Напярэдадні юбілею пра вынікі і перспектывы

0
446

Напярэдадні юбілею  пра вынікі і перспектывыМы напярэдадні 500-годдзя Петрыкава. Свята горада – добрая нагода, каб пагаварыць са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Коханам пра агульныя дасягненні жыхароў Петрыкаўшчыны, пра тое, якія перспектывы чакаюць наш горад і што чакае кіраўнік раёна ад грамадзян. Ужо год Аляксандр Васільевіч узначальвае раён, які з першых дзён стаў для яго, ураджэнца Ельскага раёна, блізкім і зразумелым. Вартае павагі і крэда кіраўніка: справу, за якую бярэшся, выконвай максімальна якасна.

– Паколькі на Петрыкаўшчыне пераважае аграрны сектар вытворчасці, то ў першую чаргу хацелася б даведацца пра дынаміку ў развіцці сельскагаспадарчай галіны.

– Так, сапраўды, асноўная колькасць жыхароў раёна, а гэта амаль 13 тысяч чалавек, сканцэнтравана менавіта ў сельскай мясцовасці. У сельскагаспадарчых арганізацыях працуе больш за 1400 чалавек, а гэта – каля 16 % ад усіх, хто задзейнічаны ў сферы эканомікі раёна.
Можна адзначыць той факт, што ў цэлым па раёне ў першым паўгоддзі аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлаводства павялічыўся да ўзроўню 2022 года на 891 тысячу рублёў ці 3,3%. Да студзеня-чэрвеня 2022 года тэмп вытворчасці малака склаў 107,2 % пры сярэднеабласным паказчыку 101,8%.
Аднак у аграрнай сферы раёна ёсць нямала праблем. Мы іх ведаем, увесь час агучваем і шукаем шляхі рашэння. Так, сёлета была праведзена рэарганізацыя некалькіх сельгаспрадпрыемстваў. Спадзяемся, гэта дасць станоўчыя вынікі. Аднак важна памятаць і пра тое, што ўклад кожнага асобнага чалавека ўплывае на агульны вынік. Менавіта так складаецца матэрыяльны дабрабыт асобнага калектыва і, адпаведна, бюджэт кожнай сям’і. У раёне ёсць прыклады, калі старанне дае добры прыбытак. Вядома ж, сельгаспрадпрыемствы адрозніваюцца фінансавымі магчымасцямі, тэхнічным абсталяваннем, узроўнем падрыхтоўкі кадраў, але ў кожнай гаспадарцы ёсць людзі, на майстэрстве і сялянскай цягавітасці якіх трымаецца калектыўная вытворчасць.
На сённяшні дзень наша галоўная задача – нарыхтоўка якасных кармоў.
Хачу падзякаваць аграрыям за самаадданую працу, а таксама нашым прадпрыемствам і арганізацыям, якія падстаўляюць плячо вяскоўцам, за імкненне разам працаваць на вынік.

