Калі ў мінулую суботу выдаўся выдатны ранак, а валяцца ў ложку неяк ужо не хацелася, мусіў я адправіцца хоць штосьці паздымаць і атрымаць асалоду ад прыроды, якая тады яшчэ толькі прачыналася ад зімовага сну.

Накіраваўся на ўчастак паміж былымі цагельным і малочным заводамі. Вакол спявалі птушкі, радавалі вока адценнямі блакітнага і жоўта-зялёнага колеру пейзажы. Неўзабаве, узлезшы на вал ад некалі выкапанага і асушанага вадаёму, я заўважыў на дрэве побач гняздо. Не тое, што здымак гнязда вельмі цікавіў мяне, але для ўласнай калекцыі ці ілюстрацыі якога-небудзь артыкула фота магло б спатрэбіцца. Максімальна наблізіўшы аб’ект я націснуў кнопку спуску затвора.

Людзям – вокны ПВХ, птушкам – гнёзды

На дысплеі з’явілася фота. Выява гнязда была не зусім традыцыйнай. Разам з мінулагоднімі галінкамі ў якасці будматэрыялу птушка выкарыстала паўсядзённае бытавое смецце. Дзіўна, але крыху няўтульна стала мне ад таго, што пабачыў. Зрузумела, што забруджванне навакольнага асяроддзя нясе для чалавека толькі праблемы, але як менавіта гэтае смецце, што стала матэрыялам для птушынага гнязда, адбіваецца на жыццядзейнасці птушак. Мы ж выкарыстоўваем той жа шпагат ці вільготныя сурвэткі і, здаецца, адчуваем сябе ўтульна. Можа, і ў выпадку з птушкамі ўсё не так сумна?

Паразважаўшы, вырашыў звярнуцца да дасведчанага чалавека. Сямён Левы, спецыяліст грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” па прыродаахоўных пытаннях, адзначыў:

– Птушкі даўно выкарыстоўваюць смецце для будаўніцтва гнёзд: сарокі і вароны часта ўплятаюць металічны дрот, часам у гнёздах можна пабачыць падсцілку з сінтэпону, а для чорнага каршуна выкарыстанне смецця ўвогуле вельмі характэрная прыкмета. На здымку гняздо авяльгі, гэтыя птушкі часта выкарыстоўваюць шнуркі для будаўніцтва гнёзд. Мінімальная карысць ад смецця птушкам ёсць – гэты будаўнічы матэрыял дазваляе надзейней умацаваць гняздо або ўцяпліць яго. Але ёсць і небяспека: шнуры могуць наматацца на лапы птушак, і тады лапы адсохнуць. Птушка можа заблытацца ў шнуры, зачэпленым за гняздо, і загінуць. Нядаўна я бачыў сойку, якая загінула, заблытаўшыся за шнурок. Небяспечнымі могуць быць нават маскі, якія цяпер людзі масава носяць. Таму, карыстаючыся магчымасцямі, звяртаюся да чытачоў: перад тым як выкінуць маску ў сметніцу, абавязкова адарвіце ад яе завязкі: нярэдкія выпадкі, калі птушкі заблытваюцца ў масцы, як у пятлі.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о