У КСУП “Запаветы Ільіча” 18 ліпеня механізатары прыступілі да ўборкі зерневых

Мы набліжаліся да поля каля дарогі, што вяла да Бабунічаў. Залатыя каласы жаў камбайн “Палессе”, трактар “Беларус” акуратна прыбіраў і прасаваў салому ў цюкі, а грузавы МАЗ чакаў, калі першае зерне гэтага ўраджаю напоўніць яго кузаў. Прыгожа і ладна атрымліваецца, адзначыў я пра сябе, набліжаючыся за працоўнага звяна палеткаў “Запаветаў Ільіча”. Усе яны розныя, але аб’ядноўвае іх агульная справа.
Дзмітрый Гарошка шчыруе камбайнерам. З 2017 года ён працуе ў гаспадарцы, але ўжо не першы год атрымлівае ганаровае званне перадавіка-хлебароба. Мужчына прызнаецца, што ніякай таямніцы ў яго поспехах няма, галоўнае – адданасць справе і добрасумленнасць у час выканання задач.

Жніво пачалося  на бабуніцкіх палетках
Аляксандр Паўтаран, Уладзімір Касеец, Яўген Макоўскі і Дзмітрый Гарошка шчыруюць на жніве ў гаспадарцы “Запаветы Ільіча”

У справе Дзмітрыю дапамагае Яўген Макоўскі. Спецыяліст адзначае, што ў хуткасці сядзе за руль асобнага камбайна, бо жніво не чакае. Літаральна днямі механізатар узараў 250 гектараў раллі пад азімую сяўбу.
У сям’і Яўгена шасцёра дзяцей. Зразумела, у гэтую спякотную ва ўсіх адносінах пару мужчына праводзіць з сям’ёй не так багата часу, як хацелася б, але заўважае, што родныя звыкліся і разумеюць важнасць бацькоўскай працы.
– Іншыя выпраўляюцца на заробкі, увогуле дзяцей не бачаць месяцамі. Я ж задаволены тым, што годна зарабляць можна і ў нас у сельгаспрадпрыемстве, таму змяняць месца працы не планую, – адзначыў мужчына.
– Калі фатаграфавацца, дык толькі з нашым “галоўным аграномам” – заўважае адзін з суразмоўцаў, паказваючы на бусла, што хадзіў недалёка ад камбайна. Вадзіцель грузавіка Аляксандр Паўтаран заняты на адвозцы зерня, планамі дзеліцца неахвотна. “Яшчэ рана загадваць, бо ў нашай справе многае залежыць ад надвор’я, але вядома, чакаем ураджайнасці не горшай, чым летась!”
Уладзімір Касеец займаецца прэсаваннем саломы ў цюкі. За дзень, мяркуючы па мінулым сезоне, пасля яго работы на палетках з’яўляецца 120-140 цюкоў. “Тэхніка ў полі, будзем намагацца справіцца са жнівом тэрмінова”, адзначае трактарыст.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о