Канцэртны вечар з Аляксандрам Саладухам – галоўная музычная падзея вясны

0
324

19 сакавіка ў раённым Доме культуры адбудзецца прэзентацыя 14-га сольнага альбома заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі “Мы живы”. Журналісты “Петрыкаўскіх навін” звязаліся з мэтрам беларускай эстрады, каб даведацца пра шоу, творчыя планы куміра беларусаў.

Канцэртны вечар з Аляксандрам Саладухам – галоўная музычная падзея вясныАляксандр Саладуха адзін з тых беларускіх артыстаў, які са сваімі канцэртамі пабываў ва ўсіх кутках краіны. На Петрыкаўшчыне спявак быў не аднойчы: папярэдні раз у сакавіку 2022 года са сваёй праграмай “Маладыя пацаны”. Землякі, якія наведалі праграму, захоплена прызнаваліся: гэта было запамінальна, цудоўна, мора настрою і прыемных момантаў. Для нас, журналістаў, мець зносіны з зоркай эстрады заўсёды свята: яго пазітыў, унутраны драйв, творчыя інавацыі заўсёды ўражваюць.

– “Мы живы” – мой чатырнаццаты альбом, праца над якім вялася два гады. У яе ўвайшлі дванаццаць кампазіцый. Большая частка будзе прадстаўлена ў першым аддзяленні канцэрта, – падзяліўся выканаўца. – У другім аддзяленні гледачоў чакаюць “залатыя хіты” з папярэдніх трынаццаці альбомаў, а таксама дзве прэм’еры з будучага, пятнаццатага альбома, над стварэннем якога ўжо вядзецца работа. Гэта песні “Играй музыкант”, якая прагучала ў гэтым месяцы на тэлеканале АНТ на “Песні года”, і кампазіцыя “Рассвет”, якую гледачы пачулі таксама сёлета на галоўным канале краіны.
Канцэртная праграма “Мы жывы” была прадстаўлена беларускаму гледачу ў лютым 2023-га. За плячыма артыста і яго каманды 60 канцэртаў летась і столькі ж запланавана на гэты год. Вядомы спявак падзяліўся, што ў перапынку паміж аддзяленнямі, пакуль ён будзе мяняць канцэртны касцюм, на сцэне выступіць малады аўтар і выканаўца Цімур Прахін, выхады якога заўсёды праходзяць на “ўра”. Раней такая роля адводзілася яго сынам-двайнятам, удзельнікам групы “Элемент”. “Каля 15 гадоў на маіх канцэртах выступалі сыны Аляксандр і Антон. На гэтую праграму мы вырашылі запрасіць Цімура і эксперымент сябе апраўдаў, – прызнаецца артыст.
Аляксандр Антонавіч адзначыў, што гэты альбом напісаны паводле аднайменнай кампазіцыі. Песня “Мы живы” напісана на музыку беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, з якім выканаўца супрацоўнічае каля 36 гадоў, словы – журналісткі са Жлобінскай газеты “Новы дзень” Юліі Андросавай.

– Беларусь жывая, жыве і бу-дзе жыць. Нягледзячы ні на якія санкцыі, каронавірусы, ні на якія іншыя пагрозы. Песня актуальная для ўсяго беларускага народа і не сакрэт, што яе заўсёды зала спявае са мной разам, – адзначыў кароль беларускай эстрады. Пацікавіліся мы і пра хвалюючае шматлікіх прыхільнікаў пытанне – магчымасць зносін з любімцам публікі пасля канцэрту. Артыст запэўніў, што па традыцыі пасля выступлення, хвілін праз 10-15 ён выходзіць да прыхільнікаў, раздае аўтографы і праводзіць фотасесію.

Журналісты раённага выдання не абышлі бокам тэму прафесійнай дзейнасці артыста. Як вядома, у студзені бягучага года Аляксандр Саладуха адзначыў свой 65-гадовы юбілей. На тэлеканале АНТ у гонар падзеі адбылося ток-шоу “Ещё не вечер”, дзе сабраліся сябры, калегі родныя беларускага выканаўцы. 1 сакавіка споўнілася 37 гадоў, як спявак на прафесійнай сцэне. І як у пачатку сваёй музычнай кар’еры ён любімы і запатрабаваны публікай. Акрамя канцэртнай дзейнасці артыст чаканы госць многіх тэлепраграм: летась разам з Эдуардам Ханком пабываў на тэлешоў Андрэя Малахава “Привет, Андрей”, прымаў удзел у новых айчынных праектах першага канала: “100 пытанняў даросламу”, “Зорны шлях”. У мінулым месяцы стартавалі эфіры “Фактор.BY60+”, дзе Аляксандр з’яўляецца адным з членаў журы. Кумір публікі пастаянны ўдзельнік “Вечароў у Мірскім замку”, Александрыі, сёлета ўпрыгожваў сваёй творчасцю “Міс Беларусь”. Як усё паспявае артыст і адкуль бярэ сілы?

– Сілы бяру ад зямлі беларускай, ад прыхільнікаў, сям’і. Каб быць па-сапраўднаму шчаслівым – трэба знайсці сваю любімую справу, аддавацца ёй на ўсе 100, верыць у сябе. Неабходна настройвацца на пазітыў, толькі на перамогу і тады будзе ўсё атрымлівацца. Калі пытаюцца ў мяне: як трэба жыць? Адказваю – з радасцю, усмешкай, рабіць дабро і любіць сваю Радзіму, – адзначыў артыст. – Карыстаючыся, магчымасцю віншую цудоўных жанчын Петрыкаўшчыны з надыходзячым святам 8 сакавіка. Усяго вам, мілыя і прыгожыя, самага добрага, светлага і вясновага. Кахайце і будзьце каханыя. Да сустрэчы на вашай гасціннай зямлі!

Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о