Казка пра зімовае шапказакідальніцтваНе ведаю, даражэнькія чытачы, ці чулі вы гэтую казку, ці не? – але, здаецца, не лішнім будзе нагадаць вам гэты даволі злабадзённы сюжэт.

 Казка пра зімовае шапказакідальніцтва

Сустрэліся, неяк, зіма і петрыковец. Зіма не тое, каб занадта нахабны нораў мела, але цану сабе ведала і пачала размову сувора: “Рыхтуйся, чалавеча, хутка маразы напушчу, змерзнеш ты, што зуб на зуб не трапіць!”. А петрыковец толькі ўсміхаецца з хітрыкам палескага позірку ды адказвае: “Маўчы, дурніца! Цёплую вопратку я даўно прыдбаў і абутак у дадатак. Дровы ўжо паколатыя мне па замове прывезлі. Ды і што дарма плявускаеш, якія ў цябе там маразы?! Навукоўцы даўно кажуць, што цяплее клімат, ды і ты сёлета хіба не самая цяплейшая будзеш, за апошні час!.. Ты магчыма забылася, дык я нагадаю, як у 2017 годзе, акурат перад Новым годам пад райвыканкамам ружы квітнелі. Здымак каляровы яшчэ ў раёнцы быў на першай старонцы!”.

Апусціла вочы зіма, сорамна стала, што чалавек яе не баіцца. Але памаўчала крыху і зноў мовіць: “Сцеражыся, петрыковец, уночы ўсю вільгаць на шляхах у лёд ператвару, склізкі-склізкі! Завея снегам прыцярушыць і зробіць з вашага горада вялікую коўзанку!”. А мужык патыліцу пачухаў, і кажа: “Ну, тут твая праўда, прыйдзецца быць уважлівым ды спрытным. Але ты што сабе думаеш, мы за столькі гадоў пад ногі глядзець не навучыліся? Усе твае ледзяныя пасткі на памяць ведаем! Хоць бы і ў поўнай цемры, няхай і з заплюшчанымі вачыма на добрым падпітку я па сваіх вуліцах ды сцежках, дзе ліхтары з часоў Цара-гароху святлом не ззяюць, усё роўна дайду. У нас тут кожны гэтую навуку засвоіў: на Камунгас спадзявайся, але па ногі глядзі. Пужаныя мы тваімі коўзанкамі. А калі што, дык і ўрачы ёсць, каму не пашчасціла – дапамогуць!”.

Казка пра зімовае шапказакідальніцтва

Раззалавася зіма, што а ні кроплі засцярогі ў петрыкоўца не з’явілася. Але потым, падняўшы сівое, нібы срэбранае, брыво, пранізліва так запыталася: “Дык ты кажаш, што крочыш па вуліцы, ды ўсё пад ногі сваі паглядаеш?”.

Казка пра зімовае шапказакідальніцтва

– Вядома! – адказаў петрыковец: – Ты сама паспрабуй тут прайсці. Калі падымеш да гары галаву, абавязкова зачэпішся ці падслізнешся. А калі маразоў няма, то дакладна ўсе лужыны перамераеш. Колькі ўжо разоў такое было – стаў, здаецца, на снег, а ўжо адчуваеш, як вада ў ботах чвякае. Таму па ногі глядзець – гэта першасная, так бы мовіць, задача петрыкаўскага мінака. Ёсць, праўда, у мяне адзін знаёмы, Авось яго клічуць…

– Антось? – недачула зіма.

– Ды не Антось, а Авось! Авось Выпадковіч, калі афіцыйна. Дык той заўсёды шпацыраваў задраўшы патыліцу. Па-першасці ўсе дзіву даваліся: абміналі яго непрыемнасці. Усе, другі раз, крочаць сабе ціхенька, ледзь ногі перасоўваюць, а той шырокай хадою па самай склізаце – і нічога. Тое ж і ўвесну: здаецца, у самую гразь, не абыходзячы лужын ідзе, вакол яго пырскі бруду, нібы з фантана, а ён – чысцюткі. Гэта яшчэ што! Дома ў яго груба была – расколіна на расколіне, але неяк жыў. Бывае зайдзеш да яго ў хату, з аднаго кута дым з печы свішча, з другога Авось у ложку ляжыць ды цыгарэтай пыхціць. Хоць і быў на гарышчы комін, але жытло нібы па чорнаму тапілася.

– Дык што той Авось? – не вытрымала зіма.

– У бальніцы зараз ён. І што цікава, ніколі ён раўнавагі не страчваў, а тут пайшоў па дровы і паслізнуўся пасярод свайго ж падворку. Таму першае правіла бяспекі: глядзі пад ногі, – заўважыў мужчына.

“Калі так”, – прамовіла зіма: “Я вас снежнымі шапкамі ды ледзяшамі закідаю!”.

Падняў петрыковец вочы, хіба не першы раз з часоў сёлетніх халадоў, і сапраўды… Здаецца і снегу не так багата было, а шапкі на гарышчах вялікія, нібы булкі ў печы паспелі. Спалохаўся крыху мужчына, дзе-нідзе снег ажно споўз на ўскрайкі стрэх і нібы чакае, пакуль які-небудзь небарака пад ім пройдзе, каб упасці мінаку акурат на галаву. Агледзеўся петрыковец, а небяспека багата дзе схавалася, перад уваходамі ва ўстановы, арганізацыі, па-над дзвярыма крамаў. А там, дзе дых не надта круты, сцякаючая вада ўтварыла ледзяшы. Іншыя з іх невялікія, нібы ёлачныя цацкі, але асобныя экзэмпляры памерам з кавеньку – тоўстыя, каламутныя важкія. Таго і глядзі, пад сваёй вагою адправяцца ў вольнае падзенне.

Казка пра зімовае шапказакідальніцтва

Нічога не адказаў зямляк. Моўчкі азірнуўся, праклаўшы позіркам шлях далей ад небяспечных дахаў будынкаў. А дома ўзяў пешню, пасыпаў пяском падворак і пайшоў збіваць ледзяшы ды ссоўваць снег са стрэх. Увечары сабраў родных вакол і строга заўважыў, каб глядзелі не толькі пад ногі, але і па-над галавою. А на наступны дзень патэленфанаваў у раёнку, ды і кажа: “Вы што, зусім вачэй да неба не падымаеце? Азірніцеся! Хопіць сядзець у сваёй утульнай рэдакцыі, патэлефануйце хоць дырэктарам ды гаспадарам тых устаноў ды крам, няхай хоць папярэджанні павесяць ды абгародзяць тыя небяспечныя ўчасткі!”.

Казка пра зімовае шапказакідальніцтва

Вось такая казка, пад якой дарэчы будзе подпіс: Усе персанажы сапраўдныя. Любыя супадзенні з рэчаіснасцю невыпадковыя.

Дзед Даніла.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о