Інфармацыйная нагода для гэтага матэрыялу звонку здавалася надзённай – камунальная служба набыла новы смеццявоз за ўласныя сродкі. Здавалася б, справа звычайная, але зварот да камунальнікаў за даведкай перарос у гутарку пра вываз адходаў з горада і экалагічнае выхаванне насельніцтва.
Як адзначыў майстар санітарнай ачысткі КУП “Петрыкаўскі райжылкамунгас” Аляксандр Саўлевіч, новая тэхніка была набыта не на змену іншай транспартнай адзінкі, а менавіта для папаўнення аўтапарку.

Крок да захавання чысціні
– У паўночнай частцы горада было пабудавана амаль паўсотні шматпавярховых дамоў і гэты факт сам па сабе гаворыць пра павелічэнне нагрузкі на службу санітарнай ачысткі. Акрамя гэтага, у праект пабудоў былі закладзены кантэйнеры для смецця састарэлага ўзору, прыбіранне смецця з якіх патрабуе бакавой загрузкі, а такая тэхніка ўжо ўвогуле не вырабляецца. З гэтай прычыны састарэлыя кантэйнеры саступілі месца новым смеццевым скрыням задняй загрузкі, для абслугойвання якіх быў набыты і сучасны смеццявоз. Таксама на патрэбы новага мікрараёна было набыта восем камплектаў кантэйнераў для збірання другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Вядома, маршрут новага смеццявоза не абмяжоўваецца толькі мікрараёнам “Паўночны” – машына дапаможа зменшыць нагрузку і на астатнюю тэхніку. “Былая адзінка тэхнікі, на змену якой прыйшла новая машына, накіруецца для абслугоўвання капаткевіцкай зоны, – адзначыў спецыяліст.
Увогуле смеццявоз дапаможа часцей вывозіць смецце з кантэйнераў, што паступова вырашыць праблему перапоўненасці скрынь на адпаведных пляцоўках – гэта адна з асноўных задач камунальнікаў у гэтым напрамку. Але трэба разумець, што такой сітуацыі магло б і не быць, калі б асобныя гаспадары не вывозілі буйныя рэчы і будаўнічае смецце ў скрыні, якія прызначаныя толькі для побытавых адыходаў.
Што тычыцца пытання раздзельнага збору смецця на раёне, то сітуацыя тут з цягам часу паляпшаецца, але не так хутка, як хацелася б. “Асобныя кантэйнеры, які атрымалі ў карыстанне прыватныя домаўладанні, зразумела, даюць свой плён у нарыхтоўцы другаснай сыравіны, але складваецца ўражанне, што далёка не кожны чалавек разумее, навошта праводзіцца гэтая работа. Літаральна ўчора збіралі другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў прыватным сектары, а з скрыні для пластыку аднаго з гаспадароў пасыпаўся попел… Сітуацыя, здавалася б, смешная, але з яе вынікае мноства пынанняў: як усялякае смецце трапляе ў кантэйнеры, якія зразумела падпісаны “шкло”, “пластык”, “папера”? чаму ў насельніцтва існуе такая трывалая абыякавасць да навакольнага асяроддзя? “Як тады раздзельнаму збору смецця навучацца нашы дзеці, калі бацькі літаральна паказваюць адваротны прыклад паводзін?”, – дзеліцца думкамі Аляксандр Васільевіч.
Вось і атрымліваецца, па прыблізных падліках спецыяліста, што камунальная служба на сённяшні дзень гатовая да раздзельнага збору смецця на 50-60 % ад агульнай яго колькасці, а насельніцтва гатовае да гэтай працэдуры на 10-15 %, хоць станоўчая дынаміка і назіраецца.
Разам з тым нарыхтоўка другаснай сыравіны арганізвана ў раёне на належныў ўзроўні. За пяць месяцаў на Петрыкаўшчыне сабрана 70 тон шкла і 68 тон макулатуры, пры гадавым плане ў 120 і 130 тон адпаведна.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о