Будучыня пачынаецца сёння

0
451

Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам электаральнай кампаніі. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, абласнога, раённага і мясцовага Саветаў дэпутатаў вырашаюць пытанне развіцця краіны, заканатворчых перспектыў і прадстаўніцтва грамадства на ўсіх узроўнях улады.
Як прайшла рэалізацыя выбарчага права на Петрыкаўшчыне, чым дзяліліся землякі ў сваіх меркаваннях? Давайце згадаем разам!

Удзел у выбарах – грамадзянскі абавязак

25 лютага ў нашай краіне прай-шло важнае мерапрыемства: адзіны дзень галасавання. Грамадзяне з самага ранку спяшаліся на свае выбарчыя ўчасткі, хтосьці ішоў адзін, хтосьці з сябрам, іншыя парамі. Хапала ты, хто завітаў разам з дзецьмі.
Адным з першых на ўчастак для галасавання № 4 рэалізаваць сваё выбарчае права прыйшоў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан (на фота). Для прадстаўніка ўлады выбары – гэта дзень, калі патрэбна выказаць сваё меркаванне, тым самым паўплываць на развіццё грамадства.

Будучыня пачынаецца сёння“Галасаванне – гэта сур’ёзная палітычная кампанія, якая вызначае далейшы лёс Петрыкаўскага раёна, Гомельскай вобласці, краіны ў цэлым. Які выбар мы зробім сёння, так і далей будзем развівацца”, – сказаў Аляксандр Васільевіч.
Што да выбару, то кіраўнік раёна зрабіў яго на карысць міру ў краіне, стабільнасці і паступальнага развіцця роднага краю, дабрабыту кожнай беларускай сям’і.
Таксама ў гэты дзень кіраўнік раёна азнаёміўся з ходам галасавання на выбарчых участках Петрыкаўшчыны.

Прыкладам для пераймання актыўнай грамадзянскай пазіцыі сталі сем’і Зізюкоў (на фота) і Якубенкаў – бацькоў дамоў сямейнага тыпу. Дарослым вельмі важна, каб іх дзеці і падапечныя раслі ў спакоі і стабільнасці.

Будучыня пачынаецца сённяЗа 15 гадоў існавання сямейнага дома праз пяшчотныя рукі Жаны і Віктара Зізюк прайшлі 25 дзяцей. Дзіцячае шчасце ў хатняй цеплыні сям’я Якубенка падаравала 45-ці дзецям, а зараз любоў, пяшчоту і ласку бацькі перадаюць ужо сваім 13-ці ўнукам.
Для гаспадароў дамоў сямейнага тыпу, якія бяруцца выхоўваць пецярых і больш дзяцей, галасаванне – падзея значная, вынік яго паўплывае, у тым ліку, на сацыяльнае жыццё. Для нашых герояў і іх дзяцей стабільнасць і спакой у краіне – гарантыя таго, што іх дзеці будуць жыць у самых лепшых умовах.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны 100-гадовая Вера Аляксандраўна Кароткая прагаласавала дома. Па стане здароўя жанчына не змагла асабіста прыйсці на ўчастак, таму галасаванне прайшло па месцы жыхарства. На сённяшні дзень Вера Аляксандраўна – адзіны ветэран у нашым раёне.

Акрамя ветэрана, падарункі ад грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь” атрымалі землякі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія прышлі ў адзіны дзень галасавання на выбарчыя ўчасткі.

Голас пакалення вопыту і мудрасці

Сярод людзей паважанага ўзросту актыўнасць назіралася як на працягу датэрміновага галасавання, так і ў адзіны дзень выбараў. Адны спяшаліся на ўчасткі да моманту адкрыцця, каб астатні час прысвяціць працы, сям’і ці побытавым справам. Іншыя наведваліся бліжэй да часу правядзення забаўляльнай праграмы, каб паглядзець канцэртныя нумары, набыць нешта ў кропках гандлю ды наўпрост сустрэцца са знаёмымі і абмеркаваць апошнія навіны жыцця асабістага і грамадскага.

Будучыня пачынаецца сённяБылі і такія галасуючыя, што сумясцілі магчымасць аддаць свой голас з вечаровай прагулкай. “Вырашыў няспешна прайсціся і падыхаць свежым паветрам да наступлення цемры. Як і разлічваў, завітаў на выбарчы ўчастак, калі большасць ужо прагаласавала, каб не стаяць у чарзе, усё ж гады бяруць сваё”, – патлумачыў са шчырай усмешкай сівы мужчына.

“Здавалася б, хіба не ўсіх кандыдатаў ведаю і меркавала, што выбар будзе зрабіць куды прасцей. Але дастала лістоўкі з паштовай скрыні напярэдадні дня галасавання, вывучыла іх і зразумела: усе людзі годныя і зрабіць выбар на карысць таго ці іншага не так ужо і лёгка. Таму звяртала ўвагу на досвед, галіну працы, згадвала справы, па якім запомнілася асоба”, – падзялілася меркаваннем гаваркая жанчына. Поруч мы пачулі з кабінкі для галасавання голас жвавага дзядулі, які з інтанацыяй прамовіў, нібы адказваючы самому сабе на пытанне: “За каго галасаваць я ведаю, мне б, галоўнае, галачкай не прамахнуцца!”.