– Якія маем паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця? Якія задачы сёння стаяць перад раёнам?
– За студзень-чэрвень раёнам забяспечана выкананне 10 з 12 даведзеных паказчыкаў і заданняў развіцця рэгіёна: па намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце маем 114,7% пры прагнозе – 112,5%, па сукупных паступленнях даходаў кансалідаванага бюджэту – 121,5 % пры прагнозе – 96%. Выкананы заданні па аб’ёмах будаўніча-мантажных работ, стварэнні новых арганізацый, зніжэнніўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг), рознічным тавараабароце, экспарце тавараў і паслуг, па энергазберажэнні, уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў.
У той жа час раёну не ўдалося дасягнуць даведзеных заданняў па інвестыцыях у асноўны капітал і вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі – гэта і ёсць нашыя задачы на бліжэйшую перспектыву, – пазначыў Аляксандр Васільевіч.
Адной з галоўных умоў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, па меркаванні старшыні райвыканкама, з’яўляецца захаванне здароўя насельніцтва.
Гэта выдатна разумеюць нашыя медыкі, якія прыкладаюць усе намаганні для зніжэння ўзроўню захворванняў, распаўсюджанне якіх нясе галоўную пагрозу здароўю грамадзян. А каб нашыя грамадзяне маглі атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу, вядуцца работы па перааснашчэнні цэнтральнай раённай бальніцы, праводзяцца бягучыя і капітальныя рамонты аддзяленняў, медустаноў у сельскай мясцовасці. Ведаю, з якім нецярпеннем жыхары раёна чакаюць уводу КТ, адзначу: памяшканне адрамантавана, спецыяліст падрыхтаваны, чакаем пастаўкі абсталявання.
Што да дзейнасці ўстаноў адукацыі, то стварэнне камфортных умоў для навучання дзяцей – гэта толькі адна з задач, якія стаяць сёння перад сістэмай адукацыі. У сучасных рэаліях на першы план выходзіць выхаванне ўсебакова і гарманічна развітай асобы. Так, сёння будучыня нашай дзяржавы напрамую залежыць ад таго, якімі мы выхаваем нашых дзяцей. Нам трэба развіваць у іх пачуццё глыбокай адказнасці і адданасці сваёй Радзіме, бо патрыятычнае выхаванне – гэта аснова фарміравання будучага грамадзяніна.
Варта адзначыць, што ў гэтым напрамку ў нашым раёне вядзецца грунтоўная работа.
Вялікая ўвага ў раёне надаецца рабоце з найбольш уразлівай катэгорыяй насельніцтва, якая мае патрэбу ў дзяржаўнай сацыяльнай абароне. Такія грамадзяне ахоплены рознымі формамі сацыяльнага абслугоўвання. На асаблівым кантролі пытанні працаўладкавання грамадзян.
Не менш значны напрамак – развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму. Для навучання і ўдасканалення фізічных навыкаў навучэнцаў, арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы з дарослым насельніцтвам у раёне ёсць добрая матэрыяльна-тэхнічная база.
Велізарны патэнцыял у раёне маюць установы культуры. Прыемна, што сярод работнікаў культуры шмат кваліфікаваных прафесіяналаў, адданых сваёй справе, якія на годным узроўні прадстаўляюць сваё рамяство і раён на абласным і рэспубліканскім узроўні.
Яшчэ адна агульная задача – гэта навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў. Прыемна, што да агульнай справы далучаюцца ўсе працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, грамадскія аб’яднанні, неабыякавыя жыхары – усім шчыры дзякуй за актыўны ўдзел у нашых акцыях па навядзенні парадку, азеляненні тэрыторый, суботніках. Менавіта дзякуючы сумесным намаганням, нам удалося добраўпарадкаваць гарадскі пляж № 1. Прыемна, што ўжо сёлета ён стаў пляцоўкай правядзення першага ў гісторыі горада раённага турніру па пляжным валейболе. Толькі разам мы зможам зрабіць наш горад прыгожым і ўтульным.

– Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне няпростая. Як, па вашым меркаванні, запаволіць негатыўныя тэндэнцыі?
– Так, смяротнасць перавышае нараджальнасць. Каб запаволіць тэндэнцыю, неабходна рабіць раён, горад прывабнымі, камфортнымі для моладзі. Будаўніцтва жылля і развіццё сацыяльнай інфраструктуры – просты і адначасова складаны шлях, які патрабуе сур’ёзных фінансавых укладанняў. Напрыклад, горадам будзе запатрабаваны плавальны басейн, якога пакуль няма. Але, як вядома, гэтае пытанне на сённяшні дзень ужо вырашаецца. У райцэнтры запланавана будаўніцтва спартыўнага комплексу, у склад якога ўвойдзе і плавальны басейн. Заказчыкам спартыўнага аб’екта выступае ААТ “Беларуськалій”.
Што да школ, то ў раёне шэраг сельскіх устаноў адукацыі не саступае гарадскім: і ўнутранае аздабленне, і дваровая тэрыторыя на ўзроўні.
Жаданне людзей жыць там, дзе лепш – нармальнае. Задача ўлады на месцах – імкнуцца ствараць умовы жыцця не горш, чым у буйных гарадах. Тады адток насельніцтва спыніцца натуральным шляхам.

– Аляксандр Васільевіч, у мінулым годзе быў зменены фармат правядзення прыёмаў грамадзян. У Вашым працоўным графіку з’явіліся выязныя прыёмы, дзякуючы якім жыхары сельскіх населеных пунктаў атрымалі магчымасць напрамую пагутарыць з кіраўніком раёна і задаць свае набалелыя пытанні. З якімі пытаннямі часцей за ўсё на прыём прыходзяць людзі?

– Такія выязныя сустрэчы ўжо праведзены ў 7 з 16 сельсаветаў, і яны будуць працягнуты. Што да тэматыкі зваротаў, то нейкай асаблівай, петрыкаўскай, спецыфікі ў зваротах грамадзян няма. Людзей хвалююць пытанні работы сферы ЖКГ, будаўніцтва жылля, працаўладкавання, землекарыстання, пенсійнага забеспячэння. У гэтым годзе ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года значна знізілася колькасць зваротаў і многія пытанні, якія агучваліся на такіх выязных сустрэчах і падчас асабістага прыёму грамадзян, сёння ўжо вырашаны.
Вядома, прыемна чуць ад землякоў словы падзякі, але я працую не дзеля слоў удзячнасці, а каб людзям жылося добра. Такога падыходу ў рабоце чакаю і ад кіраўнікоў службаў. Галоўнае, адказна і неабыякава падыходзіць да праблем насельніцтва і памятаць, што на першым месцы заўжды быў і будзе чалавек.

