільнае выкарыстанне ацяпляльных прылад, камінаў цесна звязана з неасцярожным абыходжаннем з адкрытым агнём – гэта распальванне з выкарыстаннем лёгкаўзгаральных (гаручых) вадкасцяў, што прыводзіць да траўм і апёкаў.

Грымучая сумесь.
Злоўжыванне спіртнымі напоямі нараўне з курэннем – падвойная рызыка і пагроза ўзнікнення пажару. У такім стане людзі не здольныя адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. Тлеючы недакурак, трапляючы на пасцельныя прыналежнасці, праз некалькі хвілін прыводзіць да пажару.

Як пазбегнуць?
Калі вашы родныя, знаёмыя ці суседзі аматары гэтых шкодных звычак – біце трывогу. Толькі ўвага і своечасова прынятыя меры дапамогуць пазбегнуць трагічных наступстваў і зберагчы жыцці і маёмасць. Калі курыце самі, то не рабіце гэтага ў ложку, а таксама каля лёгкаўзгаральных матэрыялаў. Не пакідайце ў попельніцы непатушаныя недакуркі і запалкі. Не кідайце недакуркі з вокнаў, а таксама ў смеццевыя кошыкі і вёдры.

Няма АПА? Усталюй!
Дзейсны спосаб абароны жыцця – усталёўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Прыбор рэагуе на задымленне і своечасова апавяшчае пра пажар, што дае магчымасць прыняць меры па абароне сям’і і маёмасці.

Дапамога побач.
Для любога чалавека, які сутыкаецца з надзвычайнай сітуацыяй характэрна паніка і разгубленасць. Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях быў распрацаваны ма-більны дадатак “МНС Беларусі: Дапамога побач”. Гэты дадатак не толькі дапаможа справіцца з рознымі надзвычайнымі сітуацыямі, але і падкажа як правільна аказаць медыцынскую дапамогу сабе і навакольным, папярэдзіць пра неспрыяльныя ўмовы надвор’я.
Выконвайце правілы бяспекі і беражыце сябе. У выпадку пажару тэлефануйце па нумары 101 ці 112.

Святлана СОБАЛЕВА,
па інфармацыі РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о