Кармамі будзем забяспечаны

0
1757

Кармамі будзем забяспечаныДнямі мы завіталі на сельгаспрадпрыемства ААТ “Курыцічы”, каб пацікавіцца станам спраў гаспадаркі, у тым ліку на палявых работах. Размова з дырэктарам Мікалаем Сялюком завязалася даволі доўгая і змястоўная.

– Што да агульных клопатаў, то зараз мы займаемся добраўпарадкаваннем на адной з ферм: пабялілі хлявы, замянілі агароджу прылягаючай да пабудоў кашары, зараз дарабляем новы кормараздатачны стол. У хуткім часе будзем вывозіць арганіку, якой накапілася нямала каля гэтай фермы. Гэта, вядома, кропля ў моры планаў па добраўпарадкаванні, але менавіта так, па крыху і наводзіцца парадак, – падзяліўся Мікалай Уладзіміравіч.
Што да жніва, то зараз у гаспадарцы поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, у прыватнасці – зялёнай масы. Па словах кіраўніка, ад першага ўкосу траў чакалі лепшага, але сітуацыю выправіў другі ўкос і ўдалося нарыхтаваць 6810 тон, што на 2427 тон болей, чым у мінулым годзе. Што да сіласа, то яго ў сельгаспрадпрыемстве ўжо нарыхтавана 9195 тон, пры сёлетнім плане ў 8800.

– Атрымліваецца, што план мы ўжо перавыканалі і працягваем гэта рабіць. На гэты сезон нам была пастаўлена задача стварыць запас у 32,8 кармавых адзінак на ўмоўную галаву БРС, а на сённяшні дзень мы маем ужо 38,7 – што складае 118%.
У планах нарыхтаваць зялёнай масы мінімум 11 тысяч тон, каб да мая-чэрвеня наступнага года выкарыстоўваць свае кармы і перайсці на аднатыпны рацыён. Я так разумею, вас цікавіць і ўраджайнасць: зараз яна складае каля 260-ці цэнтнераў сіласа з гектара. Напачатку работ па ўборцы “царыцы палёў” на зялёную масу ўраджайнасць складала каля 400 цэнтнераў з гектара, а зараз трапляюцца ўчасткі, дзе яна мае каля 100 цэнтнераў. Звязана гэта з тым, што ў гэтыя дні мы ўжо збіраем кукурузу, якую пасеялі на палетках, дзе загінулі азімыя. Калі першая кукуруза атрымала ў свой час досыць вільгаці і сонца, і дала належны ўраджай, то культура, якую пасеялі пазней, узрастала не ў такіх спрыяльных умовах надвор’я: за перыяд з мая і да першых жнівеньскіх дажджоў наша гаспадарка перажывала тэрмін у 62 дні без ападкаў. Сітуацыю выратавала бездакорнае выкананне тэхналагічнага рэгламенту вырошчвання: хімічная праполка, поўная падкормка азотнымі ўгнаеннямі. Нават удалося прыкладна палову ўчасткаў падкарміць двойчы.
Што тычыцца ўраджайнасці кукурузы на зерне, то зараз гэты паказчык каля 42-х цэнтнераў з гектара. Пад гэтыя патрэбы ў нас адведзена 180 гектараў пасяўной плошчы, – увёў у курс справы Мікалай Сялюк.
Пэўна, адно з самых вострых пытанняў для аграрнай галіны – кадравае. У курыціцкай гаспадарцы ўкамплектаванасць працаўнікамі складае каля 80 %. Як на прадпрыемстве, так і па раёне ўвогуле, назіраецца недахоп ветэрынараў. Але выпускніца мясцовай школы выказала жаданне звязаць свой лёс з ветэрынарыяй і з ёй быў заключаны мэтавы дагавор – зараз дзяўчына навучаецца ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

– Акрамя гэтага робім заяўкі і чакаем іншых спецыялістаў. Што да механізатараў, то тут штат у нас укамплектаваны – іх 17 чалавек. Заробкі ў іх розныя, але залежаць яны ад вынікаў работы. Так, адзін з механізатараў атрымаў мінімальную заробную плату, але ёсць і іншы прыклад: адзін ініцыятыўны спецыяліст, што здолеў і належна сабраць ураджай зерневых і якасна, з захаваннем тэхналогіі, пасеяць азімы рапс, атрымаў за мінулы месяц звыш 3-х тысяч рублёў. Толькі трэба заўважыць, што апошнія віды работ ён ажыццяўляў у святле фар свайго камбайна.
Што да сярэдняга заробку, сярод трактарыстаў і камбайнераў, то ён складае каля 1200 беларускіх рублёў, – падзяліўся лічбамі Мікалай Уладзіміравіч.
Нам застаецца пажадаць аграрыям выдатнага надвор’я і надзейнай працы тэхнікі для завяршэння палявых работ і падзякаваць за іх працу, што забяспечвае наш дабрабыт і харчовую бяспеку краіны.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о