– У чым вы бачыце перспектывы раёна? Якія ідэі па сілах сёння рэалізаваць?
– Першае, што ў нас ёсць, – гэта перспектыўная тэрыторыя: 2,8 тысячы квадратных кіламетраў, 16 сельскіх Саветаў і горад. У раёне пражывае амаль 26 тысяч чалавек.
У чым канкрэтна заключаецца перспектыўнасць тэрыторыі раёна? На першае месца я б паставіў лес, да якога мы вельмі рупліва ставімся. Для кагосьці яго багацце – проста грыбы і ягады, для нас жа – гэта экспартна арыентаваная прадукцыя. Лес – гэта і паляўнічыя гаспадаркі. Праўда тут мы на сённяшні дзень недапрацоўваем – перыяд пандэміі і санкцыі скарацілі колькасць турыстаў з далёкага замежжа, але ў паляўнічым турызме мы маем нядрэнны патэнцыял.
Петрыкаўскае рудаўпраўленне, безумоўна, стабільна працуючае і перспектыўнае прадпрыемства. Не трэба быць экспертам, каб разумець, што патэнцыял прадпрыемства мае сур’ёзны. Ёсць перспектыва і ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, пры ўмове выканання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.
Рыбгас “Трэмля”, па маім меркаванні, яшчэ адзін аб’ект, які можа і павінен нарошчваць абароты. Сёння ён недапрацоўвае да належнага ўзроўню, аднак рыбай заўсёды славілася Палессе.

– Каб хапала сіл на ўвасабленне ўсіх планаў і ідэй, кожнаму з нас трэба натхненне. Што з’яўляецца крыніцай Вашага натхнення?
– Завершаная праца. Душа радуецца і хочацца рабіць нешта яшчэ, калі атрымалася рэалізаваць запланаванае. І, канешне, водгукі людзей. Калі жыхары раёна задаволены вынікамі працы выканаўчай улады, тады расце жаданне ісці далей і рабіць яшчэ больш.

– Калі ўжо загаварылі пра планы, якія яны?
– Планаў шмат. Як кіраўнік раёна я перш за ўсё жадаю, каб Петрыкаўшчына развівалася ва ўсіх кірунках: трэба больш актыўна весці будаўніцтва жылля, рамантаваць дарожную сетку, развіваць гандлёвае абслугоўванне, турызм. Свой уклад у развіццё эканомікі раёна больш актыўна павінен уносіць малы і сярэдні бізнес. А гэта значыць, што асаблівую ўвагу мы павінны надаць стварэнню спрыяльнага клімату для прасоўвання прыватных ініцыятыў. Спыняцца на дасягнутым ніяк нельга. Неабходна весці пошук новых інвестараў, фарміраваць прывабны імідж раёна. А новыя працоўныя месцы – гарантыя таго, што моладзь будзе заставацца ў раёне.
Важна, каб нашыя дзеці раслі ў дабрабыце, а людзі сталага ўзросту адчувалі падтрымку і ўвагу – гэта і ёсць мая галоўная задача як кіраўніка раёна.
На ўрачыстасці з нагоды юбілею горада адбудзецца цырымонія прысваення звання “Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна”, хто яго ўдастоены, мы даведаемся ўжо ў гэтую суботу. Заслужаныя ўзнагароды атрымаюць гаспадары самых лепшых у плане добраўпарадкавання падворкаў і сядзіб.
У планах ёсць і нямала іншых праектаў, але пра гэта пагаворым, калі пяройдзем да іх рэалізацыі. Таму што важнейшая за словы – справа.

– Вашыя пажаданні землякам напярэдадні святкавання 500-годдзя райцэнтра?
– Памятныя даты аб’ядноўваюць розныя пакаленні, працай якіх у розны час ствараўся і ўмацоўваўся дабрабыт горада. Нашы дзяды і прадзеды абаранілі мір на зямлі, на сваіх плячах паднялі разбураную за гады вайны гаспадарку, практычна зноўку адбудавалі раён і яго эканоміку. Таму наша агульная задача – умацоўваць дасягнутыя вынікі. Дзякую гараджанам і жыхарам раёна за любоў і адданасць родным мясцінам, за ўменне шанаваць мінулае, каб на яго падмурку ствараць будучыню. Хачу пажадаць моцнага здароўя, працоўных поспехаў, святочнага настрою кожнаму працоўнаму калектыву, кожнаму дому і кожнай сям’і! А нашаму любімаму гораду – светлых перспектыў і міру! Са святам, Петрыкаў!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о