Дзякуй, ветэран, за Перамогу!

0
142

Дзякуй, ветэран, за Перамогу!

Напярэдадні Дня Перамогі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Коханам, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Веру Кароткую.

У сілу паважанага ўзросту, ветэраны вайны ўсё радзей наведваюць масавыя мерапрыемствы з нагоды гадавін свята Вялікай Перамогі. Менавіта таму віншаванне іх дома ў апошнія гады стала добрай традыцыяй у нашай краіне. Аднак час, на жаль, няўмольны. На сённяшні дзень Вера Аляксандраўна Кароткая – адзіны ветэран, пражываючы на Петрыкаўшчыне, і, як пазначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, тым больш каштоўная гэтая сустрэча для нас, нашчадкаў воінаў-пераможцаў.
Лёс падараваў Веры Аляк-сандраўне доўгае жыццё, нібы кампенсаваў за апаленую вайной маладосць. Сёння яна ахутана цеплынёй і клопатам дачкі Марыі і зяця Сяргея, у доме якіх пражывае вось ужо дзевяць гадоў. Па словах дачкі, памяць Веру Аляксандраўну апошнім часам стала падводзіць. “А вось дзень Перамогі добра памятае і заўсёды чакае вас”, – звярнулася да гасцей Марыя Фёдараўна. Верагодна, перанасычаная фактамі і падзеямі памяць стала выбарачнай. І ўсё ж у карагодзе значных і важных – па-ранейшаму застаецца Дзень Перамогі.

Марыя Фёдараўна шкадуе пра тое, што мала пытала ў маці пра вайну, што тая, у сваю чаргу, не захавала ўсе свае ўзнагароды. Аднак Ордэн Айчыннай вайны І ступені застаўся – і сёння ён галоўная рэліквія ў сям’і Марцынкевічаў.

Асобны зянітна-пражэктарны жаночы батальён, з якім пераможным маршам наш ветэран дайшла да Лодзі, стаў для яе школай жыцця, школай мужнасці і гераізму.

Страх за ўласнае жыццё вельмі хутка саступіў месца жаданню помсціць за забітых сябровак і салдат-артылерыстаў. Пад пастаяннай небяспекай авіяналётаў крочыла дзяўчына ваеннымі вёрстамі да перамогі. І выжыла, і дайшла.

Праз месяц пасля капітуляцыі Германіі Вера была ўжо дома, на Арлоўшчыне. Потым дзяўчына накіравалася ў Балтыйск, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам – Фёдарам Кароткім. Ён праходзіў там тэрміновую вайсковую службу, а яна працавала сувязісткай. Маладыя людзі вырашылі будаваць сям’ю на малой радзіме мужа, у Капаткевічах.

“Мне пашчасціла жыць у любячай сям’і, дзе ўсе адзін пра аднаго клапаціліся, імкнуліся радаваць і дапамагаць, – з цеплынёй паведаміла Марыя Фёдараўна і дадала: – Амаль усё сваё працоўнае жыццё мой бацька, Фёдар Рыгоравіч, працаваў вадзіцелем на машыне “хуткай дапамогі” ў гарбальніцы, а матуля – дэзынфектарам у санстанцыі. На любові і павазе, па прыкладзе бацькоў, будую адносіны і ў сваёй сям’і”.

Словы падзякі і нізкі паклон ад жыхароў Петрыкаўшчыны за Перамогу ў адрас ветэрана выказаў кіраўнік раёна Аляксандр Кохан:
– Дзякуючы Вам, Вера Аляк-сандраўна, мы жывем у незалежнай і мірнай краіне. Мір, падараваны Вамі, абяцаем берагчы як найвялікшую каштоўнасць! Галоўнай жа ўзнагародай для Вас няхай будзе здаровае даўгалецце, клопат, увага і любоў блізкіх лю-дзей, чуласць і павага землякоў і падтрымка дзяржавы за здабытую ў кровапралітных баях Вялікую Перамогу! Наша падзяка Вам – бязмежная, яе немагчыма перадаць нават самымі ўзнёслымі і велічнымі словамі. Нізкі Вам паклон і шчыры дзякуй, паважаная Вера Аляксандраўна!

З кожным годам ветэранаў, вязняў і дзяцей вайны – тых, хто на свае вочы бачыў усе жахі страшнай фашысцкай навалы, становіцца ўсё менш, і мы ні на імгненне не павінны забываць, што знаходзімся ў неаплатным даўгу перад імі, героямі і ахвярамі, на чые дзіцячыя плечы выпаў увесь цяжар ваеннага ліхалецця, за тое, што выжылі і падаравалі нам жыццё.
Са святам вас, шаноўныя землякі, з Вялікай Перамогай!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о