Вясновае добраўпарадкаванне ў райцэнтры працягваецца. Агульнымі намаганнямі, з улікам двух суботнікаў, горад больш-менш прыведзены ў парадак. З’явілася некалькі новых утульных куточкаў з вечназялёнымі раслінамі – выглядаюць яны даволі прыгожа і па-сучаснаму стыльна. Але ж на сыходзе май месяц, а кветак у горадзе ўсё яшчэ няма. Так, некаторы час сваёй разнастайнасцю нас радавалі цюльпаны на гарадской плошчы, аднак гэта толькі адзінкавы эпізод і агульную атмасферу квітнеючага ў рознакаляровай палітры кветнікоў горада ён, на жаль, не стварыў.

Ды і ўвогуле, тыя тры колы-клумбы, што маюцца ў райцэнтры, некалькі алей у гарадскім парку, цэнтры горада і на вядучых вуліцах – недаравальна мала, звярнуў увагу на апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.

Што тут яшчэ дадаць – усё так і ёсць. А калі ўлічыць, што сёлетні год для райцэнтра юбілейны, то зусім неяк сумна становіцца. Вясновае добраўпарадкаванне ў камунальнікаў можна параўнаць з пасяўной у сельгаснікаў: калі разлічваеш на вынік – работы трэба праводзіць у вызначаны тэрмін. Таму ў бліжэйшы час азеляніцелям варта паскорыцца, каб да летняй спёкі высаджаныя кветкі паспелі прыжыцца. Ну а мы ў сваю чаргу звяртаем увагу на клумбу ў раёне першага гарадскога пляжу, якая таксама мае патрэбу ў добраўпарадкаванні. У месцы яна знаходзіцца шматлюдным, таму добра будзе, калі парадуе адпачываючых яркімі фарбамі.

Пагадзіцеся, каб стварыць прыгажосць вакол сябе, зусім не абавязкова укладваць у яе вялікія рэсурсы. Часам дастаткова з любоўю, клопатам і неабыякавасцю ставіцца да месца, дзе жывеш, і справы, якая табе даручана, а таксама трымаць у належным стане тое, што маеш.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о