Нараджэнні, шлюбы і не толькі…

0
619

Нараджэнні, шлюбы і не толькі…

Стварэнне сям’і, з’яўленне дзяцей і, як гэта ні сумна, разводы і смерць – усе гэтыя падзеі, як акты грамадзянскага стану, рэгіструюцца аддзелам ЗАГС. Пра важныя вехі жыцця жыхароў раёна ў іх лічбавым вымярэнні даведаліся ў начальніка ад-дзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама Ганны Туравец.

– У 2022 годзе ў Петрыкаўскім раёне нарадзілася 209 немаўлят: 118 у райцэнтры і 91 у сельскіх населеных пунктах. На жаль, у параўнанні з мінулым годам гэта лічба некалькі паменшылася. З агульнай колькасці народжаных – 107 хлопчыкаў і 102 дзяўчынкі.  Здзейснена 29 запісаў акта аб нараджэнні па заяве маці, якая не састаіць у шлюбе, і гэта на 24 заявы менш, чым у 2021 годзе. Трэцяе і больш дзіця з’явілася ў 78 сем’ях. У адной сям’і з’явіліся двайняты, – з цікавых статыстычных дадзеных пачала свой аповед Ганна Іванаўна.

Існуе меркаванне, што імя ўплывае на лёс чалавека, таму бацькі стараюцца вельмі адказна падыходзіць да выбару імя для свайго дзіцяці. Да якіх імёнаў схіляліся землякі – распавядае  суразмоўца:

– Самымі распаўсюджанымі сярод мужчынскіх імёнаў у 2022 годзе ў раёне сталі: Мацвей (16), Арцём (15), Максім (14), Дзмітрый (10), Мікіта (10). Сярод жаночых – Сафія (9), Вераніка(6), Вікторыя(6), Мілана (6), Анастасія (4).

Ёсць сярод нованароджаных і дзеткі з рэдкімі імёнамі – Адам, Амір, Гардзей, Эрыка, Стэфанія, Юліяна.

Што да сярэдняга ўзросту бацькоў, то, па інфармацыі начальніка аддзела, ён склаў 30 гадоў для бацькі і 27 гадоў для маці. Пры гэтым мінімальны ўзрост для бацькі – 19 гадоў, для маці – 17.

У 2022 годзе ў Петрыкаўскім раёне ўчынена 148 актавых запісаў аб заключэнні шлюбу (93 у аддзеле ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама, 55 актавых запісаў у раёне). Упершыню шлюбам пабраліся 125 маладых. Паўторна ў шлюб уступалі 42 жаніха і 47 нявест. Мінімальны ўзрост для жа-ніха 19 гадоў, для нявесты – 18. Максімальны ўзрост для жаніха 67 гадоў, для нявесты – 66.

Да таго ж, у аддзеле ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама, было зарэгістравана 5 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі. Дзе жаніх грамадзянін Расійскай Федэрацыі – 3 актавыя запісы, грамадзянін Турэцкай Рэспублікі – 1 актавы запіс. Таксама быў зарэгістраваны 1 шлюб, дзе нявеста – грамадзянка Украіны.

У 2022 годзе ў аддзеле ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама, было складзена 19 актавых запісаў пра скасаванне шлюбу, што на 2 актавыя запісы менш, чым у 2021 годзе. Мінімальная працягласць шлюбу склала 6 месяцаў 28 дзён. Максімальная працягласць шлюбу – 47 гадоў 6 месяцаў і 16 дзён.

Акрамя таго, супрацоўнікі ЗАГСа праводзяць работу па выдачы паўторных сведчанняў і даведак з архіву пра рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, па ўнясенні змяненняў і выпраўленняў у актавыя запісы, рэгіструюць актавыя запісы пра ўстанаўленне бацькоўства, рэгіструюць усынаўленне і удачарэнне, перамену імя фізічнай асобай.

Як пазначыла Ганна Туравец, у архіве аддзела ЗАГС на захоўванні знаходзіцца 695 кніг актавых за-пісаў з 1920 года. У Петрыкаўскім раёне і ў аддзеле ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама ў мінулым годзе  было складзена больш за 1050 актавых запісаў, выдадзена больш за 2000 даведак, якія змяшчаюць звесткі з актавых за-пісаў, 299 паўторных пасведчанняў. Праведзена больш за 100 кансультацый у сферы дзейнасці органаў ЗАГС.

Запісала Галіна КАЗАК.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о