Петрыкаў папаўняецца маладымі кадрамі, што вельмі радуе. Аднак нават пастаянна ўнікаючы ў сваю працу, не ўсе ж вечары прысвячаць толькі прафесіі! Мозгу карысна і вельмі патрэба пераключацца на новы занятак і такім чынам адпачываць. Што прапануе наш горад маладым людзям у вечаровы час?

Давайце ўявім: у развіваючыся горад Петрыкаў прыехала дзяўчына з імем Лена. Яна толькі што скончыла ўніверсітэт у Гомелі і ўпершыню трапіла ў раённы цэнтр. З 8:30 да 17:30 яна на працы. На новым месцы яшчэ няма новых сяброў, недзе ж іх трэба заводзіць! Што рабіць? Вядома, калегі раскажуць пра мясцовую спартзалу, дзе можна трэніравацца па вечарах на прафесійных трэнажорах або наведваць фітнес. А калі здароўе не дазваляе? Раскажуць калегі і пра кафэ, дзе можна ўтульна пася-дзець і смачна паесці, але не кожны ж вечар, і нават не тры разы на тыдзень, бо прыемнасць таксама не з танных!

Наша выдуманая, але вельмі рэальная гераіня, задаецца пытаннем, куды пайсці? Дзе знайсці занятак па душы? Перш за ўсё яна адкрывае інтэрнэт. Заходзіць у пошукавую сістэму і набірае такі тэкст: куды пайсці ў Петрыкаве? Сістэма ёй імгненна выдае: “11 прычын наведаць Петрыкаўшчыну, парады сектара спорту і турызму. Падарожжа па мясцінах Палесся ці адпачынак для душы!”, шматлікія рэпартажы пра прыроду Палесся ад нашых калег. Толькі паляванне і рыбалка не прыцягваюць маладую дзяўчыну! Але ні слова пра канкрэтную занятасць!

Калі гэта дакор у бок журналістаў, што мы недастаткова асвятляем тэму, то выпраўляемся тут жа!
Маладая дзяўчына можа знайсці сябе не толькі ў спорце ці ў баўленні часу за кубачкам кавы ў мясцовых установах. Можна звярнуцца ў школу мастацтваў, дзе ў вячэрні час працуе музычная студыя для жадаючых засвоіць той ці іншы музычны інструмент, ёсць і аддзяленне жывапісу, дзе можна пазнаё-міцца з асновамі кампазіцыі ў выяўленчым мастацтве і іншае. Раённы Дом культуры прапануе навучыцца спяваць у жанры эстрады, праявіць свае акцёрскія здольнасці ў Клубе аматараў тэатра, у суботу наведаць дыскатэку. Можна запісацца ў прыватную танцавальную студыю “Анджэліна” і нават потым выступаць на раённых мерапрыемствах.
І на гэтым усё. Канкрэтна ў будныя дні моладзі больш заняць сябе няма чым і няма дзе. Вы скажаце, што цалкам дастаткова і таго, што апісана вышэй. І я нават з вамі пагаджуся! Але ці задаволіць гэта нашу Лену?

Наша гераіня слушна спытае, а чаму няма гурткоў па рукадзеллі? Дзе навучыцца шыць, вышываць, вязаць? Дом рамёстваў, на жаль, у вячэрні час не працуе. І ўжо няма магчымасці навучыцца майстэрству разьбы па дрэве, вырабе народных лялек, якімі так славіцца ўстанова, гарбарнай справе…

Крытыкуеш – прапаноўвай, зноў скажаце вы. І я прапаную.

Гораду патрэбен такі маладзёжны цэнтр (досыць пакоя для пачатку), дзе можна не толькі нешта атрымаць, а і прапанаваць!
Калі ёсць хлопцы з матэматычным складам розуму і цягай да камп’ютараў – курсы вэб-дызайну, праграмавання, стварэння вэб-сайтаў. Курсы з бізнес-ухілам таксама не пашкодзяць. Маленькае мястэчка – выдатная крыніца даходу. Калі ўмець правільна распараджацца наяўнымі рэсурсамі. Таваразнаўцы, маркетолагі, тэхнолагі – не апошнія прафесіі. А добрага агранома часам складаней знайсці, чым чалавека з рознакаляровымі вачыма. Фінансавая дасведчанасць ніколі лішняй не будзе. Таго глядзі і сяло можна падняць у эканамічным плане. Для забаўкі і павышэння камунікатыўных навыкаў можна арганізаваць драм-гурток, каманду КВЗ, хор, танцавальную трупу, курсы аратарскага майстэрства, сабраць творчую групу, скажам для выступленняў і падрыхтоўкі да свят.

Хто будзе на чале такога цэнтра? Сама моладзь! А ўжо наша рэдакцыя абавязкова прапіярыць такую ўстанову!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о