Напярэдадні Дня шахцёра ў актавай зале Петрыкаўскага рудаўпраўлення адбылося мерапрыемства ў гонар працаўнікоў горназдабываючай галіны раёна. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці былі генеральны дырэктар ААТ “Беларуськалій” Іван Галаваты і старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.

На Петрыкаўшчыне ўшанавалі лепшых шахцёраў

У Рэспубліцы Беларусь ёсць толькі два гарады, якія цесна звязаны з прадстаўнікамі адной з самых складаных і ў той жа час самай патрэбнай прафесіі – шахцёра: малады 64-гадовы горад Салігорск і амаль пяцісотгадовы Петрыкаў.
Як адзначыў у прывітальным слове Іван Галаваты, будаўніцтва Салігорскіх калійных камбінатаў вялося ў складзе Савецкага Саюза, а Петрыкаўскае рудаўпраўленне – гэта адзін з найбуйнейшых праектаў маладой суверэннай Беларусі. Горад атрымаў новы стымул для развіцця і наперадзе ў яго багатая гісторыя і ўсё толькі самае лепшае.
– Дарагія калегі, дзякуй вам за нялёгкую самаадданую працу, мэтанакіраванасць, гатоўнасць працаваць на перспектыву. Мы стойка сустракаем выклікі часу, ідзем наперад да нашых мэтаў, развіваем вытворчасць. Віншую кожнага прадстаўніка слаўнай шахцёрскай прафесіі са святам, жадаю вам і вашым сем’ям здароўя, дабрабыту, удачы і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, – пажадаў Іван Іванавіч.
Як пазначыў у сваёй прамове старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан, у прафесійным календары Петрыкаўшчыны Дзень шахцёра – новае свята. Аднак ужо сёння можна сцвярджаць, што прысутнасць прамысловага гіганта прынесла шмат пазітыўных змен у райцэнтр: актыўна ідзе будаўніцтва жылля, уводзяцца аб’екты сацыяльнай сферы.
– Калійная прамысловасць заўсёды займала асаблівае месца ў развіцці эканамічнага патэнцыялу Беларусі. Прыемна, што сённяшні і заўтрашні дзень Петрыкаўшчыны звязаны са станаўленнем і развіццём Петрыкаўскага рудаўпраўлення.
Прафесія шахцёра, па маім меркаванні, адна з самых складаных у свеце і далёка не кожнаму чалавеку пад сілу працаваць у падземных умовах. Ваш прафесіяналізм, адказнасць і ўзаемавыручка выклікаюць глыбокую павагу – прыміце шчырыя пажаданні сямейнага дабрабыту і працоўных поспехаў, – звярнуўся да гарнякоў кіраўнік раёна.
За добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і ў сувязі з прафесійным святам лепшыя працаўнікі прадпрыемства былі адзначаны дырэкцыяй ААТ “Беларуськалій”, кіраўніцтвам Петрыкаўскага райвыканкама і прафсаюзным камітэтам рудаўпраўлення.
Музычным падарункам да свята стала выступленне артыстаў раённага Дома культуры, самадзейных калектываў горада і Петрыкаўскага рудаўпраўлення.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о