Праводзілі яго галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Васіль Дзямчыхін, намеснік пракурора Петрыкаўскага раёна Вадзім Шыбут і аўтар гэтых радкоў.

Нюансы працоўнага заканадаўства. У Петрыкаве на мінулым тыдні адбыўся прафсаюзны прыём
Да спецыялістаў у гэты дзень звярнулася пяць чалавек. Грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб агучылі шэраг пытанняў, якія ў большай ступені датычацца нюансаў працоўнага заканадаўства.
У прыватнасці, размова ішла аб парадку прадастаўлення кампенсацый за выкананне звышурочнай работы, прадастаўленні аднаго свабоднага ад работы дня ў месяц бацькам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, рэгуляванню працоўных адносін на ўмовах работы па кантракце і іншыя.
Гаворачы аб парадку прадастаўлення выхаднога дня за звышурочную работу, грамадзяніну, які звярнуўся на прыём з гэтым пытаннем, былі дадзены наступныя тлумачэнні. Так, артыкулам 69 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што кожная гадзіна работы ў звышурочны час аплачваецца не ніжэй за двайныя здзельныя расцэнкі для работнікаў са здзельнай аплатай працы і не ніжэй за двайныя гадзінныя тарыфныя стаўкі для работнікаў з пачасовай аплатай працы. Што датычыцца прадастаўлення работніку іншага дня адпачынку за работу ў звышурочны час, то па дамоўленасці з наймальнікам работніку можа давацца іншы дзень адпачынку.
Часта падчас правядзення прыёмаў, прамых і гарачых тэлефонных ліній, якія праводзяцца прафсаюзамі, грамадзяне задаюць пытанне аб прадастаўленні дадатковага вольнага ад працы дня бацькам, якія выхоўваюць дваіх і больш непаўналетніх дзяцей.
Гэта рэгулюе артыкул 265 Працоўнага кодэкса, які абвяшчае, што маці (мачасе) або бацьку (айчыму), апекуну (папячыцелю), якія выхоўваюць дваіх дзяцей ва ўзросце да шаснаццаці гадоў, па заяве штомесяц прадастаўляецца адзін дадатковы свабодны ад працы дзень. У калектыўным дагаворы або іншым лакальным прававым акце можа прадугледжвацца аплата пры прадастаўленні ўказанага дня.
Калі ў сям’і выхоўваецца трое і больш дзяцей ва ўзросце да шаснаццаці гадоў або дзіця-інвалід ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, маці (мачасе) або бацьку (айчыму), апекуну (папячыцелю) па пісьмовай заяве прадастаўляецца адзін дадатковы вольны ад працы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, што праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне працы.
Таксама ў гэтым артыкуле Працоўнага кодэкса запісана, што маці (мачасе) або бацьку (айчыму), апекуну (папячыцелю), што выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да васемнаццаці гадоў, па заяве штомесяц прадастаўляецца адзін дадатковы вольны ад працы дзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне працы.
У двух апошніх выпадках такім дакументам, які рэгулюе парадак і ўмовы прадастаўлення дадатковага свабоднага ад работы дня, з’яўляецца Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 2014 года № 34, якой зацверджаны адпаведныя інструкцыі.
У час правядзення прафсаюзнага прыёму гучалі і іншыя пытанні. Так, па судовай абароне жыллёвых правоў, парадку атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь, атрымання льготнага крэдыту на рамонт жылых памяшканняў, выкарыстання мацярынскага капіталу тлумачэнні даваў намеснік пракурора раёна Вадзім Шыбут.
Трэба адзначыць, што праве-дзены прыём грамадзян праходзіў не толькі ў фармаце “пытанне-адказ”. Васіль Дзямчыхін таксама сустрэўся з працоўным калектывам ДУК “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк”. Тэматыка гэтай прававой гутаркі закранала пытанні прававога рэгулявання змянення працоўнага дагавора, прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў.
Прававыя прафсаюзныя прыёмы працягваюцца. Сачыце за навінамі.

Галіна ШЧЭРБАК,
старшыня Петрыкаўскага раённага аб’яднання
прафсаюзаў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о