Святочна прыбраная зала, яскрава аформлены стэнд “Петрыкаўшчына таленавітая”, групы людзей са зборнікамі вершаў, распавядаючыя пра нешта сваё  – так сустрэў  нас  раённы Дом культуры перад пачаткам паэтычнай вечарыны “И вновь душа поэзией полна”, прысвечанай сусветнаму дню паэзіі.  Арганізатары мерапрыемства – работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Наведвальнікі вечарыны – людзі асаблівыя. Сюды прыйшлі   творчыя, натхнёныя словам землякі, для якіх паэзія – гэта музыка, хвалюючая душу, якая напаўняе іх бязмернай любоўю да чалавека і ўсяго прыгожага. Увага прысутных прыкавана да віноўнікаў урачыстасці, паэтаў Петрыкаўшчыны, зборнікі якіх размясціліся на тэматычным стэндзе. Галіна Веракса, Антаніна Рыбалка, Любоў Арлова, Святлана Тарасевіч – іх творчасць даўно добра знаёмая жыхарам раёна і за яго межамі. У кожнай з іх выдадзены зборнікі вершаў і свой асаблівы шлях, які прывёў да творчасці.
Майстры душэўнага пяра
Паэты Петрыкаўшчыны: Любоў Арлова, Антаніна Рыбалка, Галіна Веракса, Святлана Тарасевіч
Аўтары чытаюць свае творы. У кожнага свая манера чытання, стаўленне да падзей, адносіны з чытачом. Раз-пораз зал “узрываецца” апладысментамі, бо слухачам хочацца выказваць захапленне аўтаркамі. У сваіх вершах яны звяртаюцца да тэмы малой радзімы, у якіх актыўна выкарыстоўваюць мясцовы краязнаўчы матэрыял, а іх героі – людзі высокамаральныя. Аўтары ў сваіх творах кранаюць і вострыя праблемы сучаснасці, і шукаюць шляхі іх вырашэння.
Прыемным момантам на вечарыне стаў факт прысутнасці  творчай моладзі, якая мела непасрэдныя адносіны да святкуемай даты. Вучні 9 “Б” класа  другой гарадской школы Добаш Аляксандр, Іваноў Яраслаў, Кандзюхова Вераніка, Корж Іван, Пасечнік Праскоўя, Чырыч Мікіта пад кіраўніц-твам таленавітага настаўніка Таццяны Серадзюк сталі лаўрэатамі літаратурнага марафона “З любоўю да роднага слова”, фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Як было адзначана ў час мерапрыемства, вучні з настаўніцай з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі творчых конкурсаў. Радуе, што ў падрастаючага пакалення ёсць жаданне працягваць літаратурныя традыцыі землякоў.
Нездарма менавіта вясновы  месяц выбраны для святкавання выдатнага, рамантычнага Дня паэзіі. Сакавік – гэта месяц, які ўвасабляе пачатак, адраджэнне і абуджэнне прыроды. Паэзія заўсёды апявала настрой і цяпло, зараджэнне жыцця, новых пачуццяў і надзей.

Святлана СОБАЛЕВА, 
фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о