11 красавіка, у дзень вызвалення ахвяр фашысцкіх канцлагераў, цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла на Гадзіну памяці. Бібліятэкар Алена Сцяфняк нагадала пра страшную старонку гісторыі нашага народа часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Людзі свету! На хвіліну ўстаньце! Бухенвальд, Асвенцым, Трасцянец, Азарычы, Чырвоны Бераг – назвы гэтых канцлагераў ведае кожны жыхар рэспублікі. Гэта імёны смерці. І такіх у часы вайны было чатырнаццаць тысяч. Вязняў падвяргалі страшным катаванням, спальвалі ў печах крэматорыяў, атручвалі ў газавых камерах, марылі голадам і пры гэтым прымушалі працаваць да поўнай знямогі. Уся ўвага прысутных была на экране, дзе паказаны твары знясіленых старых і дзяцей, горы трупаў. Факты ўсім вядомыя, але здаюцца нам за гранню магчымага.
На мерапрыемстве прысутнічаў пракурор раёна Сяргей Таболіч, які паведаміў пра расследванне крымінальнай справы па факце знішчэння нашых землякоў у часы ваеннага ліхалецця.
– Каб не дапусціць вайны, зламаных людскіх лёсаў, кожны грамадзянін нашай краіны павінен памятаць, які кошт Беларусь заплаціла за мірнае неба, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. – Нашы продкі склалі свае галовы, каб у нас была магчымасць радавацца жыццю, вучыцца, працаваць, развіваць краіну.
У час мерапрыемства многія прысутныя не змаглі стрымаць слёз. Чым далей ад нас час адсоўвае пройдзенае народам выпрабаванне, тым усё больш настойліва адчуваецца імкненне многае асэнсаваць, падвесці вынікі і захаваць у памяці.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о