Але больш за ўсіх у памяці маёй пакінула след сямейная пара. Яны ішлі, узяўшы пад руку адзін аднаго, глядзелі на ўсіх добрымі, светлымі вачыма і шчыра ўсміхаліся. Камісія дзякавала ім за візіт, а яны дзякавалі ў адказ за ўвагу. Не адмовіліся і пагутарыць.
Высветлілася, што разам Сяргей І Ларыса Андрукі (на фота) пражылі ўжо 56 гадоў, а іх узрост “на дваіх” складае ўжо 159 гадоў. “Удзел у выбарах – гэта не толькі грамадзянскі абавязак, але і натуральная праява павагі да грамадства. Людзей тут чакаюць, а калі так, то мы не мелі права не прыйсці”, – адзначылі Ларыса Пятроўна і Сяргей Іосіфавіч.

Выбар вяскоўцаў

Правядзенне важных палітычных падзей у сельскіх населеных пунктах – тэма, вартая асобных слоў. Падобныя мерапрыемствы для вяскоўцаў не толькі магчымасць выканаць грамадзянскі абавязак, але і ва ўрачыстай абстаноўцы адпачыць, пагутарыць з землякамі, выказацца. Не стаў выключэннем і адзіны дзень галасавання.

Будучыня пачынаецца сённяКарэспандэнты раённага выдання, пачынаючы з датэрміновага галасавання і да асноўнага дня выбараў, пабывалі практычна на ўсіх выбарчых участках Петрыкаўшчыны, пагаварылі як з членамі камісій, так і з вяскоўцамі. Усюды назіралася атмасфера свята: музыка, тэматычныя выставы, спакойныя сяброўскія зносіны землякоў. 25 лютага на ўчастках нас сустракаў водар свежай выпечкі, разнастайнасць прадуктовых тавараў, песні, танцы. Сталі сведкамі, як на Лучыцкім выбарчым участку жыхары папрасілі гарманіста “Рэчаньку”, “Падыспань” і пусціліся ў скокі, дэманструючы, як беларусы ўмеюць адпачыць (на фота). Нягле-дзячы на тое, што вялікая доля жыхароў сельскай мясцовасці прагаласавала датэрмінова, высокая актыўнасць выбаршчыкаў назіралася і ў асноўны дзень галасавання. Першымі, як правіла, на ўчасткі прыходзілі пажылыя людзі, што гаворыць пра разуменне важнасці падзеі старэйшымі і мудрымі землякамі. Дарэчы, давялося пачуць ад людзей старэйшага ўзросту, што пасля адзінага дня галасавання будуць чакаць выбараў Прэзідэнта краіны, каб замацаваць упэўненасць у заўтрашнім дні.

Крыху пазней з’яўлялася моладзь. Вяскоўцы прыходзілі галасаваць па адным, цэлымі сем’ямі, і нават – вуліцай. Прыемна было бачыць, як дзеткі радаваліся, калі бацькі дазвалялі ім кінуць бюлетэнь у урну. А яшчэ, такія важныя мерапрыемствы ў глыбінцы – гэта сувязь мясцовай улады з людзьмі. Магчымасць разам арганізаваць, прадумаць, запланаваць, пачуць і растлумачыць. Наведаўшы Конкавіцкі ўчастак для галасавання ў дзень выбараў позна вечарам, на ганку Дома культуры засталі мужчын вёскі са старшынёй сельскага Савета. Ім было пра што пагаварыць і дадому ніхто не спяшаўся.

Не адчулі нязручнасці, ці ўшчамлення сваіх правоў і сяльчане, у якіх у дадзенай электаральнай кампаніі закрыліся ў населеных пунктах выбарчыя ўчасткі. Адны з такіх – жыхары Першай Слабодкі. Пры размове вяскоўцы расказалі, што ім быў дадзены выбар: прагаласаваць дома ці пры арганізацыі падвозу зрабіць гэта ў Капаткевічах. Многія выбралі другі варыянт: хацелася пабываць на канцэрце капаткевіцкіх артыстаў, прыкупіць прысмакаў, ды проста пабываць у “вялікіх” людзях. А яшчэ дадалі: хто хоча паўдзельнічаць у палітычнай падзеі – абставіны не перашкода, а новыя ўражанні і зносіны.

Што тычыцца выбару жыхароў вёсак і аграгарадкоў, то можна смела адзначыць: на ўчастак ішлі з разуменнем важнасці падзеі для краіны. Захавала ў памяці выпадак. Зямляк з Чалюшчавічаў затрымаўся ў кабінцы для галасавання. Калі ўжо аддаў свой голас і накіроўваўся да выхаду сказаў прысутным: вырашаць лёс краіны – справа сур’ёзная і мітусні не церпіць.
Пра што гаварылі вяскоўцы? Што любяць сваю Бацькаўшчыну і людзей, якія жывуць побач, пра жаданне жыць у міры, адчуваць і ў далейшым падтрымку з боку дзяржавы, мець годныя ўмовы для жыцця. Чаму прыйшлі на выбарчы ўчастак? Аддаць свой голас за годнага кандыдата ў дэпутаты, каб рэальнымі справамі даказваў клопат пра землякоў, каб жыццё і надалей заставалася надзейным і спакойным.

Наталля ПЕТРУШЭНКА,

Арцём ГУСЕЎ,

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтараў.

 

 

 

 

 

 

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о