Карыснае лета

У Петрыкаве пачалася летняя аздараўленчая кампанія для школьнікаў

Папулярнасць летніх аздараўленчых лагераў расце кожны год. Бацькам зручна, таму што дзіця пад наглядам, дзецям – таму што ёсць магчымасць адпачыць і атрымаць свой першы заробак.
Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Несцярчук, ва ўстанове гімназіі горада Петрыкава лагеры падзелены на два тыпы. Першы – працоўны, для дзяцей 14 гадоў і старэй. Другі – аздараўленчы, для дзяцей 6-10 гадоў.
– Старэйшыя дзеці прыходзяць у працоўны лагер, каб зарабіць грошы, – падзялілася Наталля Васільеўна. – Шырокія магчымасці для працаўладкавання дае наш лагер працы і адпачынку “КРУТО”. Супрацоўніцтва ў нас тут наладжана з Петрыкаўскім райжылкамгасам. Школьнікі, як правіла, выконваюць нескладаную работу – гэта акультурванне тэрыторыі нашага раёна, высадка і паліў кветак, раслін і дрэў. Малодшыя рабяты ў лагеры “Зорачкі” ў нас бавяць час і атрымліваюць новыя веды праз пазнавальныя гульні, дзякуючы супрацоўніцтву з ваенным камісарыятам прысутнічае і патрыятычнае выхаванне. Адпачынак у лагеры – гэта заўсёды самая яркая, запамінальная старонка ў школьным жыцці любога дзіцяці.
Наталля Васільеўна ўдакладніла, што вучні маюць паўнавартаснае трохразовае харчаванне.
– Акрамя гэтага, мы праводзім прафілактычныя гутаркі пра бяспеку жыццядзейнасці ў перыяд летніх канікулаў, – працягнула намеснік дырэктара. – Напрыклад, на сустрэчы з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама Наталляй Ходзька вучні абмяркоўвалі адказнасць за розныя супрацьпраўныя дзеянні. Асаблівую ўвагу звярнулі на выкананне правілаў дарожнага руху, правілаў паводзін на вадзе, прыгадалі месцы, забароненыя для купання ў Петрыкаўскім раёне.
Сёння ў нашых дзяцей ёсць цудоўная магчымасць знайсці новых сяброў, добра правесці час і, вядома ж, умацаваць сваё здароўе.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о